Былы кандыдат у прэзідэнты, палітвязень Аляксандр Казулін зрабіў заяву наконт маючых адбыцца ўвосень парламенцкіх выбараў.

«Важны не сам удзел у выбарах, бо вынік загадзя вядомы. Важны жорсткі кантроль за выбарчымі ўчасткамі, каб пераканаўча паказаць, што ў нас выбары адбываюцца без выбару», - лічыць палітык.

Аляксандр Казулін прапануе дамагацца замены скрыняў для галасавання на празрыстыя, прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях дэмакратычных сілаў, вызначыць найбольш прахадных кандыдатаў ад апазіцыі і сканцэнтравацца на іх прасоўванні.

Калі выбарчая кампанія не будзе дэмакратычнай, то, на думку Казуліна, будзе відавочна, што дэпутаты будуць абраныя па зацверджаных Лукашэнкам спісах.

«У такім выпадку кампанію праводзіць трэба, але дэмакратычным кандыдатам за дзень да выбараў неабходна зняць свае кандыдатуры. Гэты крок неабходны для таго, каб не даць Лукашэнку магчымасці праз подкуп асобных апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты сфармаваць легітымны ў вачах міжнароднай грамадскасці парламент», - заяўляе Казулін.

Казулін даводзіць, што зняцце дэмакратаў з выбараў пакажа тых кандыдатаў, якія будуць пратэжэ Лукашэнкі. Ён таксама лічыць немагчымым сваё вызваленне да парламенцкіх выбараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?