23 траўня а 9:30 ў судзе Цэнтральнага раёну Менску (Кірава, 21, заля 406) працягнецца разгляд крымінальнай справы ў «працэсе чатырнаццаці».

На гэты раз на лаве падсудных апынуцца яшчэ трое фігурантаў справы (арт. 342.1) — Міхаіл Субач, Павал Вінаградаў і непаўналетні Максім Дашук. Яшчэ адзін абвінавачаны Аляксандар Баразенка, які цяпер навучаецца ва Ўроцлаве, з прычыны крымінальнага перасьледу прыняў рашэньне не вяртацца на Радзіму. Яго аб’явілі ў вышук.

Весьці працэс будзе судзьдзя Валеры Есьман. У 2006 годзе Есьман асудзіў на два гады абмежаваньня волі за графіці барысаўскіх «зуброўцаў» Аляксандра Казакова і Зьмітра Зубро.

Бараніць маладых будуць адвакаты Ірына Багніч, Павал Сапелка і Сьвятлана Гарбаток.

Нагадаем, што крымінальная справа супраць чатырнаццаці маладзёнаў была заведзеная за вулічныя пратэсты падчас акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.

22 красавіка судзьдзя Алена Ільіна абвясьціла першыя прысуды па гэтай справе. Андрэй Кім быў асуджаны да паўтара году пазбаўленьня волі, Міхаіл Пашкевіч, Тацяна Цішкевіч, Міхаіл Крываў, Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў атрымалі па 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў калёніі адкрытага тыпу. Нарэшце, Антона Койпіша і Ўладзімера Сяргеева пакаралі 3,5‑мільённымі штрафамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?