На гэтым тыдні завершыцца ліквідацыя яшчэ аднаго прамысловага прадпрыемства — Слуцкай тэкстыльнай фабрыкі. Яна прайграла канкурэнцыю туркам і кітайцам.
Паведамленьні пра звальненьне ў сувязі з банкруцтвам прыйшлі да ўсіх 135 працаўнікоў Слуцкай тэкстыльнай фабрыкі.
Прычына ліквідацыі — хранічная стратнасьць. Правінцыйнае прадпрыемства цалкам прайграла ў канкурэнцыі кітайскім і турэцкім вытворцам. Ад асноўнай слуцкай прадукцыі — махровых ручнікоў — адвярнуліся пакупнікі.
Раней, пакінутая бяз донарства зь бюджэту, мусіла зачыніцца тутэйшая макаронная фабрыка. За ёй — завод «Модуль» і прадпрыемства «Ландыш».
А што ж былыя тэкстыльшчыцы? Большасьці з жанчынаў цяпер 40‑42 гады. Хто іх возьме на працу?
— У Слуцку запатрабаваныя гандляры і цырульнікі, — рапартуе намесьніца старшыні райвыканкаму Ала Русак, — яшчэ ёсьць патрэба і ў швачках. Увогуле, плянуем сёлета стварыць 1.400 працоўных месцаў. Не прападуць і тэкстыльшчыцы.
Па дадзеных упраўленьня па працы, занятасьці й сацыяльнай абароне Слуцкага райвыканкаму, на ўліку цяпер 635 беспрацоўных.