Вельмі цікавая дыскусія разгарнулася на старонках беларускага інтэрнэту што да паводзінаў апазіцыі ў часе апошняй перадвыбарчай кампаніі. Крытыкі, як кажуць, усе тыя ж: паліттэхнолаг (ці, як ён сам кажа, метадолаг) Уладзімер Мацкевіч, лідар руху імя сябе каханага, і журналіст-вандроўнік Аляксандр Фядута. Мацкевіч аўтар «стратэгіі-2006», дакуманту, які ён прапанаваў для апазіцыі і які збольшага нагадвае ленінскі план узброеннага паўстання. Гэты план ніхто так і не зразумеў, уключаючы лідараў апазіцыі, хаця ў ім нешта ўсё ж было слушнае: самае галоўнае, гэта прапанова загадзя гатавацца да масавых выступленняў, а не стаяць на плошчы з тварамі тыпу «а што, а што, а я сам афігеў», калі выйшла пару дзесяткаў тысячаў. Фядута - аўтар нядрэннай біяграфіі Лукашэнкі, а яшчэ і сумнавядомага грантавага скандалу 2001 г. Абодва аналітыкі лічаць, што апазіцыя, збольшага, зноў аба,,,лася, і патрабуюць адстаўкі яе лідараў. Фядута, праўда, кажа, што Мілінкевіч і Казулін мусяць застацца. . Юрась Хадыка, кажа ў адказ, што такія патрабаванні нагадваюць мааісцкі лозунг «агонь па штабах», а Барыс Тумар, нагадвае, што лідараў супраціву не абіраюць, імі становяцца самыя мужныя. І хто сёння сядзіць у пастарунках? Вядома, Вячорка з Лябедзькам, а не Фядута.

Шмат у чым з Мацкевічам і Фядутам можна пагадзіцца - непадгатаванасць і дэзарганізацыя - гэта большай часткай віна тых штабоў, па якіх Хадыка просіць не паліць. А такіх мэнэджэраў, як некаторыя, што «забыліся» аднесці праграму Мілінкевіча ў друк, варта было гнаць у шыю яшчэ пяць гадоў таму і не падпускаць да перадвыбарчых кампаній як мінімум з часоў Ганчарыка. Аднак, ці варта наракаць на апазіцыю, што яна не выйграла, у той момант калі ў Беларусі, па словах Віталя Сіліцкага, проста не склалася аб’ектыўна рэвалюцыйнай сітуацыі? І ці магла апазіцыя дасягнуць больш, чым дасягнула? Усё ж такі, дэмакратычнае грамадства скансалідавалася, лідары з’явіліся, часткова актывізавалася «кухонная апазіцыя…» Ведаю, што мала, і, магчыма позна. Але лепш позна, чым ніколі…

Пытанне ў іншым: што зрабіць, каб усё ж такі апазіцыя была больш прафесійнай? Змяніць лідараў? Але вось пытанне: у цяперашняй сітуацыі, ці высунуцца, ці дадуць згоду пакласці на плаху галаву больш спрытныя і таленавітыя? Не ведаю, не ведаю…

А можа, засярэдзіцца на тым, што ўсё ж спрацавала?

Па-першае, гэта грамадзянская супольнасць, якая відавочна больш сталае, больш самаадданае, і больш спрытнае, чым палітычная апазіцыя. Навогул, патрыйны прынцып арганізацыі дэмакратычнага грамадства аказаўся амаль бессэнсоўным - асабліва акрамя таго, як на Акрэсціна ўсе пасядзелі разам. Трэба новы рух - але ён мусіць будавацца знізу, а не зверху, зноў тымі ж партыйнымі генераламі.

Партыі канешне мусяць застацца - усё ж такі яны адзіныя легітымныя ўдзельнікі палітычнага працэсу. Але давайце раз і назаўжды пакончым з партыйным прынцыпам фармавання перадвыбарчых штабоў, калі ролі галоўных піяршчыкаў, масавікоў-зацейнікаў, і міжнародных сакратароў раздаюцца па квотах і ў абмен на тое, што партыйныя лідары як мінімум не будуць працаваць супраць. Навогул, абраны адзіны кандыдат - яму і карты ў рукі. Толькі так любы штаб можа нармальна працаваць.

Трэцяе - эксперты і інтэлектуалы, перад тым, як лаяць апазіцыянераў, мусяць паводзіць сабе лепш і больш адказна, чым яны. Навучыцеся працаваць адзін з іншым. Працуйце з той апазіцыяй, якую маеце, а не тое, якую вы жадалі б мець. Лічыце на дзесяць крокаў наперад, выпрацоўвайце рэальныя стратэгіі а не віртуальныя рэвалюцыі і працуйце з рэальнымі структурамі.

Як мінімум, гэта.

Фальксваген

Transitions online, Беларускі блоґ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0