Зміцер Галко з сынам Андрэем у Марыупалі.

Зміцер Галко з сынам Андрэем у Марыупалі.

Не першы месяц журналіст і блогер Зміцер Галко спрабуе расшукаць сына, які знік у лютым ва Украіне. У гранічна шчырай размове Галко расказвае пра свой і сынаў лёс.

«Наша Ніва»: Зміцер, табе 36 гадоў. Як сталася, што ў цябе ўжо такі дарослы сын?

Зміцер Галко: Калі мне было 14 гадоў, я ляжаў у бальніцы, правяраў сэрца, і закахаўся там у адну санітарачку. Яна была крыху старэйшая за мяне — ёй было 18. Расказвала розныя страшныя байкі пра шпіталь. Накшталт таго, як нейкаму дзіцяці трэба было рабіць тэрміновую аперацыю, а хірургі напіліся, і дзіця загінула. За ёй усе хлопчыкі з аддзялення чарадой хадзілі. Калі мне было 15, мы пачалі сустракацца.

Праз гэтае каханне і з’явіўся наш Андрэй. Пасля я зразумеў, што гэта вельмі зарана і я зрабіў памылку, але бацькі сказалі мне, што хутчэй ты пойдзеш з дому, чым шлюбу не будзе. Таму адбыўся шлюб, адбыўся — сын.

Сапраўднае каханне я сустрэў ужо праз год пасля гэтага, калі пайшоў вучыцца ва ўніверсітэт. Гэтае каханне было складаным, тры гады мы не маглі жыць разам, бо ў мяне была сям’я, у яе была сям’я. Гэтыя тры гады былі такім працяглым мядовым, але вельмі горкім месяцам. Больш пакутаў было, чым радасці… Хаця і радасці было шмат.

Пачатак 2000-ых. Зміцер Галко з сынам у Кіеве.

Пачатак 2000-ых. Зміцер Галко з сынам у Кіеве.

Праз гэта ўсё дзіця было адсунутае на другі план. Першыя гады Андрэя прайшлі без бацькі ўвогуле. Ён выхоўваўся ў вельмі розных па культурным узроўні сем’ях. У адной сям’і казалі, што другая сям’я паганая. У другой гаварылі наадварот. Вось якая карціна свету магла скласціся ў яго ў галаве? Яна проста разбурылася. Ён не разумеў, што такое «нармальна», з каго браць прыклад.

«НН»: Як адбываліся вашы кантакты ў час дзяцінства Андрэя?

ЗГ: Пасля таго, як у мяне больш-менш усталявалася жыццё, я пачаў яго пастаянна браць да сябе. Праўда, толькі ўлетку, на месяц-другі. Ездзілі на поўнач, да Белага мора, па краіне нашай вандравалі. Для выхавання гэтага недастаткова. І бачыў ён мяне толькі ў адпачынку, а не за працай. Бацька адпачываў. Як адпачываў? Як усе, і выпіваў часам. Ён не мог узяць з мяне добрага прыкладу.

«НН»: Якім ён хлопчыкам рос?

ЗГ: Андрэй зусім не быў хуліганам. Хутчэй, хатні хлопчык, які сядзеў дома як сыч. Ніхто не бачыў, каб ён піў ці курыў. Кампаніі ў яго не было, за кампом сядзеў, чытаў, нідзе не бадзяўся. Ён быў вельмі кепска сацыялізаваны — вось у чым праблема. Калі пасля школы яму давялося пайсці ў ПТВ (дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва), то пачаліся сур’ёзныя праблемы. І не праз вучобу, а праз стасункі з людзьмі. Ён пачаў зрывацца, не хадзіць на заняткі. У рэшце рэшт ён кінуў вучобу.

Андрэй у выніку пайшоў працаваць на лесапілку ў Стаўбцоўскім раёне. А там які кантынгент? Бухаюць пастаянна. Сын дарваўся на лесапілцы да бутэлькі. Гэта было якраз у той перыяд, калі я паехаў упершыню асвятляць падзеі на Данбасе [летам 2014].

«НН»: Чым ты тлумачыш такую змену ў паводзінах?

ЗГ: Цяжка сказаць, што было галоўнай прычынай такой цягі. Мабыць, гэта здымала з яго комплексы, ён сам пра тое казаў. Калі вып’е, то жыць нястрашна, нават радасць нейкая з’яўлялася. Бутэлька замяніла яму любоў, бацьку, маці, усе радасці жыцця.

Ён жыў у вёсцы ў маіх бацькоў. Яны мне пішуць, што з Андрэем адбываюцца страшныя рэчы, пытаюцца, што рабіць. Сітуацыя дайшла да ручкі, пачаліся пастаянныя прывады ў міліцыю, іх за паўгода набралася мо дваццаць.

