Прэм'ер-міністр Брытаніі Дэвід Кэмеран заявіў у парламенце, што ўсе ключавыя рашэнні пра выхад краіны з ЕС павінен будзе прымаць яго пераемнік. Кабінет Кэмерана падрыхтуе для яго даведкі, але заяву аб выхадзе падаваць не стане.

Выступаючы ў панядзелак у палаце абшчын з афіцыйным абвяшчэннем вынікаў рэферэндуму 23 чэрвеня пра сяброўства Брытаніі ў Еўрасаюзе, Дэвід Кэмеран сказаў, што ён ужо апавясціў кіраўніцтва ЕС, а таксама канцлера Германіі Ангелу Меркель аб тым, што яго кабінет не мае намеру афіцыйна ініцыяваць працэс выхаду Брытаніі з Еўрасаюза.

Прэм'ер мае намер паўтарыць гэта ў аўторак на пасяджэнні Еўрапейскага Савета.

Кэмеран запэўніў, што яго ўрад робіць і зробіць усё, што ў яго сілах, але «ўсе ключавыя рашэнні не будуць прынятыя да таго часу, пакуль не з'явіцца новы прэм'ер-міністр».

Адразу пасля перамогі прыхільнікаў выхаду Брытаніі з ЕС на рэферэндуме, Кэмеран, які выступаў за Еўрасаюз, абвясціў, што сыдзе ў адстаўку да кастрычніка. Сярод яго імаверных пераемнікаў называюць лідара лагера еўраскептыкаў Барыса Джонсана і міністра ўнутраных спраў Тэрэзу Мэй, якая па пытанні аб сяброўстве ў ЕС падтрымлівала прэм'ера.

Кэмеран паведаміў у панядзелак у парламенце, што ўрад створыць адмысловую групу з прадстаўнікоў розных ведамстваў, якая падрыхтуе інфармацыю пра варыянты развіцця адносінаў з Еўрасаюзам для будучага ўрада.

«Мы ў поўнай меры прыцягнем да гэтага працэсу ўрады Уэльса, Шатландыі, Паўночнай Ірландыі і мы будзем кансультавацца з Гібралтарам і кароннымі ўладаннямі», — дадаў Кэмеран.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?