22:48
Усё, гульня скончылася. 5:0! «Крумкачы» правалілі гэты барысаўскі экзамен, але ж наперадзе яшчэ 18 тураў.
Дзякуй усім, хто сачыў за анлайн-трансляцыяй на сайце nn.by.
22:46
Суддзя дадае 2 хвіліны да асноўнага часу. Найлепшым гульцом у складзе БАТЭ быў названы Міхаіл Гардзяйчук, у «Крумкі» — Філіп Іваноў.
22:45
Дадзены матч засведчыў, што на сённяшні момант БАТЭ і «Крумкачы» — гэта каманды з розных вагавых катэгорый, настолькі відавочнай была перамога барысаўцаў. Гасцям жа толькі застаецца качаць мускулы, каб у гульні ў Мінску такая ганьба не паўтарылася.
22:42
Эмоцыі б'юць праз край. Невялікая бойка ў нас адбылася паміж футбалістамі. Суддзя своечасова паспеў яе разняць.
22:38
Зусім бязвольнымі сталі «Крумкачы». БАТЭ робіць лік ужо непрыстойным — 5:0. Які боль! Які боль! Адзначыўся Віталь Радзівонаў, забіў галавой пасля флангавай перадачы.
22:34
О, цудоўная для БАТЭ падзея! На газоне з'явіўся форвард Мікалай Сігневіч, якога мучала траўма. Гэта першая гульня нападніка ў гэтым сезоне. Замяніў ён Аляксандра Карніцкага.
22:32
«Цішэ, дзевачкі, не плачце», — спяваюць як фанаты, гэтак і «кузьмічы» БАТЭ.
22:31
Адразу ж за гэтым Ігар Стасевіч саступіў месца на полі эстонскаму легіянеру Артуру Піку.
22:30
Пад мае такія развагі нараджаецца гол чацвёрты. Ігар Стасевіч прамым ударам са штрафнога адпраўляе мяч у сетку — 4:0.
У нас тут хоць галы ёсць, а ў матчы Францыя - Албанія ўсё яшчэ 0:0.
22:29
Інтрыга памерла. Мабыць, адзінае пытанне: колькі ўсё ж галоў сёння заб'юць барысаўцы?
22:25
Адразу дзве замены ў «Крумкачоў». Гаева памяняў Талейка, Шыкаўку — Санец.
У БАТЭ замянілі героя гульні Міхаіла Гардзейчука, замест яго з'явіўся Аляксей Рыас.
22:23
Бацішчаў праверыў Чэрніка. На месцы яшчэ брамнік БАТЭ. Хутка кажуць, што будзе абараняць колеры французскага «Нансі».
22:19
Скажуць, што накаркаў. 3:0. БАТЭ робіць перавагу буйной, а Міхаіл Гардзяйчук выходзіць у адзінаасобныя лідары бамбардзірскай гонкі. Ці спыняцца на гэтым барысаўцы?
22:16
Карніцкі выдаў пас-цукерачку на Радзівонава, які павінен быў расстрэльваць браму суперніка, але нейкім дзівосным чынам трапіў у брамніка. Нейкая у «Крумкачоў» апатыя пачынаецца, каб ім яшчэ не адхапіць пару-тройку галоў.
22:11
На гульні прысутнічае былы рэдактар газеты «Прессбол» Уладзімір Беражкоў. Турма вельмі моцна адбіваецца на чалавечых абліччах, Беражкоў знешне зусім не падобны на сябе двухгадовай даўніны.
22:09
Як заўсёды на гульні ў Барысаве непаўторная Ганна Бонд, фота з яе інстаграма.
22:06
2:0! Без шанцаў для Федарэнкі ўдарыў Міхаіл Гардзяйчук. Мяч і брамнік былі разведзеныя па розных кутах.
Для Гардзейчука - гэта сёмы гол у чэмпіянаце. Даганяе ў бамбардзірскай гонцы Максім Скавыша з жодзінскага «Тарпеда».
22:05
Пенальці! Біць будзе БАТЭ.
22:03
У «Крумкачоў» на замену выйшаў Сяргей Кошаль — самы арыгінальны футбаліст Беларусі. Пачытайце гэтую гутарку для падняцця настрою. Футбаліст, які называе сябе «Акадам».
22:02
Пачаўся другі тайм! На трыбунах прысутнічае 6768 чалавек.
21:46
Нічога не дадае арбітр. Першы тайм скончаны. БАТЭ пакуль перамагае 1:0. Чакаем 15 хвілін.
21:43
Аглушальным свістам сустракаюць трыбуны любое спрэчнае рашэнне галоўнага арбітра сустрэчы. Нават нешта пра «кантрабаса» было чуваць. Жаўнерчык атрымаў папярэджанне.
21:38
Дзядуля згубіў дзіця на стадыёне. Дыктару давялося агучваць, што малы знайшоўся ўсё ў парадку. Прасіў дзядулю забраць хлопчыка. Усё скончылася добра. Знайшоўся і дзядуля, і хлопчык:)
21:36
Мінскія хіпстары крыху зажурыліся. У «Крумкачоў» нічога не атрымліваецца ў атацы. Ну дык, прабачце, не з «Нафтанам» гуляеце. У матчах з БАТЭ звычайныя падыходы не дзейнічаюць, клас у гульцоў адпаведны.
