За наўмыснае пашкоджанне маёмасці з прычыненнем урону ў значным памеры асуджаны 33-гадовы жыхар Брэста.
Як паведаміла старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Вера Філонік, увечары 25 студзеня мужчына на аўтамабілі «Шкода-Рапід» накіроўваўся ў Польшчу праз пункт мытнага афармлення «Варшаўскі мост». Супрацоўнікамі Брэсцкай мытні «Шкода» была накіравана ў бокс для надгляду транспартных сродкаў. Там мужчына адмовіўся ад праверкі колаў аўтамабіля, зачыніўся ў ім і на просьбы выйсці не рэагаваў.
Калі мытнікі збіраліся заблакаваць колы «Шкоды», жыхар Брэста націснуў на газ, прабіў уязныя вароты бокса, агароджу пункта пропуску і самавольна пакінуў яго тэрыторыю.
Брэсцкай мытні быў нанесены матэрыяльны ўрон у 42 770 000 рублёў.
26 студзеня мужчына сам вярнуўся на месца ўчынення злачынства. 30 мая суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў яго вінаватым па ч. 1 арт. 218 КК і прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 450 базавых велічынь (94 500 000 рублёў). «Шкода» канфіскаваная як прылада ўчынення злачынства.
На судовым пасяджэнні мужчына, не адмаўляючы сваёй віны, хадайнічаў аб вызваленні яго ад крымінальнай адказнасці і прыцягненні да адміністрацыйнай.
Да разгляду справы ў судзе ён кампенсаваў мытні шкоду ў поўным аб'ёме.
10 чэрвеня вынесены судом прысуд мужчына абскардзіў. Раней ён не судзімы, працуе ў адной з арганізацый Брэста.