Расійскія хакеры, звязаныя з дзяржавай, праніклі ў камп'ютарную сетку нацыянальнага камітэта Дэмакратычнай партыі ЗША, паведамляе газета Washington Post.

Узломшчыкі атрымалі доступ да базы дадзеных, сабранай на кандыдата на пасаду прэзідэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа, паведамілі газеце прадстаўнікі камітэта і эксперты па бяспецы.

У партыі таксама паведамілі, што хакеры змаглі прачытаць усе электронныя лісты і трафік чатаў камітэта.

Паводле дадзеных газеты, некаторыя з хакераў мелі доступ да сеткі партыі на працягу года. Аднак доступ для іх быў закрыты падчас чысткі, якая прайшла ў гэтыя выхадныя.

Хакеры не атрымалі доступу да фінансавай інфармацыі або асабістай інфармацыі спонсараў партыі.

Паводле дадзеных газеты, нападам таксама падвергнуліся камп'ютары і сеткі іншых амерыканскіх палітычных арганізацый, а таксама асноўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта ЗША Хілары Клінтан і Дональда Трампа. Не стала выключэннем і Рэспубліканская партыя, аднак пакуль дэталі гэтай атакі невядомыя.

Эксперты, апытаныя газетай, мяркуюць, што гэтыя кібератакі з'яўляюцца своеасаблівай формай шпіянажу. Такім чынам расійскі бок спрабуе зразумець, як функцыянуюць амерыканскія інстытуты. Трамп жа хакераў цікавіць таму, што ён доўгі час не ўдзельнічаў у палітыцы, таму ў расійскага боку не вельмі шмат дадзеных пра яго.

Раней дырэктар нацыянальнай разведкі ЗША Джэймс Клэпер папярэдзіў, што хакеры, якія працуюць у інтарэсах замежных дзяржаў, вядуць сачэнне за кандыдатамі на пост прэзідэнта ЗША.

Па словах Клэпера, найбольшую небяспеку ўяўляюць менавіта расійскія і кітайскія хакеры, якія могуць нанесці найбольшую шкоду, бо валодаюць большымі ведамі, чым іншыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?