AFP
Гэта азначае, што зборную здымуць з чэмпіянату Еўропы ў Францыі ў выпадку, калі на стадыёнах працягнуцца масавыя беспарадкі з удзелам яе заўзятараў.
У якасці дадатковага пакарання на Расійскі футбольны саюз накладзены штраф у 150 тысяч еўра за беспарадкі, учыненыя расійскімі фанатамі на стадыёне ў Марсэлі.
Дыскваліфікацыя можа ўступіць у сілу, калі заўзятары зноў парушаць парадак на адным з матчаў з удзелам каманды.
Міністр спорту РФ Віталь Мутко, які ўзначальвае РФС, ужо заявіў, што расійскі бок не збіраецца абскарджваць рашэнне УЕФА.
Раней УЕФА ўжо прыгразіў зборнай Расіі і зборнай Англіі здыманнем з Еўра-2016 у выпадку, калі на трыбунах і побач са стадыёнамі працягнецца гвалт з удзелам іх заўзятараў.
Дысцыплінарная справа ў дачыненні да зборнай Расіі была адкрыта 12 чэрвеня — на наступны дзень пасля яе матчу з Англіяй у Марсэлі. Нагодай стала выкарыстанне расійскімі фанатамі піратэхнікі, а таксама іх напад на англійскіх заўзятараў на трыбунах.
УЕФА разглядаў толькі тое, што адбывалася на стадыёне. Пры гэтым яшчэ да матчу ў Марсэлі адбыліся сутыкненні паміж англійскімі і расійскімі заўзятарамі, па выніках якіх пацярпелі больш за 30 чалавек.
Расследаваннем боек займаецца французская паліцыя. Затрыманыя каля 20 чалавек, большасць з іх — англічане. Расіянаў, якія падазраюцца ва ўдзеле ў беспарадках, затрымаць пакуль не ўдалося, бо яны адразу ж збеглі з месца здарэння.
Расійскі футбольны саюз выступіў з асуджэннем таго, што здарылася, і заклікаў фанатаў не парушаць грамадскі парадак, выконваць французскія законы і з павагай ставіцца як да супернікаў, так і да іх заўзятараў.