«Просім аднавіць законнае права на праход да сваіх будынкаў і ўчасткаў, а таксама на праезд хуткай дапамогі, міліцыі і ратавальнікаў», — пішуць у генеральную пракуратуру былыя работнікі Белтэлерадыёкампаніі. Адзіную дарогу, якая вядзе ў іх садовае таварыства «Хваля-2001», перагарадзілі для будоўлі пасёлка сілавікоў.
Канфлікт паміж двума дзясяткамі былых тэлевізійшчыкаў і сотнямі работнікаў сілавых ведамстваў разгарэўся ў полі каля вёскі Ганчароўка Смалявіцкага раёна — гэта некалькі кіламетраў ад Кургана Славы.
Работнікі тэлебачання атрымалі свае надзелы яшчэ ў пачатку 1980-х. «Нам выдзеліла Белтэлерадыё. Я пры Бураўкіну працаваў. Гэта цяпер і АНТ, і СТБ, а тады быў адзін галоўны канал… — расказвае Уладзімір Душкевіч, былы галоўны рэдактар «Панарамы» і намеснік генеральнага дырэктара радыё. — Тут надзел дыктаркі Тамары Бастун. Побач — кінарэдактар Таццяна Гетман, дом сям’і футбольнага каментатара Мікалая Петрапаўлаўскага. Увесь горад сюды прыязджаў па маліны…»
Цяпер склад таварыства часткова змяніўся — некаторыя гаспадары прадалі сваю зямлю.
Каб дабрацца да сваіх лецішчаў, тэлевізійшчыкі ехалі па лясной дарозе. Праўда, з цягам часу дрэвы высеклі, і лес ператварыўся ў поле.
«На гэтай тэрыторыі ссечана больш за сотню дубоў. Ад 10 да 20 гадоў дрэвам — усё знішчана… Я хімік па адукацыі, экалогіяй займаюся, вывучаю прадукты гарэння ўсіх будаўнічых матэрыялаў, — тлумачыць навуковы супрацоўнік БДУ Дзмітрый Кляўчэня. — Я тут 32 гады. Каля 100 дубоў маіх тут, адно дрэва ў гонар унука пасадзіў! Пасадзіў і ялінкі. Думаў, што нашчадкам гадаваў. Даглядаў, абкошваў кожны год… Частку зрэзалі ўжо. Потым па плане ў іх тут наогул усё ссекчы».
Год таму жыхары «Хвалі» пабачылі пасярод поля калкі з пазнакай «мяжа забудовы». Як выявілася, мясцовыя ўлады выдзелілі зямлю для стварэння новага садовага таварыства «Вектар-2012». А тыя паспелі «нарэзаць» каля 200 участкаў для будаўніцтва дамоў і размеркаваць іх. Ніякага грамадскага абмеркавання пры гэтым не праводзілася.
Цікавая дэталь: у жніўні 2014 года быў падпісаны ўказ №387, які змяняў нормы выдзялення ўчасткаў пад новыя садовыя таварыствы. Паводле яго, з 1 студзеня 2015 года зямлю каля Мінска можна было атрымаць толькі праз аўкцыёны. Дык вось, «Вектар» атрымаў зямлю роўна за дзень да забароны. Смалявіцкі лясгас атрымаў кампенсацыю памерам 490 мільёнаў рублёў.
Будаўніцтва новага пасёлка пакуль не вядзецца, але аўтамабільнай дарогі праз поле для жыхароў «Хвалі» больш няма. Застаецца іншы шлях — праз дзірку ў плоце суседняга садовага таварыства.
Ну а хуткая дапамога ці ратавальнікі не праедуць зусім ніяк, бо дарога перагароджана сеткай «Вектара».
«Ехаў мой пляменнік, вёз дзве бочкі. Мы вырашылі раскрыць сетку, выгрузілі, ён з’ехаў — зачынілі. Па нумары машыны знайшлі яго тэлефон, патэлефанавалі: з вамі будзе разбірацца спецыяльная служба, — абураецца жыхарка «Хвалі» Тамара Міхайлаўна. — Што мы парушылі? Мы газ замаўляем у Жодзіне, і як цяпер?»
«Выступае вось прэзідэнт за паўтара дні да таго, як пачалі высякаць, і кажа: «Лес — наша здароўе, лес — наша багацце, яго трэба захоўваць», — узгадвае Валянціна Гаўрылаўна, жонка Уладзіміра Душкевіча. — Праз паўтара дня тэлефануе сусед Валодзя: што вы там седзіце? А лес жа ўжо высякаюць. Мы прыязджаем — сякуць поўным ходам».
«Цяпер варыянты два. Або праз дзірку, або праціснуцца паміж двума платамі. Інваліды ёсць у нас, пажылыя, з кіёчкамі многія. Я яшчэ як кошка тут», — удакладняе Ала Вікенцьеўна з Мінкульта.
Што ж за загадкавы «Вектар» са сваёй «спецыяльнай службай» перакрыў дарогу тэлевізійшчыкам?
Жыхары «Хвалі» знайшлі спіс тых, хто стане іх суседзямі. Абсалютная большасць з гэтых 200 чалавек — мужчыны 30—50 гадоў, у спісе толькі дзве жанчыны. Адметна, што фактычна ніводнага з гэтых імёнаў няма ў сацыяльных сетках — як вядома, такая рэкамендацыя існуе для супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. Некалькі «вектараўцаў» прапісаныя ў інтэрнатах МУС, некалькі — у інтэрнаце Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта. Дзясяткі іншых сілавікоў зарэгістраваныя ў розных кватэрах адных і тых жа дамоў на сталічных вуліцах Нёманскай і Скрыпнікава.
У землеўпарадкавальнай службе Смалявіцкага райвыканкама пацвярджаюць, што гаспадары надзелаў у «Вектары» — прадстаўнікі сілавых структураў. Зямля ім выдзялялася ад ведамства, чалавек з вуліцы прэтэндаваць на ўчасткі не мог. Больш за тое, вакол «Хвалі» неўзабаве з’явіцца яшчэ два новыя садовыя таварыствы — «Лавіна» і «Стралец». Яны таксама паспелі аформіцца да ўступлення ў сілу зменаў у заканадаўстве.
Пра канфлікт садовых таварыстваў чыноўнікі ведаюць. Але зрабіць нічога не могуць. «Афіцыйнай дарогі ў «Хвалю» няма. У іх ёсць толькі заезд, а дарога за імі не замацоўваецца. У іх будзе прадугледжаны праезд праз іншыя два садовыя таварыствы, якія пакуль што яшчэ на стадыі афармлення», — тлумачаць у землеўпарадкавальнай службе.
Чыноўнікі кажуць, што такая сітуацыя склалася ўпершыню.
«Давайце я пайду да гэтага Лукашэнкі!.. Мне ўнукі купілі 5 балонаў газу. А як іх прывезці?» — кажа даведзеная да адчаю 84-гадовая бабуля з «Хвалі».








