У Мінску на вачах у мінакоў раварыст бітай збіў пешахода за тое, што той ішоў па веладарожцы. Са страсеннем галаўнога мозгу пешаход знаходзіцца ў шпіталі.

Гэта фота Васілю Дземідовічу даслалі відавочцы здарэння. На ім відаць чалавека з бітай, які ідзе да ровара, і пешахода, які ляжыць на траве (злева).

Фатограф Васіль Дземідовіч ў нядзелю каля васьмі вечара разам са знаёмай вяртаўся дадому са здымак. На вуліцы Пятра Глебкі недалёка ад царквы ў яго ўрэзаўся раварыст.

— Пару гадоў таму гэтую дарожку разбілі на дзве часткі: для пешаходаў і раварыстаў, — успамінае Васіль. — Калі я вяртаўся дадому, людзей на пешаходнай было шмат, і я выйшаў на веладарожку. У нейкі момант убачыў: насустрач ляціць раварыст. Першае, пра што падумаў: справа ўтаптаная трава, ён павярне і спакойна аб'едзе. Вядома, я і сам мог адысці, але «стармазіў», з кім не бывае?!

Васіль сам ездзіць на ровары ўжо 11 гадоў. Фота з асабістага архіва Васіля Дземідовіча

Урэзаўшыся ў Васіля, раварыст упаў.

— У мяне самога ровар ужо 11 гадоў. Лётаў і падымаўся, — працягвае малады чалавек. — Думаю, асаблівых траўмаў ён не атрымаў, так, крыху праехаўся на каленях.

Што адбылося далей, Васіль усвядоміў не адразу. Проста ў нейкі момант заўважыў: раварыст ускочыў і бяжыць за ім, размахваючы кулакамі.

— Я пабег ад яго. Ну, а што мне было рабіць?! Біцца? — відаць, што стрымаць эмоцыі Васілю становіцца складана. — «Я што, павінен цябе пераскокваць?!» — крычаў ён наўздагон. А потым дастаў з заплечніка, што быў за плячыма, біту і ўдарыў мяне па галаве. На пару секунд я страціў прытомнасць. Калі прыйшоў у сябе, заўважыў: ён ехаў у бок Кунцаўшчыны.

Бліжэйшыя дні Васіль правядзе ў бальніцы.

З месца аварыі Васіля павезла хуткая. У маладога чалавека ЧМТ, сіняк пад вокам, яму наклалі швы на лбе, і бліжэйшыя як мінімум дзесяць дзён ён правядзе ў бальніцы. У той жа вечар бацькі пешахода напісалі заяву ў Фрунзенскае РУУС Мінска. Малады чалавек просіць усіх неабыякавых дапамагчы яму знайсці імпульсіўнага раварыста.

— Я ж сам раварыст, колькі разоў трапляў у такія сітуацыі, але заўсёды аб'язджаў пешаходаў, — заканчвае Васіль. — Вядома, я не раз чуў пра спрэчкі раварыстаў і пешаходаў, але ніколі не бачыў, каб яны вырашаліся кулакамі. Калі яшчэ б той, хто мяне збіў, быў падлеткам — але ж там здаровы мужык гадоў 35. Трэба ж думаць, што робіш!

«Калі вы намалявалі зону для ровара, то дайце яму на яе права»

Таму, што паміж пешаходам і раварыстам паўстаў канфлікт, у Мінскім веласіпедным таварыстве не здзіўленыя. Двухколавага транспарту ў горадзе становіцца больш, а з ім расце і лік праблем. Праўда, часцяком вырашаюцца яны на месцы.

Фота: Юлія Альгерчык

— З пачатку года я магу прыгадаць толькі два выпадкі, калі пешаходы звярталіся ў суд з заявамі на раварыстаў, — кажа старшыня таварыства Павел Гарбуноў. — Але тут, хутчэй, трэба казаць не пра колькасць выпадкаў, а пра тое, чаму так адбываецца.

Першая праблема, па словах суразмоўцы, у тым, што ПДР «загналі» веласіпедыстаў на тратуар. Вядома, удакладняе ён, для тых, хто толькі вучыцца ездзіць, рухацца побач з пешаходамі спакайней.

— Але канфлікты часцей за ўсё ўзнікаюць з-за тых, хто ездзіць на ровары даўно, упэўнена і хутка, — тлумачыць спецыяліст. — Такім людзям было б больш камфортна на праезнай частцы.

Другая праблема, кажуць у грамадстве, самі пешаходы. Зоны рэкамендаванага руху раварыстаў масава сталі з'яўляцца ў Мінску толькі летась, і не ўсе пешаходы прывыклі, што па іх лепш не хадзіць. І тут ужо прэтэнзіі ў раварыстаў: «Калі паласа ёсць, то што там робяць мінакі?».

— У ПДР цяпер блытаніна. Фармальна, калі стаіць знак, дзе намаляваны толькі ровар, то гэта паўнавартасная веладарожка, — працягвае Павел. — Але часцей на знаку з аднаго боку пешаход, з другога — раварыст. У такім выпадку гэта тратуар з рэкамендаванай паласой для ровараў. Але па ПДР раварыст тут не мае ніякіх правоў. Гэта не правільна! Калі вы намалявалі зону для ровара, то дайце яму на яе права. У многіх краінах Еўропы пешаходаў за прагулкі не на сваёй частцы дарогі штрафуюць. У нас пакуль такіх пакаранняў няма.

Павел Гарбуноў лічыць, што пытанні паміж раварыстамі і пешаходамі будуць узнікаць часта. Важна спакойна іх вырашаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?