Андрэй у хуткім часе пераехаў да маці з бабкай у Мінск, жылі на «Розачцы». У адзін дзень сын спаліў ім хату. Я не ведаю, ці выпадкова гэта было, ці не. Добра, што сусед уратаваў яго. Выцягнуў з агню, калі той спаў п’яны. Згарэў цэлы пакой і балкон.

«НН»: І як на гэта рэагавалі?

ЗГ: Маці з бабкай хацелі завесці крымінальную справу на сына, бо «закалябаў» ужо, я адмовіўся ад такога варыянту. Сказаў, што бяру яго на сябе. Андрэй ляжаў у рэанімацыі таксікалогіі, збег адтуль, трапіў у псіхіятрычную лякарню, нічога яму не дапамаглі. Нейкая бессэнсоўная ўстанова, папраўдзе.

Пасля падпалу я ўзяў яго да сябе. Што значыць да сябе? Я ж не адзін жыву. У мяне сям’я: мой сын (13 гадоў), жонка, сын жонкі. У сына жонкі была вельмі складаная праца, ён толькі пачынаў праграмаваць, яму патрэбен быў спакой. Андрэй пачаў уцягваць меншага майго сына, падбіваў грошы скрасці. Я ж думаў, што ўсё вырашыцца проста, ледзь не ў адзін момант, калі ў яго будзе бацька, сям’я. А выйшла зусім наадварот. Ён выкарыстоўваў нашу кватэру як нейкую кармавую базу, пастаянныя п’янкі, крадзяжы.

Ночы не спім, чакаем яго, шукаем. Дайшло да таго, што ў жонкі пачалася вельмі моцная нервовая хвароба. Шмат хто мне казаў, каб аддаў яго ў ЛПП. Я вырашыў, што даросламу чалавеку ЛПП можа дапамагчы, а маладому несацыялізаванаму — гэта смерць. Ён выйдзе адтуль сфарміраваным маргіналам. Гэта, фактычна, турэмная ўстанова, дзе 24 гадзіны ў суткі маеш кантакт толькі з алканаўтамі і мянтамі.

«НН»: Тады і вырашылі паехаць з сынам ва Украіну?

ЗГ: У Андрэя назапасілася столькі прывадаў у міліцыю, што супраць яго пачалі справу, звазілі на камісію. На дзень нараджэння яго маці ён павінен быў ехаць у ЛПП.

Я прапанаваў яму падаваць апеляцыю, толькі абяцай, што не будзеш піць. На жаль, у яго адбыўся нервовы зрыў і ён сарваў усю апеляцыю. Там напіўся, тут напіўся, доўга расказваць, як гэта было. У апошні момант ён кажа: «Бацька, ратуй мяне, я загіну ў гэтым ЛПП, я адтуль не вярнуся, хачу паехаць з табой ва Украіну». А ў мяне нават планаў не было зноў ехаць ва Украіну.

Я падумаў: можна паехаць на два тыдні, калі ён не будзе піць, то зробім кадзіроўку там. У Мінску ён ад гэтага катэгарычна адмаўляўся. Я хацеў завезці яго на фронт, на базу да знаёмых — месца, дзе строга забаронена ўжываць алкаголь. Я думаў, што гэта можа дапамагчы, будзе ўстраска, змена дэкарацый.

Да фронту мы нават не даехалі. Ён не пераставаў піць: п’е і п’е. Што рабіць, я ўвогуле не разумеў.

Я сяджу ў Кіеве, думаю, вяртацца — гэта аўтаматам ЛПП для яго, а ва Украіне ў мяне няма ні жылля, ні працы.

«НН»: І як выйшлі з гэтай сітуацыі?

ЗГ: Тут трапіўся адзін святар знаёмы, які кажа: «А з’ездзіце ў рэабілітацыйны цэнтр у Жытомірскай вобласці». Сын нечакана згадзіўся, хоць там нельга ні піць, ні курыць, ні лаяцца, а трэба шмат працаваць фізічна. Андрэя прынялі туды, хоць і не хацелі, бо казалі, што ў яго нейкія псіхічныя адхіленні. Фактычна на першы ці другі дзень ён уцёк з цэнтра, аднак я пераканаў вярнуцца. У рэабілітацыйным цэнтры, насуперак іх правілам, Андрэя ўзялі паўторна. У выніку ён прабыў там два месяцы. І паўплывала на сына гэта вельмі добра. Ён глядзеў на мяне чыстымі вачыма, я забраў яго да сябе. Мы жылі з ім у Марыупалі ў прыватным доме, быў месяц абсалютна цвярозага жыцця, ён фарбаваў, сек, пілаваў. Рабіў усё, што прасілі.

Я забраў малодшага сына Яна-Хрысціяна туды, бо падумаў, што Андрэю трэба добрая кампанія. Аднак замест таго, каб зрабіць лепш, зрабіў толькі горш.

