Лета – час свежай садавіны і гародніны. На многіх беларускіх дачах цяпер імкліва пайшлі ў рост памідоры. Але ў нашай краіне з’явілася насякомае, якое сур’ёзна пагражае ўраджаю гэтай паслёнавай культуры. Называецца гэтая трасца «таматная моль» (навуковая назва «Tuta absoluta»).
Таматная моль можа вынішчаць не толькі памідоры, але і баклажаны, салодкі перац і нават бульбу. Пры добрай распаўсюджанасці і адсутнасці супрацьдзеяння яна можа знішчыць да 100% ураджаю.
fermer.ru
Сёлета з такой праблемай вельмі сур’ёзна сутыкнулася Афрыка, асабліва Нігерыя, у некаторых рэгіёнах якой тута абсалюта вынішчыла ажно 90% усяго ўраджаю памідораў. Гэта проста перавярнула мясцовы рынак дагары нагамі, бо кошты на памідоры ўзняліся ў 15 разоў!
4.bp.blogspot.com
Шкоду гародніне наносяць менавіта лічынкі і вусені, якія знішчаюць самі расліны і пашкоджваюць плады. Але шкодзяць яны толькі зялёным, яшчэ не саспелым пладам. Моль адкладае яйкі, з якіх вылупліваюцца вусені. Яны імкліва пачынаюць рабіць дзіркі ў лісці і сцёблах раслін, што прыводзіць да вельмі хуткай іх гібелі. Да таго ж, таматная моль можа развіць устойлівасць да пестыцыдаў на працягу аднаго сезону. Гэта чужародны від, таму ў яго вельмі мала натуральных ворагаў па-за межамі Паўднёвай Амерыкі, якія маглі б аператыўна яго вынішчаць.
greenhouses.ru
Таматная моль прыйшла ў Еўропу з Паўднёвай Амерыкі, а дакладней з Перу, дзе ўпершыню была заўважаная ў 1917 годзе. Першай краінай, якая спазнала памідорнае спусташэнне ў выніку нашэсця таматнай молі, стала Іспанія ў 2006 годзе. Затым тута абсалюта распаўсюдзілася далей па кантыненце. Амаль ва ўсіх краінах Еўропы заўважалі асобін гэтага насякомага.
Не з’яўляецца выключэннем і Беларусь. У 2010 годзе тута абсалюта была ўключаная ў пералік шкоднікаў, хвароб раслін і пустазелля, якія з’яўляюцца карантыннымі аб'ектамі для Беларусі. У маі 2011 года яна была ўпершыню выяўленая ў Гомельскім раёне ў КСУП «Брылёва» ў цяпліцы з таматамі плошчай 3 га. Пакуль, на шчасце, нам невядомыя вялікія нашэсці гэтага насякомага.
Тута абсалюта мае вельмі высокую здольнасць размнажэння. Пры спрыяльных умовах шкоднік можа ствараць па 10-12 пакаленняў у год. Мінімальная тэмпература для размнажэння складае 9°С. Насякомыя могуць зімаваць ва ўсіх стадыях: у стадыі яйка, лічынкі, кукалкі і дарослай асобіны.
agralan-growers.co.uk
Лічынкі, якія толькі што вылупіліся, невялікага (0,5 мм) памеру і жаўтлявага колеру. Па меры сталення лічынка робіцца жоўта-зялёнага колеру, за яе галавой з’яўляецца чорная паласа. Дарослая лічынка дасягае памераў прыблізна 9 мм са спінкай ружаватага колеру. Кукалкі светла-карычневага колеру, памерам прыблізна 6 мм. Дарослыя асобіны молі шэра-карычневага колеру, памерам прыблізна 6 мм і маюць размах крылаў 10 мм. Самцы трохі цямнейшыя за самак.
Універсальных метадаў барацьбы з таматнай моллю пакуль яшчэ не вынайшлі. У Паўднёвай Амерыцы і Афрыцы шырока ўжываюцца спецыяльныя пасткі, прынцып дзейнасці якіх палягае на прывабліванні насякомых ферамонамі. Але яны не дапамагаюць пры масавым нашэсці таматнай молі. Яшчэ адным метадам з’яўляецца развядзенне «Nesidiocoris tenuis» – драпежнага клапа-слепняка, які актыўна ўжывае ў ежу не толькі лічынкі і яйкі таматнай молі, але і іншых шкоднікаў.
Клоп-драпежнік, фота bio-bee.ru
Таксама добрым выратаваннем бачыцца выкарыстанне спецыяльнага грыбка, які будзе ўводзіцца ў глебу і забіваць таматную моль яшчэ на стадыі кукалкі. Цяпер над гэтым працуюць навукоўцы.
Калі вы заўважыце ў сваім агародзе гэтае насякомае, абавязкова звярніцеся ў ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах», каб дапамагчы спыніць распаўсюд дадзенага шкоднага віду.