Акцыя па бязвыплатнай здачы крыві пройдзе 14 чэрвеня ў Мінску, паведамілі ў Гарадскім цэнтры трансфузіялогіі УЗ «6-я гарадская клінічная бальніца».

Удзельнікамі акцыі ў першую чаргу стануць медыцынскія работнікі 6-й гарадской клінічнай бальніцы, сярод якіх шмат ганаровых донараў. Падтрымаць развіццё бязвыплатнага донарства таксама запрашаюцца ўсе ахвотныя з 9.00 да 12.00. Папярэдні запіс не патрэбны. Усім, хто здасць кроў бязвыплатна, будуць уручаныя сувеніры. Мерапрыемства пройдзе па адрасе вул. Уральская, 5, корпус 5.

У Беларусі стаць донарамі могуць абсалютна здаровыя людзі ва ўзросце ад 18 гадоў (жанчыны — да 55 гадоў, мужчыны — да 60).

Мэтанакіраваная праца па адраджэнні бязвыплатнага донарства праводзіцца ў краіне з 2013 года. Па ініцыятыве Міністэрства аховы здароўя ў 2015 годзе падпісаны закон «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях донарства крыві і яе кампанентаў», дзе замацаваная прыярытэтнасць выканання донарскай функцыі на бязвыплатнай аснове, урэгуляваныя пытанні прадастаўлення гарантый і кампенсацый бязвыплатным донарам.

Цяпер удзельная вага бязвыплатнага донарства вагаецца ў рэгіёнах краіны ў межах 15-20%. За 2015 год у параўнанні з 2014-м колькасць бязвыплатных данацый павялічылася ў рэспубліцы амаль на траціну. Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікае ўсе краіны — сябры СААЗ укараніць 100-працэнтнае бязвыплатнае донарства.

У Беларусі 14 чэрвеня адзначаць Сусветны дзень донара крыві, дэвіз якога ў гэтым годзе «Кроў аб'ядноўвае ўсіх нас». Святочныя мерапрыемствы прысвечаныя людзям, якія выконваюць гуманную місію, бязвыплатна даючы сваю кроў у імя выратавання жыцця хворых або пацярпелых у катастрофах, нованароджаных з цяжкімі паталогіямі і цяжарных жанчын з масіўнымі кровастратамі. Прадстаўнікі органаў улады і грамадскіх аб'яднанняў, медыцынская супольнасць і сацыяльна адказны бізнэс ва ўрачыстай абстаноўцы могуць звярнуцца са словамі падзякі да донараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?