Аляксандар Казулін

Аўстрыйскае выданьне «Der Standard» зьмясьціла сёньня інтэрвію з палітыкам Аляксандрам Казуліным, які адбывае турэмнае пакараньне ў калёніі «Віцьба‑3». Пытаньні газэты былі перададзеныя палітвязьню празь яго дачок у часе нядаўняга наведаваньня імі бацькі.

«Der Standard»: Якія Вашы жыцьцёвыя ўмовы ў турме?

Kазулін: Дзе б я ні быў, я адчуваю сябе вольным чалавекам. Шмат людзей, якія знаходзяцца на волі, насамрэч, увогуле не свабодныя. Я кажу пра духоўны палон.

Умовы ў турме нармальныя для карнай сыстэмы Беларусі. Калі б сюды трапілі людзі з Захаду, яны б былі шакаваныя ўсім.

«Der Standard»: Чаму Вы не прынялі прапановы паехаць у Нямеччыну з тым, каб там змаглі лекаваць вашу жонку? У прынцыпе гэта быў дакладны дазвол пакінуць Вашу радзіму, каб прасіць прытулку за мяжой?

Kазулін: Беларускае кіраўніцтва спрабавала зрабіць манэтай абмену самае сьвятое, а менавіта — здароўе маёй любімай жанчыны ды дабро маёй сям’і. Ні я, ні мая сям’я не маглі так нізка апусьціцца. Больш таго, лекаваньне ў Нямеччыне не дапамагло б маёй жанчыне, што, нарэшце, і даказала яе хуткая сьмерць. Калі б я хацеў зьбегчы, каб ня трапіць у турму, я даўно б гэта зрабіў, бо быў папярэджаны пра свой арышт. Аднак я зьяўляюся сынам майго народу і буду ісьці разам з маім народам шляхам свабоды, якім бы цяжкім гэты шлях ні быў.

«Der Standard»: Чаму прэзыдэнт Лукашэнка пасьля няўдалай рэвалюцыйнай спробы так злуецца менавіта на Вас? Бо ёсьць іншыя лідэры апазыцыі…

Kазулін: Лукашэнка можа злавацца толькі на тых, ад каго сыходзіць сапраўдная небясьпека для яго. Ён вельмі добра ведае, на што я здольны. Ён вельмі добра ведае, што ніколі ня вытрымае ў адкрытай канфрантацыі са мной.

«Der Standard»: Чаму Лукашэнка трымаецца і надалей ва ўладзе, хаця Масква яго відавочна болей не падтрымлівае?

Kазулін: На жаль, непасрэдная дапамога Масквы Менску ніколі не спынялася. 1,5 мільярда крэдыту, а таксама газавыя кошты, значна ніжэйшыя за эўрапейскія, даказваюць гэта.

Інтарэсы расейскага бізнэсу ў Беларусі —гэта толькі вяршыня айсбэргу. Акрамя таго, ёсьць эўрапейцы, якія са сваім прагматызмам падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі.

«Der Standard»: Можа, сапраўды жыцьцё пры Лукашэнку не такое ўжо і кепскае? У Расеі ды ва Ўкраіне распаўсюджанае меркаваньне, што Беларусь — гэта апошняя выспа сацыялістычнага дабрабыту…

Kазулін: Жыцьцё ў Беларусі значна горшае чым у Расеі ці ва Ўкраіне — у прыватнасьці, што тычыцца правоў чалавека і вяршэнства закону. Цяпер наша кіраўніцтва занятае тым, каб ажыцьцяўляць генацыд супраць уласнага народу. У нас нават апошнім часам можна пачуць такую прымаўку: «Калі хочаш трапіць за краты, едзь у Беларусь. Калі хочаш трапіць за краты хутка, едзь у Менск».

Так, Беларусь — гэта адзіная выспа шчасьця, аднак, калі глядзець дзяржаўнае тэлебачаньне і чытаць дзяржаўную прэсу. У сапраўднасьці, Беларусь — гэта апошні запаведнік затхлай мінуўшчыны ў стракатай прапагандысцкай упакоўцы.

«Der Standard»: Што прапануе апазыцыя ў якасьці альтэрнатывы Лукашэнку?

Kазулін: Самасьвядомасьць нашага народу становіцца больш сьпелай. Лукашэнка быў дадзены нам дзеля таго, каб мы адчулі прарыў у нашай сьвядомасьці.

Апазыцыя вельмі хутка пераробіць сабе. Тут ёсьць шмат перадумоваў. Адрозна ад рэжыму, мы прапануем нашым суайчыньнікам не кансэрвацыю мінулага, а хуткі, рашучы скачок у будучыню.

«Der Standard»: Ці адчуваеце Вы і Вашы сябры па справе падтрымку з боку Захаду?

Kазулін: Захад мусіць нарэшце зразумець, што Лукашэнка ўяўляе сабой выклік усёй эўрапейскай цывілізацыі. Эўропа павінна гэта аднойчы ўсьвядоміць і перастаць заігрываць з Лукашэнкам.

ЗША хутчэй зразумелі сутнасьць Лукашэнкі. Толькі з пазыцыі сілы можна размаўляць з Лукашэнкам, інакш ён абвядзе ўсіх вакол пальца.

Мая крымінальная справа, нарэшце, была перададзеная для разгляду ў Раду Эўропы. Прэзыдэнт ПАРЭ спадар ван дэр Ліндэн паабяцаў, што правядзе незалежную экспэртызу. Ад лістападу 2007 мы не атрымалі аніякага адказу.

«Der Standard»: Што могуць зрабіць усясьветныя дэмакратыі дзеля таго, каб падтрымаць працэс дэмакратызацыі ў Вашай краіне?

Kазулін: Лукашэнка панічна баіцца каардынацыі дзеяньняў паміж ЭЗ і ЗША. Увядзеньне эканамічных санкцыяў цалкам бы паралізавала рэжым Лукашэнкі. Прэзыдэнт сам патлумачыў, што Эўропа не ўвядзе аніякіх эканамічных санкцыяў супраць Беларусі, бо канчаткова усё ж перамагае прагматызм. Аднак эўрапейцы павінны самі прадэманстраваць, што ёсьць рэчы больш важныя за эканоміку. І на гэтым трымаецца чалавецтва. Гэта фундамэнтальныя каштоўнасьці, якія ніхто ня мае права чапаць: мараль, чалавечнасьць, спачуваньне і міласэрнасьць.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0