Камандуючы амерыканскімі ўзброенымі сіламі ў Еўропе генерал-лейтэнант Бэн Ходжэс заявіў, што НАТА не ў стане разгарнуць свае сілы ва Усходняй Еўропе так жа хутка, як і Расія.

Генерал Бэн Ходжес з карэспандэнтам ВВС Стывенам Сакурам. Фота ВВС

«Рускія ў стане перамяшчаць вельмі вялікую колькасць войскаў і тэхнікі на вялікія адлегласці вельмі хутка», — сказаў амерыканскі генерал у інтэрв'ю тэлепраграме Бі-бі-сі Hardtalk у ходзе буйнамаштабных манеўраў НАТА на паўночным захадзе Польшчы.

На думку Ходжэса, Паўночнаатлантычны альянс павінен валодаць такой жа здольнасцю. «Мы павінны навучыцца разгортваць свае сілы за тры дні», — лічыць ён.

У натаўскіх вучэннях «Анаконда-16», якія праходзілі ў Польшчы з 7 па 17 чэрвеня, удзельнічалі падраздзяленні з 24 краін альянсу.

На наступны дзень пасля іх заканчэння міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер перасцярог НАТА ад «бразгання зброяй і распальвання мілітарызму», заклікаўшы да замены вучэнняў дыялогам і ўмацаваннем супрацоўніцтва з Расіяй.

«Тыя, хто лічаць, што сімвалічныя танкавыя парады ва Усходняй Еўропе ўмацоўваюць нашу бяспеку, здзяйсняюць памылку», — сказаў Штайнмаер у інтэрв'ю газеце Bild.

Стратэгія НАТА ў адносінах да Расіі будзе абмяркоўвацца на ліпеньскім саміце Паўночнаатлантычнага альянсу ў Варшаве.

Расія праводзіла буйныя вайсковыя вучэнні ля межаў з Украінай у перыяд пасля анексіі Крыма і пачатку ўзброенага канфлікту ў Данбасе.

НАТА таксама рэгулярна скардзіцца на агрэсіўныя паводзіны расійскіх баявых самалётаў у балтыйскім рэгіёне.

«Больш за ўсё мяне турбуе наяўная ў іх свабода манеўру. Кожны раз, калі яны праводзяць неаб'яўленыя вучэнні, асабіста для мяне гэта нечаканасць. І вы разумееце, чаму мяне гэта палохае», — сказаў у ходзе інтэрв'ю генерал Ходжэс.

З 2007 года расійскія ўзброеныя сілы рыхтуюцца да правядзення любых тыпаў аперацый на сваіх межах, дадаў амерыканскі генерал. Будучы канфлікт, на яго думку, хутчэй за ўсё будзе ўключаць элементы «гібрыднай вайны», у тым ліку і ў кіберпрасторы.

НАТА і заходнія палітыкі паказваюць на відавочныя сведчанні таго, што Расія пастаўляе войскі і ваенную тэхніку сепаратыстам у Данецкай і Луганскай абласцях Украіны. Масква заўсёды адпрэчвала гэтыя абвінавачванні, заяўляючы, што на баку самаабвешчаных «народных рэспублік» змагаюцца расійскія «добраахвотнікі».

Генерал Ходжэс прапанаваў стварыць «ваенную Шэнгенскую зону», што дало б 28 сябрам ваеннага альянсу свабоду перамяшчэння войскаў.

Ён таксама выказаў занепакоенасць тым фактам, што Расія ў стане хутка разгарнуць 20 тысяч вайскоўцаў і вялікую колькасць ваеннай тэхнікі ля межаў краіны, якая ўваходзіць у НАТА, або такой краіны, як Грузія ці Украіна.

«Рускія валодаюць поўнай свабодай манеўру ўнутры краіны. Яны могуць перакінуць свае сілы ў любы пункт краіны так хутка, як ім гэта трэба», — заўважыў Бэн Ходжэс.

Тым часам НАТА ўзмацняе сваю прысутнасць ля расійскіх межаў. У Польшчы плануецца размясціць батальён сіл НАТА, і яшчэ па адным батальёне ў трох балтыйскіх краінах — Эстоніі, Латвіі і Літве — агульнай колькасцю 4 тысячы вайскоўцаў.

Гэтыя часткі будуць раціравацца, хоць Польшча настойвае на размяшчэнні на сваёй тэрыторыі пастаянных баз НАТА.

Па словах генерала Ходжэса, альянс перажывае дэфіцыт баявых самалётаў і сродкаў СПА ва Усходняй Еўропе. Аднак ён адзначыў, што сілы стрымлівання НАТА былі ўзмоцненыя дзякуючы таму, што ЗША выдаткавалі 3,4 млрд даляраў на тое, каб «вярнуць у Еўропу ваенную тэхніку».

«Я лічу, што Расія з'яўляецца адзінай патэнцыйнай пагрозай, здольнай знішчыць ЗША, Брытанію, Германію або любую іншую краіну ў сілу таго факту, што яна мае ядзерныя сілы. І рускія шмат кажуць пра сваю ядзерную зброю», — заявіў амерыканскі генерал.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?