Да 2030 года Браслаўскі раён павінен стаць першым кліматычна нейтральным муніцыпалітэтам у Беларусі, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску 6 чэрвеня кіраўнік праекта Дзмітрый Буронкін.

Паводле яго слоў, агульны бюджэт праекта «Браслаўскі раён — першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі», які рэалізуецца Браслаўскім райвыканкамам і Цэнтрам экалагічных рашэнняў пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза, склаў 735 тыс. еўра. З іх Еўрасаюзам выдзелена 584 тыс. еўра. Тэрмін рэалізацыі праекта — верасень 2018 года.

Першыя крокі да таго, каб зрабіць раён больш чыстым, былі зробленыя ў 2014 годзе, калі Браслаў падпісаў міжнародны Пакт мэраў, узяўшы на сябе амбіцыйныя мэты па зніжэнні выкідаў на 20% да 2020 года, адзначыў Буронкін. Далейшая дзейнасць у раёне будзе накіраваная на зніжэнне яго залежнасці ад гаручых выкапняў, пашырэнне выкарыстання энергаэфектыўных тэхналогій і развіццё аднаўляльнай энергетыкі, скарачэнне выкідаў парніковых газаў, папулярызацыю зялёнага транспарту.

Адна з асноўных мэтаў праекта — знізіць энергаспажыванне ў сферы ЖКГ на 15-20% па кожным мерапрыемстве ў асобнасці, што дасць эканомію энергаспажывання ў агульным да 2%, паведаміў намеснік старшыні Браслаўскага райвыканкама Міхаіл Пліско.

«Ад агульнага энергаспажывання раёна, на якое выдаткоўваюцца вялікія грошы, гэта велізарная лічба, — растлумачыў ён. — Да прыкладу, улічваючы, што за адзін ацяпляльны сезон адна кацельня на аплату газу аддае 6-7 млрд рублёў, то паніжэнне гэтай сумы нават на 1% з пераходам на больш таннае паліва вельмі эканоміць сродкі».

Таксама, дадаў Буронкін, каардынатары праекта хочуць актыўна прыцягваць да энергазберажэння насельніцтва раёна. У цэлым, аб'яднаныя намаганні дадуць як эканамічны, так і дэманстрацыйны эфект, і досвед Браслаўскага раёна будзе прапаноўвацца для рэалізацыі ў іншых рэгіёнах краіны, сказаў ён.

На працягу 2016 года плануецца ажыццявіць першыя два мерапрыемствы практычнага ўвасаблення праекта: замена ў Браславе часткі трубы цэнтральнага ацяплення горада (1.030 метраў) на больш энергаэфектыўную і замена 5% гарадскога ліхтарнага асвятлення святлодыёдамі.

Далей па праекце плануецца ўстанавіць цеплаабменнікі у шматпавярховых дамах, не падключаных да сістэмы цэнтральнага ацяплення, што дазволіць жыхарам зімой скараціць спажыванне электраэнергіі на награванне вады ў бойлерах. Будуць замененыя старыя катлы цэнтральнай кацельні, якія працуюць на торфе, на якія выкарыстоўваюць у якасці паліва дранку або салому. Плануецца ўсталяваць сонечныя калектары на дзіцячы сад, грамадскія месцы — абсталяваць аднаўляльнымі крыніцамі энергіі, з'явіцца сетка арэнды ровараў, будзе распрацаваны экалагічны турыстычны маршрут з выкарыстаннем электратранспарту, адкрыецца грамадскі інфармацыйны цэнтр па энергаэфектыўнасці. Для эканоміі электрычнай энергіі на асвятленне грамадскіх будынкаў і пад'ездаў жылых дамоў у іх усталююць датчыкі гуку і руху.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?