Праграму атрымання вышэйшай адукацыі імя Кастуся Каліноўскага для беларусаў у Польшчы трансфармавалі ў праграму стажыровак, паведаміла старшыня камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» Іна Кулей. Паводле яе слоў, з новага навучальнага года пачнецца рэалізацыя Стыпендыяльнай праграмы ўрада Рэспублікі Польшча імя Кастуся Каліноўскага — II.

Новая праграма разлічаная на грамадзян Беларусі з магістарскай ступенню ў галіне гуманітарных, сацыяльных навук, эканомікі і права і з'яўляецца працягам і развіццём стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага, заснаванай 30 сакавіка 2006 года.

Кулей зазначыла, што «ўдзельнічаць у праграме могуць людзі, якія ў стане прадэманстраваць навуковыя дасягненні і актыўнасць у сацыяльных, грамадскіх арганізацыях, звязаных з трансфармацыяй грамадства — палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай». Узрост кандыдатаў (акрамя выключных выпадкаў) — да 39 гадоў.

Кулей падкрэсліла, што гаворка ідзе пра магчымасць індывідуальных акадэмічных стажыровак на аснове праектаў, прадстаўленых у рамках заяўкі кандыдатаў.

Кожны з адабраных кандыдатаў зможа атрымліваць стыпендыю на працягу 10 месяцаў (з верасня па канец чэрвеня). Памер стыпендыі — 2.400 злотых (прыкладна 608 долараў) штомесяц. У гэтую суму ўключанае пражыванне, харчаванне і страхаванне.

Польскі ўрад лічыць, што колькасць рэпрэсаваных у Беларусі зменшылася, таму для таго, каб стаць удзельнікам праграмы Каліноўскага-II, неабавязкова быць рэпрэсаваным, сказала Кулей.

Назваць колькасць удзельнікаў новай праграмы яна не змагла. Гэта будзе залежаць ад актыўнасці прэтэндэнтаў. Штогод па праграме Каліноўскага-I студэнтамі польскіх ВНУ рабіліся каля 50 чалавек.

Кулей зазначыла, што ў Беларусі не будзе ажыццяўляцца набор на праграму Каліноўскага-I, аднак студэнты, якія навучаліся ў Польшчы на падрыхтоўчым аддзяленні, працягваюць навучанне на першым курсе, як і ўсе студэнты, якія ўжо навучаюцца па праграме ў польскіх ВНУ.

Кулей дадала, што камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» валодае інфармацыяй аб дзевяці студэнтах, якіх адлічылі з беларускіх ВНУ за палітычную актыўнасць, у прыватнасці за ўдзел у акцыі «Марш студэнтаў» 2 снежня 2015 года. У індывідуальным парадку вырашаецца пытанне аб даванні ім магчымасці працягнуць навучанне ў Польшчы, сказала Кулей.

«Мы стараемся звярнуць увагу польскага ўрада на тое, што рэпрэсаваныя адлічаныя студэнты ёсць. І яны засталіся ў падвешаным стане. Нам бы хацелася дапамагчы маладым людзям», — сказала Кулей.

Праграма Каліноўскага для беларускіх студэнтаў была заснаваная 30 сакавіка 2006 года ў Варшаўскім універсітэце прэм'ер-міністрам Польшчы і рэктарамі вышэйшых навучальных устаноў гэтай краіны. Першы набор у польскія ўніверсітэты па ёй адбыўся ў ліпені таго ж года. Тады на вучобу было прынята больш за 200 чалавек.

Усяго вышэйшую адукацыю ў польскіх ВНУ па праграме Каліноўскага атрымлівала прыкладна 900 чалавек.

Мэтай праграмы было даванне магчымасці закончыць вучобу ў Польшчы тым студэнтам з Беларусі, якія былі адлічаныя з беларускіх ВНУ, арыштаваныя альбо па палітычных прычынах не могуць там вучыцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?