Беларускі спявак Дзмітрый Калдун даў інтэрв'ю kp.ru, прымеркаванае да Дня Расіі. У гутарцы спявак дзякуе Расіі за магчымасць творчай рэалізацыі і падкрэслівае, што некалі мы жылі ў адной краіне.

Асноўныя цытаты з інтэрв'ю:

— Я люблю сваю радзіму, якая дала мне жыццё, але з вялікай павагай, з вялікай любоўю стаўлюся і да Расіі, якая дала магчымасць рэалізаваць свае творчыя амбіцыі. Таму я хутчэй чалавек міру, і заўсёды выступаю за тое, каб не было ніякіх міжнацыянальных канфліктаў. Патрыятызм, уласна кажучы, гэта вельмі выдатна. Але самае галоўнае, каб ён не пераходзіў у нацыяналізм. Гэтага я не вітаю.

— Калісьці ў нас усіх была адна агульная радзіма. Мы жылі ў Савецкім Саюзе, і не думалі пра тое, што можам быць падзеленыя. Таму не трэба аддзяляць нашы братнія народы адзін ад аднаго. Мне здаецца, мы павінны жыць дружна, як казаў кот Леапольд.

— Я рэдка апранаю нацыянальны касцюм, часцей прымерваў яго ў дзяцінстве, калі займаўся ў гуртку і танцаваў «Крыжачок».

Мне было вельмі прыемна зноў надзець яго, бо ён — красамоўнае сведчанне таго, што я — прадстаўнік беларускай нацыі. Зараз, на жаль, беларускі народ не можа пахваліцца тым, што актыўна выкарыстоўвае сваю мову.

— У суседняй Украіне мове адводзіцца значная роля. У мяне на радзіме такога няма. У Беларусі вы наўрад ці на вуліцы сустрэнеце чалавека, які будзе размаўляць па-беларуску. І, нават калі такое здарыцца, гэта, хутчэй, будзе выключэннем з правілаў. Так што касцюм — наш адзіны яркі элемент вонкавага адрознення.

— У Беларусі ёсць такое паняцце, як «памяркоўнасць». Я не ведаю, як яно перакладаецца даслоўна на рускую. Гэта нейкая ўдумлівасць, можа быць, размеранасць. Гэтым мы, беларусы, адрозніваемся ад астатніх людзей. Ёсць яшчэ адна вядомая беларуская прымаўка: «Мая хата з краю». Пра што яна кажа? Пра тое, што беларусаў трэба вельмі моцна раззлаваць, каб яны пачалі чымсьці абурацца. Мы вельмі цярплівы народ. У нас дома, магу сказаць сумленна, ніхто ў народнай вопратцы не ходзіць. Тым не менш, я, вядома, адчуваю сваю нацыянальную прыналежнасць. Думаю, гэта ёсць у кожным чалавеку, як рэлігія ці ўнутраныя перакананні.

— Многія прывыклі асацыяваць беларускі народ з бульбай, з дранікамі. Я іх сапраўды ем дастаткова часта. І ў гэтым мая, калі хочаце, нацыянальная ідэя. Любоў беларусаў да бульбы - гэта не міф.

— Дранікі — частка нацыянальнай кухні. А бульба — самы сапраўдны сімвал Беларусі. У цяжкія часы яна не давала людзям памерці з голаду. Вядома, падобныя стравы сустракаюцца і ва ўкраінскай кухні, і ў польскай, і ў літоўскай. Гісторыя Беларусі звязана з Польшчай і Літвой. Нават маё прозвішча таму сведчанне. Нягледзячы на тое, што ў майго дзеда ўкраінскія карані, па-літоўску «Калдун» — гэта «пельмень з мясам». Гэта лішні раз паказвае, што нашыя народы перасякаліся вельмі шмат разоў. Змешванне крыві паўсюль. А бульба проста нас заўсёды аб'ядноўвала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?