Ва УУС Мінскага аблвыканкама 1 ліпеня пачаліся выпрабаванні квадрацыкла для патрулявання месцаў масавага адпачынку. Ён мае лепшую праходнасць у параўнанні са скутарамі, якія актыўна выкарыстоўваюцца ўжо некалькі гадоў, паведамляе МУС Беларусі.

1 ліпеня навінка была прэзентаваная міністру ўнутраных спраў генерал-лейтэнанту міліцыі Ігару Шуневічу і міністру абароны генерал-лейтэнанту Андрэю Раўкову.

«На гэтым жалезным кані будзе працаваць група ў складзе двух супрацоўнікаў АМАПа, а таксама прымацаванага да іх аўтапатруля, — распавёў начальнік УУС Мінаблвыканкама генерал-маёр міліцыі Ігар Яўсееў. — Да месца нясення службы квадрацыклы плануем дастаўляць на лафеце».

Працаваць такі патруль будзе на спецыяльна распрацаваных маршрутах у зонах адпачынку на працягу ўсяго летняга сезону. Па выніках выпрабаванняў прымуць рашэнне аб мэтазгоднасці далейшага выкарыстання гэтай тэхнікі.

Спецыялісты таксама агледзелі яшчэ адну транспартную абноўку УУС. У адроджанай спецыяльнай групе «Гарпун» у складзе спецпадраздзялення па забеспячэнні дарожнай бяспекі УДАІ вобласці з'явіліся дзве «Таёты». Сярод задач групы, абсталяванай самымі сучаснымі транспартнымі сродкамі, — суправаджэнне ахоўваемых асоб і афіцыйных дэлегацый, кантроль за выкананнем Правілаў дарожнага руху, у тым ліку і супрацоўнікамі міліцыі, удзел у правядзенні рэйдавых мерапрыемстваў з прадстаўнікамі кадравых і ідэалагічных падраздзяленняў і службы ўласнай бяспекі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?