Зьнікаюць чарапічныя дахі, зьнікаюць адзін па адным, няўмольна. Мала дзе была, але ня будзе болей цаглянага як мае быць колеру даховачкі. Вайна дахоўцы абвешчана ўладай! Тымі, хто так і не навучыўся рабіць яе сам, дый ня вельмі імкнуўся. Тое, што было звычайнай справай калісьці для гарадзенцаў, сталася імпартовай рэччу, амаль што раскошай. А ў рэшце здалося ўладзе непатрэбшчынай. Зьнішчаць дахоўку гэтак, напэўна, прыемна, як руйнаваць старыя камяніцы, напрыклад…

Ты прызвычаіўся гадамі: гарадзенскі дождж цабаніць па чарапічнаму даху над тваёй галавою. Як ня стаць паэтам?! Нават хай гэта будзе паэзія ў прозе. Як супакойваў сапраўдны дах чарапічнага колеру, натхняў, рабіў штодзённую каву яшчэ смачнейшай… Але ў гэтай краіне пастаянныя толькі непрыемнасьці і расчараваньні. І вось ты назіраеш, седзячы за кампутарам з кавай: дзень першы, яны расчынілі акенца і ходзяць па даху штось вымяраючы, занатоўваючы. Сонечнае ўтульнае надвор’е, а на чарапічным даху пастаўлены тлусты крыж. Наступны дзень: 12.30, яны выламалі акенца, пачалі аддзіраць з гукам нашую плоскую дахоўку “бабровы хвост”, бачна, што яна выдатна захавалася, яны вымаюць “балгарку” і робяць дзірку ў даху.

Дзень трэці: яны майструюць жэрала — кішку, саштукаваную з чатырнаццаці жоўтых плястыкавых варонак, каб скідаць празь яе нашую любімую дахоўку. У выхадны дзень ціха. У наступны ў 13.45 яны выбіраюцца на дах, мацуюць вяроўкі і пачынаюць здымаць “бабровы хвост”. Сёньня ў невялікім падворку дзейнічае вялікі будаўнічы кран, ледзьве не трапляючы стралой у вокны, зьнішчэньне чарапічнага даху працягваецца. Пра гэта ўжо было вядома напярэдадні, але хацелася, каб здарылася чым пазьней. Мой прыяцель кажа: гэта вельмі падобна на распаўсюджаны сёньня “откат”, яны наладзілі вытворчасьць мэталадахоўкі і ім трэба яе кудысьці збываць. Я не спрачаюся: іх прасілі — уцяпліце сьцены, яны адказалі — гэта дорага і пачалі ламаць дах. Гарачае лета пад чарапіцай і гарачае лета пад жалезам…

На другім баку вуліцы ў мінулыя разы зьдзёрлі дахоўку з дзьвюх камяніцаў, замянілі бляхай і — мэталадахоўкай — у другім разе. Назіраў праз вакно з жалем. Здавалася, нас гэта ня будзе датычыць. У нас іншая, лепшая дахоўка, можна было адно падрамантаваць: сям-там некалькі штук выпалі. Але ў Горадні пачаўся ўпэўнены наступ на дахоўку. Увогуле я ня супраць мэталічнай, зважаючы, што палова камяніц Старога гораду дагэтуль гібеюць пад брудна-шэрым савецкім шыфэрам… Ледзь ня ўпаў, убачыўшы навюткую (дарэчы, зь Нямеччыны) сьветлую даховачку на камяніцы, што збоку пляца Тызэнгаўза, дах толькі што замянілі. Гэта дом нашага архітэктара, у яго ёсьць густ…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?