Грамадзянам, якія жадаюць прыватызаваць жылыя памяшканні, галоўнае падаць заяву да 30 чэрвеня ўключна, заявіў сёння ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Вячаслаў Абрамаў.

«Падача заявы — гэта пачатак працэсу прыватызацыі. Далейшыя дзеянні вызначаныя заканадаўствам. На працягу аднаго месяца паводле агульнага правіла павінна быць прынятае станоўчае ці адмоўнае рашэнне па прыватызацыі, плюс на працягу года грамадзяніну неабходна заключыць дамову на прыватызацыю. То бок, калі чалавек падаў заяву на прыватызацыю 30 чэрвеня, ён можа не хвалявацца, пачатак працэсу пакладзены», — адзначыў Абрамаў.

У сваю чаргу начальнік упраўлення ацэнкі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Дзіна Сакалоўская звярнула ўвагу на тое, што не толькі ў грамадзян узнікаюць пытанні з нагоды таго, ці заканчваецца цалкам працэс прыватызацыі 30 чэрвеня. «Чамусьці нават камісіі па прыватызацыі лічаць, што да 1 ліпеня трэба прыняць усе рашэнні. Але гэта не так. Да 30 чэрвеня ўключна грамадзяне проста павінны паспець падаць заяву», — патлумачыла яна.

Намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла выказаў упэўненасць, што кожны грамадзянін, які захоча скарыстацца правам прыватызацыі, зможа гэта зрабіць. «Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы да 10 чэрвеня павінны пісьмова паведаміць усім, хто адклаў гэтае пытанне на апошні момант або папросту забыўся, што тэрмін для прыватызацыі кватэр і дамоў сканчаецца. Такія спісы павінны быць на месцах», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0