5 чэрвеня 2016 года ў Швейцарыі адбыўся рэферэндум па пытанні ўвядзення гарантаванага безумоўнага даходу. Сутнасць ініцыятывы была ў тым, каб кожны швейцарац атрымліваў штомесячную дапамогу памерам 2500 тысяч франкаў на дарослага і 625 франкаў на дзіця. Але швейцарцы адмовіліся ад падобнага «падарунка» – амаль 77% выбарцаў прагаласавалі супраць.

«Наша Ніва» вырашыла прааналізаваць і знайсці адказы на асноўныя пытанні, якія тычацца безумоўнага базавага даходу. У якіх краінах свету практыкуюцца выплаты безумоўнага даходу? Дзе знайсці для гэтага грошы? І самае галоўнае: базавы даход з’яўляецца звычайным левым папулізмам і толькі пародзіць утрыманства, альбо ў стагоддзе камп’ютарызацыі і рабатызацыі гэта непазбежная будучыня?

Адкуль пайшла ідэя «безумоўнага даходу»?

Гэтая канцэпцыя была прапанавана яшчэ ў канцы 18 стагоддзя некалькімі еўрапейскімі філосафамі. Падчас крызісу і беспрацоўя 1930-х ідэя так званага «сацыяльнага крэдыту» стала вельмі папулярнай. Найбольш блізкімі да ажыццяўлення былі ідэі брытанскіх і канадскіх лібералаў, якія прапаноўвалі ўвесці безумоўны базавы даход у 1943 і 1985 гадах. Брытанскія эканамісты Стэндзінг і Паркер нават распрацавалі розныя мадэлі рэалізацыі «безумоўнага даходу». Але іх праекты так і засталіся на паперы.

Дзе ўзяць для гэтага грошы?

Ідэолагі базавага даходу прапаноўваюць некалькі крыніц фінансавання.

У першую чаргу гэта розныя віды падаткаў (адмоўны падатак, падатак на раскошу, на забруджванне, на зямлю і прыродныя рэсурсы і г.д.).

Апошнім часам паступова з’яўляецца і новая крыніца, дзе можна знайсці грошы. Імклівая аўтаматызацыя і рабатызацыя вытворчасці значна скарачаюць патрэбу ў чалавечых рэсурсах. Усё тое, што раней рабілі сотні чалавек, сёння можа зрабіць адзін робат. Ужо зараз існуюць заводы, дзе чалавек амаль не патрэбны.

Так працуе завод «Тэсла».

А так — лагістычны цэнтр «Амазон».

Прадукцыйнасць працы будзе настолькі высокая, што кампаніі без праблем будуць плаціць падаткі, грошы з якіх дзяржава будзе накіроўваць грамадзянам у выглядзе выплаты «безумоўнага даходу».

Якія праблемы гэта вырашыць?

Апісаная вышэй аўтаматызацыя і рабатызацыя вытворчасці, нягледзячы на безумоўныя перавагі, выклікае і сур’ёзную праблему – рост беспрацоўя. Большасць людзей стануць непатрэбнымі на заводах, і далёка не кожны зможа знайсці сябе ў сферы паслуг. Праз рост прадукцыйнасці працы дзяржава зможа атрымліваць больш грошай у выглядзе падаткаў. Гэтыя «лішнія» грошы дзяржава можа накіроўваць на выплату базавага безумоўнага даходу, тым самым вырашыцца праблема «тэхналагічнага беспрацоўя».

Акрамя гэтага, людзі не будуць вымушаныя чапляцца за любую працу толькі дзеля таго, каб выжыць. Замест гэтага яны змогуць атрымаць новую адукацыю ці перапрафіліравацца і займацца тым, што ім сапраўды цікава.

Безумоўны базавы даход гэта прапанова левых палітычных сіл?

Тут усё не так проста. Сярод прыхільнікаў «базавага даходу» ёсць як «левыя», так і «правыя». «Правыя» традыцыйна выступаюць за мінімізацыю альбо нават скасаванне сацыяльнага забеспячэння. Але сама канцэпцыя «безумоўнага базавага даходу» прадугледжвае скасаванне іншых шматлікіх сацыяльных выплат (дапамогі па беспрацоўі, ільготаў і г.д.). Замест розных субсідый грамадзяне атрымліваюць фіксаваную колькасць грошай. Гэта значна скарачае бюракратыю і выдаткі на адміністраванне сацыяльных выплат. Дзяржаве больш не патрабуецца такая вялікая колькасць чыноўнікаў для размеркавання грошай. Такім чынам, канцэпцыю «безумоўнага базавага даходу» падтрымліваюць і некаторыя правыя палітыкі, якія бачаць у гэтым спрашчэнне сістэмы сацыяльнага забеспячэння.

Практычныя вынікі:

У некаторых краінах былі праведзеныя пілотныя эксперыменты па ўвядзенні безумоўнага базавага даходу. Асцярогі, што бедныя людзі будуць траціць грошы на алкаголь і наркотыкі, не спраўдзіліся. У большасці выпадкаў вынікі былі добрыя.

У 2008 і 2009 гадах жыхары двух намібійскіх пасёлкаў атрымоўвалі па 100 намібійскіх даляраў на месяц. У выніку навукоўцы назіралі змяншэнне беднасці і ўзроўню злачынстваў, павышэнне эканамічнай актыўнасці і ўзроўню наведвальнасці ў школах.

Падобныя эксперыменты праводзіліся ў Бразіліі і Індыі. І вынікі былі пераважна станоўчыя.

У 2016 і 2017 гадах эксперыменты працягнуцца ў некаторых гарадах Нідэрландаў, Фінляндыі і Канады.

У чым небяспека?

Нягледзячы на салодкія аргументы ініцыятараў безумоўнага даходу, у дадзеных умовах падобную канцэпцыю рэалізаваць вельмі цяжка.

Сістэма патрабуе вялікіх расходаў. Так, швейцарскі ўрад падлічыў, што рэалізацыя безумоўнага базавага даходу патрабавала б 208 мільярдаў франкаў у год, гэты пры тым, што гадавы ВУП Швейцарыі складае крыху больш за 700 мільярдаў франкаў.

Гарантаваны даход значна зніжае стымул працаваць (заахвочвае ўтрыманства), што выклікае падзенне прадукцыйнасці працы.

Акрамя гэтага, базавы безумоўны даход можа толькі ўзмацніць міграцыйны крызіс, бо выплаты гарантаванага даходу стануць новым стымулам для міграцыі.

Што далей?

Нягледзячы на тое, што ў дадзены момант ажыццявіць ідэю амаль немагчыма, у найбліжэйшыя дзесяцігоддзі яна можа быць рэалізавана ў некаторых развітых краінах. Тое, што гучыць зараз як папулізм, у хуткім часе будзе ўспрымацца як рэальнасць. Узровень «тэхналагічнага беспрацоўя» будзе павялічвацца імклівымі тэмпамі, і вырашэнне гэтай праблемы з дапамогай выплаты гарантаванага даходу зможа аб’яднаць левыя і правыя палітычныя сілы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?