У Лоеве 21 чэрвеня затрыманы журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі.
Ён паведаміў, што затрыманне рабіла кіраўніцтва мясцовага аддзела ўнутраных спраў.
«Мы здымалі цагляны завод, на якім цяжкае эканамічнае становішча, людзі атрымліваюць капейкі, працы іншай у райцэнтры няма. Прыехала міліцыя, мяне і калегу Аляксея брутальна затрымалі, даставілі ў аддзел, у дзяжурную часць. Апаратуру — відэакамеру — выхапілі з рук і, хутчэй за ўсё, зламалі. Мяне ў дзяжурнай часці звалілі на падлогу, надзелі кайданкі, станавіліся нагой на галаву, прычым гэта рабіў чалавек, які назваўся намеснікам начальніка РАУС Генадзем Маджарам», — расказаў па тэлефоне Жукоўскі.
Паводле яго слоў, у яго падняўся ціск, яму выклікалі хуткую дапамогу. «Мне зрабілі ўколы, і цяпер я ў міліцыі — складаюць пратакол, пакуль невядома, за што менавіта», — дадаў журналіст.
У Лоеўскім РАУС пакуль не каментуюць здарэнне. «Вам ператэлефануюць», — паабяцаў дзяжурны аддзела.