Інтэрв’ю намесніка старшыні БНФ Алеся Міхалевіча «Салідарнасці», у якім ён раскрытыкаваў кіраўніцтва партыі і паскардзіўся на ўнутрыпартыйны ўціск, можа каштаваць яму пасады і сяброўства ў партыі.

Зараз ягоны лёс вырашае камісія партыйнага кантролю. Між тым старшыня партыі Лявон Баршчэўскі заявіў «Салідарнасці», што на бліжэйшым з’ездзе збіраецца паставіць ультыматум: альбо ў партыі застаецца Міхалевіч, альбо ён.

У нядзелю, 18 мая, Партыя БНФ праводзіла пасяджэнне Сойму. Адным з пытанняў было інтэрв’ю Алеся Міхалевіча, надрукаванае ў «Салідарнасці» 11 мая. У ім намеснік старшыні расказаў пра метады, якія выкарыстоўваюць супраць яго ў партыі, аб прычынах ягонага канфлікту з Вінцуком Вячоркам, а таксама раскрытыкаваў стыль кіравання Лявона Баршчэўскага.

— У сказаным Міхалевічам ёсць яўныя парушэнні нашых пастаноў, — заявіў «Салідарнасці» старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі. — Я праінфармаваў Сойм, што перадаў гэтае інтэрв’ю на камісію партыйнага кантролю. Цяпер гэта справа камісіі, і няхай яна вырашае лёс Міхалевіча.

Па словах Лявона Баршчэўскага, Міхалевіч яшчэ больш усугубіў сітуацыю.

— Напярэдадні пасяджэння ён разаслаў партыйцам свой артыкул за чужым прозвішчам. Гэта той матэрыял, які, нібыта, быў напісаны Лёлікам Ушкіным. Аднак я дакладна магу даказаць, што гэта ня стыль Ушкіна. Ды і пры чым тут ён? Але няхай з гэтым разбіраецца камісія. Я ж са свайго боку пастаўлю на наступным з’ездзе пытанне: альбо Міхалевіч альбо я. Іншага выйсця я не бачу.

На думку самога Алеся Міхалевіча, такі шырокі рэзананс ягонае інтэрв’ю атрымала таму, што «некаторым асобам вельмі не хацелася, каб пэўная інфармацыя выходзіла за межы партыі».

— Таму і такая рэакцыя, — патлумачыў ён «Салідарнасці». — Яны абурыліся маімі выказваннямі, бо думалі, што змогуць і далей рабіць усё ціха, без шырокага рэзанансу. Аднак не атрымалася.

Што ж датычыць узгаданага артыкула Лёліка Ушкіна, то Алесь Міхалевіч цалкам адмаўляе сваё аўтарства.

— Не ведаю, у чым дакладна ўпэўнены Баршчэўскі, але Ушкін упэўнены у тым, што гэта яго артыкул. Я шмат размаўляў з Лёлікам пра сітуацыю ў БНФ і таму, магчыма, там ёсць некаторыя мае фразы. Аднак я да яго не маю дачынення. Рассылаў яго таксама не я. Думаецца, хтосьці з тых, хто мяне падтрымлівае.

Пра інтэрв’ю, дадзенае «Салідарнасці», Алесь Міхалевіч ніколькі не шкадуе.

— Магчыма, я расказаў троху зашмат. Але ёсць у гэтым і станоўчы бок. Напрыклад, на гэтым Сойме ўсе ўжо хвалілі Юрася Губарэвіча. Іншымі словамі, увесь агонь я ўзяў на сябе. Што ж да камісіі, то, мне падаецца, што ў іх няма механізму мяне выключыць. Я ж пакуль збіраюся працаваць далей.

Настасся Зелянкова, Салідарнасць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0