Паводле звестак Міністэрства статыстыкі і аналізу, колькасць насельніцтва Беларусі на 1 красавіка 2008 года склала 9 млн. 681 тыс. чалавек і ў параўнанні з пачаткам года паменшылася на 8,8 тыс. чалавек.

Асноўная прычына памяншэння насельніцтва — перавышэнне колькасці памерлых над колькасцю народжаных на 9,7 тыс. чалавек. У першым квартале гэтага года нарадзілася 25,3 тыс. дзяцей, што на 900 больш, чым за першы квартал 2007 года, памерла — 35 тыс. чалавек (на 500 чалавек менш).

Найбольшы паказчык натуральных страт насельніцтва зафіксаваны ў Віцебскай вобласці (7,3 чалавека на тысячу насельніцтва). У Брэсцкай вобласці гэты паказчык склаў 2,5 чалавека, Гродзенскай — 4,2, Гомельскай — 4,7, Магілёўскай — 6 і Мінскай вобласці — 6,4 чалавека на тысячу насельніцтва. У сталіцы адзначаны натуральны прырост насельніцтва — 0,8 чалавека на тысячу насельніцтва.

У першым квартале гэтага года натуральны прырост насельніцтва зафіксаваны ў 44 гарадах Беларусі з 112 (39%) і ў 20 пасёлках гарадскога тыпу з 94 (21%), а таксама ў 11 гарадскіх пасяленнях з 206 (5%). Ва ўсіх сельскіх раёнах, акрамя Мазырскага і Мінскага, назіраліся натуральныя страты насельніцтва.

Сярод прычын смяротнасці насельніцтва, паводле звестак Мінстата, лідзіруюць хваробы органаў кровазвароту — ад іх за тры месяцы гэтага года памерла больш за 18,1 тыс. чалавек. Новаўтварэнні сталі прычынай смерці 4,5 тыс. чалавек, хваробы органаў дыхання — 1.079 чалавек, ад інфекцыйных і паразітарных хвароб памерлі 266, уключаючы 168 смярцей ад туберкулёзу, ад хвароб органаў стрававання — 1.091 чалавек. Больш за 3,7 тыс. чалавек загінулі ад знешніх прычын, у тым ліку 100 — патанула, 635 — загінула ў выніку суіцыду, 181 — быў забіты, 801 — загінуў ад выпадковага атручэння алкаголем, 430 — у выніку няшчасных выпадкаў, звязаных з транспартнымі сродкамі.

Пры гэтым смяротнасць нованароджаных знізілася з 5,7 выпадка на тысячу народжаных у першым квартале 2007 года да 4 выпадкаў у першым квартале гэтага года. Сярод прычын смерці дзяцей першага года жыцця 69,5% складаюць станы, што ўзнікаюць у перынатальным перыядзе, і прыроджаныя анамаліі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0