Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец 30 чэрвеня аштрафаваны судом Маскоўскага раёна Мінска за ўдзел у акцыі салідарнасці з Эдуардам Пальчысам, якая прайшла 9 чэрвеня, на 50 базавых велічынь (10,5 млн рублёў).

Як паведаміў Севярынец, рашэнне суд прыняў завочна, бо сам ён на судовым пасяджэнні не прысутнічаў.

9 чэрвеня Севярынец і яшчэ сем актывістаў правялі ў Мінску акцыю салідарнасці з заснавальнікам сайта 1863х.com Эдуардам Пальчысам (псеўданім Джон Сільвер), які ўтрымліваецца ў сталічным СІЗА-1.

Раніцай 30 чэрвеня па абвінавачанні ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў адбыліся суды і над іншымі ўдзельнікамі акцыі.

Актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі Дзяніс Краўчук аштрафаваны на 25 базавых велічынь (5,25 млн рублёў), актывістка і праваабаронца Наталля Гарачка-Басалыга — на 50 базавых велічынь.

Прадстаўніка АГП Антона Жылко асудзілі 27 чэрвеня, прызначыўшы пакаранне ў выглядзе штрафу ў 50 базавых велічынь.

Рэдактар сайта www.1863x.com Эдуард Пальчыс быў затрыманы на тэрыторыі Расіі і 26 мая экстрадаваны ў Беларусь. Ён абвінавачваецца па ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасці) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?