У сувязі з прыходам пары адпачынкаў «Альфа-Банк» (Беларусь) назваў краіны, дзе высокія шанцы стаць ахвярай махляроў пры зняцці наяўных грошай у банкамаце. У зоне рызыкі апынуліся Кітай, ЗША, Індыя і нават Паўночная Карэя, паведамілі ў прэс-службе банка са спасылкай на звесткі міжнародных плацежных сістэм.

Беларусам раяць быць асцярожнымі пры зняцці наяўных грошай прыкладна ў 100 краінах. Сур'ёзныя рызыкі для ўладальнікаў карт можа ўяўляць наведванне невялікіх астраўных дзяржаў Карыбскага басейна кшталту Грэнады або Дамінікі, большасці краін Лацінскай Амерыкі — ад Венесуэлы да Аргенціны, ЗША.

Складальнікі спіса рэкамендуюць асцярожна здымаць грошы ў Аўстраліі і краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. У прыватнасці варта быць напагатове ў Кітаі, Індыі, Інданезіі, В'етнаме і Камбоджы. У спіс таксама ўвайшлі Японія, Ганконг і Сінгапур, нягледзячы на эканамічны дабрабыт. Што цікава, эксперты раяць быць пільнымі ў Паўночнай Карэі.

«Зняцце наяўных у банкаматах на тэрыторыях гэтых краін, як правіла, ажыццяўляецца па магнітнай паласе, а не па мікрапрацэсары (або «чыпе»), што стварае павышаную рызыку махлярства для трымальнікаў картак.

Таму перад паездкай у гэтыя краіны мы раім быць асцярожнымі і не мяняць ліміты на зняцце сродкаў — лепш гэта зрабіць ужо на месцы пры дапамозе інтэрнэт- або мабільнага банка, калі вы пераканаецеся, што патрэбны вам банкамат знаходзіцца, напрыклад, у фае гатэля», — адзначылі ў «Альфа-Банку». Пры гэтым нагадалі, што з 1 ліпеня мінулага года ў Беларусі выпускаюцца толькі чыпаваныя карткі, якія маюць таксама магнітную паласу.

Пэўнай страхоўкай ад махлярства можа стаць паслуга СМС-абвяшчэння. «Калі вы атрымаеце паведамленне пра тое, што з карткі спісаная нейкая сума без вашага ўдзелу, то зможаце імгненна адрэагаваць — заблакаваць карту з дапамогай інтэрнэт- або мабільнага банка і пазбегнуць страты грашовых сродкаў», — растлумачылі ў банку.

Каб знізіць пагрозы для беларускіх падарожнікаў, «Альфа-Банк» 8 чэрвеня абмежаваў ліміты на зняцце наяўных грошай у краінах з гэтага спіса — паменшыў іх у два разы ў параўнанні з лімітамі на аналагічныя аперацыі ў астатніх дзяржавах. Зрэшты, гэтыя ліміты могуць быць адмененыя на падставе просьбы ўладальніка карткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?