Андрэй зноў пачаў падбіваць малога. Андрэй на пляжы прадаваў піражкі, з’явіліся грошы, прадаваў больш за іншых. Раз выпіў, другі, трэці… Ён згубіў пашпарт, давялося вяртацца ў Беларусь, неяк праскочыў мяжу, ніхто яго не арыштаваў.

«НН»: А як зноў аказаўся ва Украіне?

ЗГ: Захацеў вярнуцца, я прыняў яго зноў. Мы дамовіліся: калі ты скрадзеш грошы, то паедзеш назад. Бо так жыць нельга. Нягледзячы на нашу дамову, ён скраў. Ладна, я прапанаваў: давай яшчэ раз паспрабуем рэабілітацыйны цэнтр. Ты сам туды ідзеш і мінімум месяц жывеш. Ён тыдзень бадзяўся ў Кіеве, аднак даехаў у рэабцэнтр — брудны, без грошай, тэлефона.

Калі прайшоў месяц, то я якраз захварэў на пнеўманію. Яму здавалася, што гэта хлусня, што я яго не забяру, што яго кінулі, падставілі. Я тлумачыў: не хвалюйся, прыеду, забяру, усё будзе добра, а цяпер я проста не ў стане. Ідзе ўжо трэці месяц, ён не верыць мне зусім. Кажу, пачакай вясны, будзе цёпла. Яму было цяжка ў калектыве, але трымаўся, прытрымліваўся правіл, не піў.

Быў момант, калі я мог да яго прыехаць, але кіраўнік цэнтра вельмі прасіў: не прыязджайце, вы ўсё сапсуеце. А трэба было ехаць, каб ён бачыў, што бацька побач.

У адзін момант Андрэй сказаў, што дачакаецца вясны, а потым — оп — тэлефануе: я не магу больш тут знаходзіцца, я нагаварыў тут усім паскудстваў, я сыходжу. «Андрэй, дзе я буду цябе шукаць, калі ты зараз сыдзеш», — кажу яму…

У ноч на 4 лютага ён паехаў у Кіеў. Мы размаўлялі з ім тады 2—3 гадзіны, вельмі доўга, я абяцаў, упрошваў. Ён мне кажа: «Я пайду і памру ў гурбе снегу». З такімі словамі ён знік, яго няма ўжо пяты месяц, ніхто пра яго не чуў.

«НН»: І з таго часу ніякіх вестак?

ЗГ: Я спадзяваўся, што ён усё ж аб’явіцца, калі зразумеў, што не — падаў заяву ў паліцыю. Я шукаў Андрэя па Кіеве, замаўляў абвесткі, раздаваў інфармацыйныя матэрыялы бамжам, гандлярам, у метро раздаваў.

Пачаліся нейкія званкі. І ад нармальных людзей, і ад махляроў. Адзін хрысціянін, які корміць бамжоў на вакзале, казаў, што, магчыма, бачыў сына. Ён прасіў больш абвестак, каб распаўсюджваць. Тэлефанавала жанчына, якая нібыта бачыла Андрэя ў псіхіятрычнай лякарні ў Кіеве. Я з’ездзіў туды, у мяне няма пэўнасці, што сына там няма ці не было.

А трэці званок быў ад махляра. Чалавек кажа, што ён з рэабілітацыйнага цэнтра, цяпер ён у прыёмніку-размеркавальніку, бо быў без дакументаў, у нас ёсць валанцёры, якія могуць прывезці ў Марыупаль. Кажу: куды перавесці грошы? Мне гэты чалавек яшчэ кажа: «А калі б я раптам быў махляр, а вы так адразу». Я, натуральна, адразу ўпэўніўся, што ніякі гэта не махляр. Дае мне нумар рахунку. Але нешта дзёрнула мяне ператэлефанаваць у гэты рэабілітацыйны цэнтр, а там мне кажуць, што нічога такога не чулі. Капец! Гэта самае страшнае з таго, што адбылося, бо я быў упэўнены, што знайшоў яго.

Дасюль Андрэя няма, ва ўсіх бяздомных на Хрышчаціку я распытваў пра сына, ніхто не чуў. Трэба неяк прабіцца на тэлебачанне, замовіць вялікую партыю ўлётак. У Беларусь ён не вяртаўся, прынамсі, у Памежнага камітэта інфармацыі няма.

Цяпер мне найперш трэба дапамога па распаўсюдзе інфармацыі. Усе іншыя варыянты, апроч таго, што ён у Кіеве, я разглядаю як фантастычныя. Я вельмі спадзяюся, што ён не загінуў, наўрад ці б такое магло прайсці без фіксацыі.

Калі ў Вас ёсць магчымасць дапамагчы Змітру ў пошуках сына, звяртайцеся на ўкраінскія нумары 0730458956 (Life), 0687612676 (Кіеўстар).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?