24 чэрвеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні праект Кодэкса аб культуры.
Як паведаміла намеснік старшыні парламенцкай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Наталля Кучынская, неабходнасць падрыхтоўкі праекта кодэкса абумоўленая патрэбай у комплексным і сістэмным рэгуляванні грамадскіх адносін у сферы культуры, якая прадстаўленая адзінаццаццю напрамкамі культурнай дзейнасці і якая цяпер рэгламентуецца больш чым 60 нарматыўнымі прававымі актамі рознай юрыдычнай сілы.
Праект кодэкса складаецца з агульнай і спецыяльнай частак, пяці раздзелаў і 257 артыкулаў. Дакумент прадугледжвае супрацоўніцтва дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, а таксама павялічвае ролю грамадскасці ў вырашэнні пытанняў культуры. У прыватнасці, прадугледжана стварэнне пры дзяржорганах грамадскіх назіральных камісій па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, грамадскіх саветаў, камісій і іншых кансультацыйных органаў і экспертных фарміраванняў па пытаннях культуры.
Праект кодэкса ўключае спонсараў і мецэнатаў культуры ў кола суб'ектаў культурнай дзейнасці. Творчым саюзам даюцца правы ажыццяўляць без стварэння камерцыйных арганізацый і ўдзелу ў іх дзейнасць па вытворчасці фільмаў і тэлевізійных праграм, творчую дзейнасць і забавы, а таксама дзейнасць па рэалізацыі адукацыйнай праграмы навучальных курсаў і адукацыйнай праграмы ўдасканалення магчымасцяў і здольнасцяў асобы.
У дакуменце замацаваная абавязковасць перадачы ў дзяржаўную ўласнасць прафесійна і выпадкова выяўленых археалагічных артэфактаў. Праект змяшчае забарону грамадзянскага абароту археалагічных артэфактаў на тэрыторыі Беларусі, за выключэннем іх набыцця, продажу, дарэння, мены дзяржаўнымі музеямі і навуковымі арганізацыямі.
Акрамя гэтага, прапануецца спрасціць парадак прыняцця некаторых кіраўнічых рашэнняў пры ажыццяўленні музейнай, бібліятэчнай дзейнасці і аховы гісторыка-культурнай спадчыны.