У польскім горадзе Каліш на працягу некалькіх гадзін паліцыянты, ветэрынары і валанцёры спрабавалі вызваліць сабаку, які захрас ў асфальтавай масе, што расплавілася пад уздзеяннем сонца.

Усе фота: pspkalisz.alte.pl

Аўчарку заўважыла дзяўчына, якая праходзіла міма. Яна адразу паклікала на дапамогу. Відавочна, сабака ўлёгся адпачыць на асфальтавую масу, якая пазней расплавілася пад уздзеяннем сонца. Перад ратавальнікамі стаяла няпростая задача, паколькі субстанцыя моцна склеіла поўсць сабакі. Да таго ж, сабака быў вельмі неспакойны, што ўскладняла працу паліцыянтаў і ветэрынараў.

«Спачатку мы паспрабавалі выцягнуць сабаку, адразаючы кавалкі поўсці, але ён тузаўся і ўсё мацней захрасаў у масе. Таму было прынята рашэнне выразаць кавалак асфальту вакол сабакі. Працэдура заняла больш за гадзіну», — распавядае паліцыянт Гжэгаж Кушвік.

Пасля таго, як сабаку ўдалося «адляпіць» ад дарогі, яго паклалі на дарожны знак, які паслужыў насілкамі. Аўчарку даставілі ў ветэрынарную клініку, дзе на працягу 3 гадзінаў ветэрынары стараліся вызваліць поўсць жывёлы ад асфальтавай масы.

На шчасце, сабака годна вытрымаў ўсе працэдуры. Аўчарку вярнулі гаспадару цэлай і здаровай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?