Запушчаная Кітаем у 2011 годзе арбітальная станцыя «Цяньгун-1» паступова сыходзіць з арбіты і можа зваліцца на Зямлю ў непрадказальным месцы.

ninfinger.org

Да такой высновы прыходзяць некаторыя назіральнікі, якія сочаць за траекторыямі калязямных аб'ектаў пры дапамозе аматарскіх тэлескопаў і камер, паведамляе «Газета.Ru» са спасылкай на Space.com.

Такога меркавання прытрымліваецца Томас Дорман, які неаднаразова сачыў за пралётамі васьмітоннай станцыі, што з сакавіка гэтага года страціла сувязь з зямлёй. «Калі я маю рацыю, Кітай будзе чакаць да апошняй хвіліны, каб сказаць свету, што ў іх праблема са станцыяй», — сказаў Дорман.

«Калі яе абломкі ўпадуць на населеную тэрыторыю, гэта будзе сапраўды не найлепшы дзень… Імавернасць малая, але часам такія рэчы здараюцца, таму трэба быць напагатове», — лічыць ён.

У сакавіку прадстаўнікі кітайскага цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў растлумачылі, што страта тэлеметрыі са станцыяй можа прывесці да некантраляванага яе сыходу з арбіты ў будучыні. На думку Дона Чеэна, эксперта вашынгтонскага даследчага цэнтра Heritage Foundation, выклікае падазрэнне тое, што кітайскія ўлады так і не абвясцілі меркаванае месца і час сыходу. «Гэта можа казаць аб тым, што сыход з арбіты будзе некантраляваным», — лічыць эксперт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0