Пра музычны чыньнік хіба ня будзем — пануры тэмп, па‑карчмарску разьдзяўбаныя клявішы ды блатныя акорды. У такім кірунку эмоцыямі трэба браць. А Длускі, хоць і напружвае зьвязкі часам, не дае рады. Голас яго часам удае на Высоцкага, але ўсё болей на прафэсара Лебядзінскага :).
Сваё немудрагелістае творчае крэда сьпявак выказаў, пэўна, у песеньцы пра «Жыцьцё»: ах, маўляў, як хочацца проста жыць ды проста сьпяваць. Але ж пытаньне ў тым, ці захочацца гэта каму‑небудзь спажываць.
Аўруцін беларускай аўтарскай песьні, акром вечных тэмаў пра жыцьцё ды любоў, уздымае і надзённае: трэба, бач ты, братцы, вяртаць наш СССР.
Туга без прасьвету па вялікай краіне чуецца па ўсім альбоме: «В одночасье разрушили тебя, Страна», — пакутуе аўтар. «Наш дом 15 этажей, жил белорус, туркмен, еврей…» — тут ужо настальгічная сьляза пацякла. «Беларусь, Украина, Россия — это вера, надежда, любовь», — а тут ужо зусім без камэнтароў. Цікава, калі б зладзіць публічны двубой Длускі‑Бартосік — хто б выйграў? :)
У незаідэалягізаваных песьнях выканаўца апынаецца банальным, часта да моташнасьці: «Ах, гимнасточка, порхаеш ты, как ласточка». Карчмой патыхае. Вельмі таннай карчмой.