Выхад Брытаніі з Еўрасаюза будзе мець наступствы і для свету, і для Расіі, заявіў Уладзімір Пуцін.

Ён падкрэсліў, што Расія не будзе ўмешвацца ў працэсы, звязаныя з «брэксітам», і ніколі не спрабавала гэтага рабіць.

Расійскі прэзідэнт, выступаючы ў Ташкенце па заканчэнні саміту ШАС, раскрытыкаваў словы прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Дэвіда Кэмерана, які заявіў, што «брэксіт» — на руку Расіі.

Пуцін назваў гэтыя словы брытанскага прэм'ера «праявай нізкага ўзроўню палітычнай культуры».

«Не думаю, што «брэксіт» паўплывае на санкцыйную палітыку ЕС у дачыненні да Расіі», — цытуе Пуціна Інтэрфакс.

Расія будзе імкнуцца да мінімізацыі негатыўных наступстваў «брэксіта» для эканомікі краіны, дадаў Уладзімір Пуцін.

Раней прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў выказаў занепакоенасць напружанай сітуацыяй на рынках і падзеннем коштаў на нафту, выкліканымі вынікамі рэферэндуму аб выхадзе Брытаніі з ЕС.

«Ужо ўпала цана на нафту. Курс фунта, еўра таксама знаходзіцца пад ціскам. Вельмі сур'ёзна павысілася валацільнасць рынку сыравіны і фондавых рынкаў. Нас, вядома, гэта не радуе. Гэта дадатковыя рызыкі для сусветнай эканомікі, а значыць, і для нашай эканомікі, якая з'яўляецца часткай эканомікі сусветнай», — сказаў Мядзведзеў.

Паводле слоў расійскага прэм'ера, ураду трэба будзе прааналізаваць наступствы брытанскага рэферэндуму і прыняць унутраныя рашэнні ў інтарэсах расійскай эканомікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0