Заходнія краіны спрабуюць убіць клін у адносіны паміж Беларуссю і Расіяй, але ім не ўдасца гэта зрабіць, заявіў старшыня камітэта Дзяржаўнай думы РФ па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі, член камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па інфармацыйнай палітыцы Леанід Слуцкі 10 чэрвеня ў Мінску на 50-й сесіі Парламенцкага сходу, прысвечанай 20-годдзю інтэграцыі Беларусі і Расіі.

news.day.az

news.day.az

«Нашы заходнія партнёры з зайздроснай упартасцю спрабуюць убіць клін паміж нашымі краінамі, але зрабіць гэта немагчыма, як бы часам негатыўна, грэбліва яны не ставіліся да Саюзнай дзяржавы», — заявіў парламентарый.

Слуцкі працытаваў артыкул у адным з нямецкіх СМІ, дзе нібыта было сказана, што жыхары дзвюх краін сапраўды атрымалі магчымасць свабоднага перамяшчэння цераз мяжу без віз, практычна аднолькавыя магчымасці па працаўладкаванні і выбары месца жыхарства, аднак «Мінск і Масква вычарпалі на сёння магчымасці для сумеснага эканамічнага росту, і Саюзная дзяржава сёння з'яўляецца міфам пра адзінства народаў».

«На жаль, за апошнія некалькі месяцаў у заходніх сродках масавай інфармацыі такія ацэнкі з'яўляюцца досыць частымі, але дзейнасць Парламенцкага сходу даказвае, што яны з'яўляюцца строга супрацьлеглымі рэальнасці», — лічыць расійскі дэпутат.

Ён падкрэсліў, што парламентарыі Саюзнай дзяржавы разам прайшлі «цяжкія для Беларусі часы, калі ЗША і Еўрасаюз блакавалі яе санкцыямі, абвінавачвалі ў таталітарызме».

«І цяпер, я ўпэўнены, мы пераадолеем праблемы, якія існуюць у сусветнай палітычнай і інфармацыйнай прасторы, звязаныя з прымяненнем дыскрымінацыйнага антыправавога санкцыйнага механізма, у першую чаргу, у Еўрасавеце супраць Расіі, і умацуем нашы двухбаковыя адносіны», — заявіў Слуцкі.

«За гэтыя 20 гадоў нам даводзілася чуць на адрас Саюзнай дзяржавы розныя ацэнкі. Адна дзеля аб'ектыўнасці сёння трэба прызнаць: адзінае абмежаванне, з якім грамадзяне нашых краін сутыкаюцца на мяжы паміж Беларуссю і Расіяй, — гэта абмежаванне хуткасці руху», — сказаў дэпутат Дзярждумы.

Паводле яго слоў, любы расіянін ці беларус можа жыць і працаваць на прасторы ад Уладзівастока да Брэста, «любы з нас можа гаварыць, як нядаўна вельмі выразна прымеціў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, на нашай рускай мове». «Гэта і ёсць галоўныя вынікі таго гістарычнага рашэння, якое было прынятае 20 гадоў таму, 2 красавіка 1996 года (аб інтэграцыі Беларусі і Расіі)», — упэўнены Слуцкі.

У адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі ад 8 чэрвеня Слуцкі ўзнагароджаны ордэнам Пашаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?