Пасажыры менскага мэтро з‑за закрыцьця на рэканструкцыю станцыі «Кастрычніцкая», магчыма, будуць плаціць за праезд двойчы. Пра гэта Эўрарадыё паведаміў начальнік аддзела пэрспэктыўнага разьвіцьця пасажырскага транспарту прадпрыемства «Мінсктранс» Аляксандар Капцюх.

Нагадаем, перасадачны вузел Менскага мэтрапалітэну закрываецца на рэканструкцыю з 1 чэрвеня. На гэты час ад плошчы Незалежнасьці да станцыі «Плошча Перамогі» будзе курсіраваць бясплатны аўтобус. Аднак, як даведалася Эўрарадыё, пасажырам мэтро давядзецца набываць жэтон і тады, калі яны пасьля праезду ў аўтобусе будуць заходзіць пад зямлю другі раз.

«Пакуль, наколькі нам вядома, у мэтро ўваход другі раз платны… Пакуль канчатковага рашэньня не прынята. Невядома, як аднясецца кіраўніцтва гораду да гэтага факту…», — кажа Аляксандар Капцюх:

І пакуль кіраўніцтва гораду ў гэтым пытаньні яшчэ не прыняло канчатковага рашэньня, дык зь бясплатным аўтобусам усё зразумела — ён будзе курсіраваць з інтэрвалам 1,5 хвіліны. Аднак яго зьяўленьне на праспэкце Незалежнасьці можа прывесьці да новых праблемаў:

«Пры троххвілінным інтэрвале руху 100‑га маршруту ўклініць яшчэ і бясплатны аўтобус, дык аўтобусы будуць ісьці па праспэкце чарадой!»

Адзначым, што рэканструкцыя «Кастрычніцкай», дзе замест трох эскалятараў усталююць чатыры, мусіла працягнуцца пяць месяцаў, аднак мэр сталіцы запатрабаваў, каб усе работы былі завершаныя да 1 верасьня.

Паводле: «Еўрапейскае радыё для Беларусі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0