Беларусь абавязкова выйдзе на новы, больш высокі ўзровень эканомікі і якасці жыцця. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў учора, выступаючы на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі.

«Упэўнены, беларусы пераадолеюць і цяперашнія, абсалютна часовыя цяжкасці. Мы абавязкова выйдзем на новы, больш высокі ўзровень эканомікі і якасці жыцця. Таму што маем бясцэнны здабытак — слаўную гісторыю мужнасці і стойкасці, адзінства народа, пачуццё ўласнай годнасці, вялікае жаданне разам зрабіць сваю радзіму моцнай і квітнеючай», — заявіў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што галоўная апора маладой беларускай дзяржавы — гэта з'яднанасць яе грамадзян і іх стваральная праца.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на V Усебеларускім народным сходзе была прынята праграма далейшага развіцця краіны, і яе выкананне запатрабуе рашучых крокаў, у тым ліку ў заканадаўстве. «Тут вялікая надзея на новы парламент, выбары ў які пройдуць восенню. Ніколькі не сумняваюся, што беларусы чарговы раз праявяць актыўную грамадзянскую пазіцыю і высокую свядомасць. Паколькі новаму дэпутацкаму корпусу давядзецца прымаць важныя для краіны рашэнні», — сказаў беларускі лідар.

У бліжэйшыя гады, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, неабходна сканцэнтраваць намаганні на прыярытэтных напрамках: прыцягненні інвестыцый для інавацыйнага развіцця, забеспячэнні працоўнай занятасці, павелічэнні і дыверсіфікацыі экспарту, паскарэнні і пашырэнні інфарматызацыі, стварэнні ўсіх умоў для гарманічнага выхавання, адукацыі і прафесійнага росту моладзі.

«Сімвалічна, што старт гэтай вялікай рабоце мы даём у Год культуры. Паколькі сапраўдная культура — гэта не толькі фальклор, тэатры, мастацкія школы, літаратура, кіно і фестывалі. Гэта яшчэ і высокатэхналагічная вытворчасць, правільнае землекарыстанне, беражлівае стаўленне да прыроды, павага да закону, шанаванне сваіх традыцый. Нарэшце, гэта той духоўны стрыжань, які дапамог нашаму народу выстаяць у самых жорсткіх выпрабаваннях», — упэўнены ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?