30 чэрвеня, выступаючы на сумесным пасяджэнні палат парламента, віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка распавёў, куды ўрад накіруе лішак электраэнергіі, які ўтворыцца пасля запуску Беларускай АЭС.
Беларуская АЭС. Фота: Аляксандр Васюковіч, tut.by
Уладзімір Сямашка распавёў, што бізнэс-план па будаўніцтве АЭС рыхтаваўся ў 2008-2009 гадах з улікам прагнозаў па росце эканомікі на пяцігодку 2011-2015 гадоў. Аднак фактычныя паказчыкі па мінулай пяцігодцы аказаліся ніжэйшымі за прагнозныя.
«Вы ведаеце, як мы завяршылі мінулую пяцігодку і якія межы паставілі на гэтую. У разы тэмпы росту ўпалі. Нават пры выкарыстанні праграм энергаэфектыўнасці, якія надзвычай паспяхова рэалізуюцца ў Беларусі, на кожны працэнт росту ідзе прыкладна 0,3-0,4% спажывання энергіі. Паколькі запланаванага прыросту не будзе, у нас утварыўся лішак, — растлумачыў віцэ-прэм'ер. — Была распрацаваная праграма і створаная працоўная група па пытанні, як «з'есці» гэтую дадатковую энергію з карысцю для энергетыкаў, атамнай станцыі і народнай гаспадаркі».
Асноўная сістэма мер заключаецца ў будаўніцтве катлоў-назапашвальнікаў пры цеплавых станцыях і стварэнні пускарэгулюючых магутнасцяў. Гэты праект трэба рэалізаваць у бліжэйшыя 2,5-3 гады, паведаміў Сямашка. Ён абыдзецца ў 350-400 мільёнаў даляраў.
Залішнюю электраэнергію можна выкарыстоўваць таксама для працы новага віду гарадскога транспарту — электробусаў — і для электрыфікацыі чыгунак.
«Калі памяць мяне не падманвае, у нас 18% чыгуначных шляхоў электрыфікавана. Гэта вельмі мала ў параўнанні з вядучымі краінамі свету, таму нам трэба сур'ёзна гэтым займацца», — сказаў Сямашка.
Яшчэ адна ідэя па выкарыстанні лішкаў — накіраваць іх на электрыфікацыю населеных пунктаў у Чарнобыльскай зоне.
«У нас 60% Чарнобыльскай зоны сёння газіфікавана. Калі даціснуць да 100%, трэба адшукаць яшчэ 13,2 трыльёна рублёў. Калі паставіць больш сціплую задачу газіфікаваць толькі аграгарадкі, то можам абысціся ў 2,5 трыльёна рублёў. А на астатнія, неперспектыўныя, вёсачкі падвесці лініі электраперадачы. Гэта патрабуе значна меншых выдаткаў, яшчэ 2-3 трыльёны», — паведаміў віцэ-прэм'ер.
Нагадаем, запуск першага энергаблока БелАЭС намечаны на 2018 год.