21:30
Яшчэ некалькі разоў барысаўцы разрывалі абарону «Крумкачоў». Пакуль не ляціць мяч паўторна ў браму гасцей. Іваніч і Радзівонаў маглі забіваць.
21:26
Паглядзім, што цяпер будуць рабіць «Крумкачы». Гасцях мусова трэба зраўніваць лік, аднак БАТЭ ўпэўнена кантралюе гульню.
21:24
Гол!!! БАТЭ адкрывае лік у гульні. Да мяча прывяла падача кутняга. Адзначыўся Юрый Кендыш, які ў гэтае міжсезонне перайшоў у БАТЭ з літоўскага «Жальгірыса».
21:23
Фанаты БАТЭ зараджаюць: «Ад…сі ў жоўта-сініх». Не надта такія паводзіны красяць гульню.
21:22
На стадыёне смачна запахла нейкай выпечкай.
21:20
На 19-ай хвіліне нарэшце востры момант ствараюць «Крумкачы». Ідзе падача кутняга і гулец гасцей б'е галавой — крыху міма. Вельмі небяспечна. Мінчукі пачынаюць агрызацца.
21:17
Нічога асаблівага, проста гульня БАТЭ - «Крумкачы».
21:14
Даруйце, усё яшчэ не адзначыў фанатаў «Крумкачоў», што прыехалі на сустрэчу з Мінска. Гэта дастаткова ўнушальны сектар у чорных (клубных) колерах. Мабыць, чалавек 200 ёсць. Прыгожа спяваюць гімн свайго клуба пра «хлопцаў з тутэйшых мясцін».
Барысаўскі фан-сектар, можа быць, і не надта большы, але дакладна лепш арганізаваны, таму ён больш гучны і актыўны. «Крумкачы» толькі вучацца.
21:10
БАТЭ стварыў першы сапраўды востры момант ля варот гасцей, але Федарэнка перавёў мяч на кутні.
Тым часам пачынаюць падыходзіць першыя здымкі з гульні ад Сяргея Гудзіліна.
21:08
Ох ты воооожык! Яшчэ адзін сектар «Барысаў-Арэны» запаўняць салдаты. Відовішча псіхадэлічнае, канечне.
21:06
Першая жоўтая карта ў гульні. Шыкаўка вельмі жорстка сустракае абаронцу БАТЭ Мілунавіча. Да суддзі пытанняў няма.
21:03
Не, гледачоў значна паболела. Не здзіўлюся, калі ў выніку будзе 7-8 тысяч. Усё ж ёсць, ёсць інтарэс у Барысаве да свайго клуба.
Першую атаку праводзіў БАТЭ, але Максім Валадзько не змог абгуляць свае ж ногі. Следам ідзе ўдар па браме «Крумкачоў» — міма.
21:01
Гульня пачалася!
Дарэчы, варта адзначыць новы газон на «Барысаў-Арэне». Прынамсі выглядае ён шыкоўна.
20:58
Каманды выходзяць на поле. Публіка рэагуе вельмі прыязна.
20:56
Людзей на трыбунах пакуль можа тысяч пяць. Яшчэ ёсць чэргі на ўваходах. Аднак магчыма частку барысаўскіх заўзятараў адцягнуў з трыбун Еўра-2016.
Затое цэлы сектар аддадзены для салдатаў з блізкіх Пячэй.
20:53
Дыктар на барысаўскім стадыёне пазычыў поспеху «Крумкачам», але толькі не ў сённяшняй гульні.
Гучыць гімн БАТЭ. Той самы, дзе «БАТЭ — это он, это он, БАТЭ - это наш чемпіон».
20:41
«Крумка» ўпершыню на «Барысаў-Арэне». Паглядзім, ці ўдалым атрымаецца дэбют?
20:38
«Крумкачы» гуляюць у белай форме, БАТЭ — у сіняй.
***
Сёння ў Барысаве адбудзецца адна з найбольш інтрыгоўных сустрэч першай паловы чэмпіяната Беларусі па футболе. Шматгадовы чэмпіён краіны, а таксама лідар гэтага першынства прымае дзёрзкага навічка – «Крумкачы».
«Крумкачы» ўжо паспелі нарабіць шораху ў чэмпіянаце. Каманда атрымала пяць перамог у адзінаццаці гульнях і на дадзены момант размяшчаецца на трэцім радку ў табліцы.
Асабліва яркай у «Крумкі» атрымалася гульня з мінскім «Дынама». Навічок атрымаў звышупэўненую перамогу з лікам 4:1.
БАТЭ і «Крумкачоў» аддзяляе 4 пункты.
Сайт nn.by будзе весці анлайн-трансляцыю з гульні.
***
Склады каманд.
БАТЭ: Чэрнік, Карніцкі, Іваніч, Жаўнерчык, Мілунавіч, Радзівонаў, Стасевіч, Палякоў, М.Валадзько, Гардзяйчук, Кендыш.
«Крумкачы»: Федарэнка, Гаеў, Васілеўскі, Бацішчаў, Іваноў, Скшынецкі, Шчэгрыковіч, Шыкаўка, Калугін, Яшын, В.Глеб.