Расія вядзе працу па стварэнні агульных з Беларуссю і Казахстанам баз дадзеных грамадзян, якім забаронены выезд за мяжу. Пра гэта заявіла старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка, размаўляючы з журналістамі на трэцім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Яна адзначыла, што людзі, якія з'яўляюцца даўжнікамі па штрафах і падатках, неплацельшчыкі аліментаў не могуць выязджаць з Расіі да іх выплаты. Але некаторыя грамадзяне карыстаюцца адсутнасцю кантролю на беларуска-расійскай мяжы і выязджаюць праз Беларусь.

«Спісы перадавайце нам, мы дапаможам вырашаць», — сказаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

Мацвіенка адзначыла, што цяпер Міністэрства юстыцыі Расіі вядзе перамовы з беларускімі і казахстанскімі калегамі, каб была створаная адзіная інфармацыйная база аб такіх грамадзянах. «Каб мы перадавалі нашым партнёрам інфармацыю аб тых асобах, да якіх у нас ёсць прэтэнзіі, каб ім таксама спынялі выезд у Беларусі і Казахстане. Думаю, што ў гэтым зацікаўленыя нашы партнёры», — сказала яна.

Мацвіенка адзначыла, што па выніках гэтых перамоў могуць быць падпісаныя міжурадавыя пагадненні.

«Тым, хто не плаціць аліменты і выязджае на Багамскія выспы адпачываць, мы гэта не дазволім. Спачатку заплаці аліменты на ўтрыманне сваіх дзяцей, а потым, калі ласка, вольны. Ляці, куды хочаш», — сказала Мацвіенка.

Мясніковіч дадаў: «Калі застануцца грошы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?