Шлях Рыгора Васілевіча ад Канстытуцыйнага суду да Генпракуратуры апынуўся такім доўгім, што ён пасьпеў «забыць» Канстытуцыю Беларусі» — пішуць у калектыўным лісьце да кіраўніка дзяржавы жанчыны — сваячкі асуджаных, а таксама нязгодныя з рашэньнямі судоў.

15 сакавіка ў Менску адбылася чарговая прэс‑канфэрэнцыя групы жанчынаў — сваячак асуджаных, а таксама нязгодных з рашэньнямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах. Гэтым разам гаворка пайшла пра першыя сустрэчы з новапрызначаным на пасаду Генпракурора Рыгорам Васілевічам. Прысутнічала каля 30 чалавек з Берасьцейскай, Гарадзенскай, Магілёўскай і Менскай абласьцей і зь Менску.

Нагадаем, што папярэднюю прэс‑канфэрэнцыю жанчыны зладзілі 7 лютага 2008 г. Удзельнікі прэс‑канфэрэнцыі грунтаваліся на асабістым досьведзе дачыненьняў з органамі пракуратуры і судоў, і далі ўласную ацэнку дзейнасьці сучаснай судовай сыстэмы Беларусі.

Пасьля прызначэньня Рыгора Васілевіча, былога старшыні Канстытуцыйнага Суду на пасаду генпракурора, група жанчынаў зьвярнулася да яго зь лістом. У ім яны ўзгадалі даўнейшую сустрэчу з Васілевічам у якасьці старшыні КС. Тады, паводле жанчынаў, Рыгор Аляксеевіч паабяцаў ім дапамагчы, але спаслаўся на абмежаванасьць сваіх паўнамоцтваў датычна дзейнасьці пракуратуры.

«Зараз Вы зьяўляецеся Генэральным Пракурорам і надзеленыя паўнамоцтвамі вяршыць справядлівы нагляд за выкананьнем законнасьці. Цяпер у нас зьявілася надзея, што нашы крымінальныя і грамадзянскія справы будуць разгледжаныя ў адпаведнасьці з законамі нашай краіны» — гаварылася ў тым лісьце.

Жанчыны прасілі новапрызначанага генпракурора пра асабістую сустрэчу. 13 сакавіка Р. Васілевіч прыняў невялікую групу грамадзянаў. І, як вынікае з чарговага ліста да яго, сустрэча тая пасяліла сярод яго наведніц новую надзею на справядлівасьць. Але ліст той быў выкліканы іншай прычынай: жанчыны пачалі атрымліваць шаблённыя адказы з Пракуратуры, якія атрымлівалі і раней. Больш за тое, некаторыя зь іх атрымалі адказы, вельмі падобныя да тых, што прыходзілі да іх раней за подпісам намесьніка тады яшчэ Пятра Міклашэвіча Аляксандра Іваноўскага.

Засумняваўшыся ў праўдзівасьці тых адказаў, некалькі жанчынаў падпільнавалі сп. Васілевіча пасьля нарады проста на прыступках Генпракуратуры і перадалі яму асабіста свае лісты і копіі сумнеўных, на іх думку, дакумэнтаў.

У апошні дзень красавіка некалькі падпісантак атрымалі адказы за подпісам генпракурора, у якіх гаварылася, што нагоды для прыняцьця мераў пракурорскага рэагаваньня ня маецца. Галіна Юбко зь Менску, што чацьверты год высьвятляе акалічнасьці сьмерці роднай сястры, на сёньняшняй прэс‑канфэрэнцыі заўважыла на гэта: «Атрымаць аўтограф ад Васілевіча шмат прасьцей, чым ад Міклашэвіча — адзінае адрозьненьне паміж былым і цяперашнім пракурорам».

8 траўня на прыём да генпракурора трапіў адзін чалавек з дзевятнаццаці запісаных, таму страціўшы надзею атрымаць адказы на свае пытаньні ў Пракуратуры, жанчыны напісалі калектыўны ліст да Аляксандра Лукашэнкі. У ім яны паскардзіліся на дзеяньні чыноўнікаў пракуратуры, у прыватнасьці на працяг традыцыі фармалізаванага ліставаньня з грамадзянамі.

Самусенка Л. атрымала адказ, што ліставаньне зь ёй спыненае, хоць згодна Канстытуцыі не існуе абмежаваньня на колькасьць асабістых прыёмаў у службовых асобаў.

«Такія адказы сьведчаць пра тое , што «шлях» Васілевіча Р.А. ад Канстытуцыйнага Суду да Генпракуратуры апынуўся такім доўгім, што ён пасьпеў «забыць» Канстытуцыю Беларусі» — вядзецца ў калектыўным лісьце да кіраўніка дзяржавы. Прызначэньне Васілевіча на адказную пасаду названае ў лісьце «фармальнай ракіроўкай», а становішча ў органах пракуратуры і судоў пасьля гэтай ракіроўку, на погляд групы жанчынаў, толькі пагоршылася.

Прэзыдэнта пісьмова папрасілі асабіста разгледзець справы і даць нарэшце адказ на пытаньні, сфармуляваныя ў скаргах. А таксама стварыць грамадзкі камітэт, які б сачыў за разьвіцьцём спрэчных грамадзянскіх і крымінальных справаў.

Восеньню мы зладзім чарговую прэс‑канфэрэнцыю, на якой распавядзём пра рэакцыю Лукашэнкі на наш зварот, кажа праўнік Тамара Сяргей.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0