Адрасаваная юным беларусам кніга Ўладзімера Арлова «Адкуль наш род», добра знаёмая чытачам самага рознага веку — усім, хто цікавіцца гісторыяй. Пра гэта сьведчаць і чатыры выданьні, і шматгадовая прысутнасьць кнігі ў школьных праграмах.

Нядаўна пабачыла сьвет пятае выданьне — гэтым разам у фармаце аўдыёкнігі. Яе складаюць займальныя і пазнавальныя апавяданьні, у якіх нашая гісторыя падаецца празь лёсы знакамітых продкаў.

Сярод герояў Арлова — князі Усяслаў Чарадзей і Вітаўт Вялікі, першадрукар Францішак Скарына і канцлер Леў Сапега, ваяводы Канстанцін Астрожскі і Ян Кароль Хадкевіч, правадыры паўстанцаў Тадэвуш Касьцюшка і Кастусь Каліноўскі, паэты Мікола Гусоўскі і Максім Багдановіч, «бацькі» Беларускай Народнай Рэспублікі Іван і Антон Луцкевічы

Падкрэсьліваючы выключную ролю, якую у нашай гісторыі зь першых яе стагодзьдзяў адыгрываюць жанчыны, Уладзімер Арлоў апавядае пра княгіню Рагнеду, асьветніцу Еўфрасіньню, удзельніцу вызвольнага паўстаньня 1831 года Эмілію Плятэр, паэтэсу Цётку

Храналягічныя межы 30 разьдзелаў кнігі — ад зьяўленьня на сучаснай тэрыторыі Беларусі першых людзей да абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

«Адкуль наш род» — першая беларуская аўдыёкніга, якую начытаў сам аўтар. Але адметнай яе робіць ня толькі гэта. У дадзеным выпадку мы маем справу ня проста з аўдыёкнігай, але з мультымэдыйным праектам. «Адкуль наш род» можна як слухаць, так і чытаць. Кніга мае багатае гукавое афармленьне і аздобленая малюнкамі вядомага мастака Віктара Сташчанюка. У яе арганічна ўвайшоў музычны «кампанэнт», дзе вылучаюцца кампазыцыі гурту сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса». Сярод ліку выканаўцаў, уштукаваных у кнігу вершаў, — наш выдатны актор Віктар Манаеў.

Разам з Уладзімерам Арловым над дыскам працаваў гукарэжысэр Алесь Калоша, які мае непасрэднае дачыненьне ўжо да цэлай аўдыёбібліятэкі беларускай клясыкі і сучасных твораў.

Кніга выдадзена выдавецка‑рэклямнай кампаніяй «БелТонМэдыя», якая неўзабаве плянуе выпусьціць аўдыёвэрсію яшчэ адной папулярнай кнігі Ўладзімера Арлова «Таямніцы полацкай гісторыі»(яе таксама чытае сам аўтар).

З гэтага месяца мультымэдыйны «Адкуль наш род» ужо можна набыць у цэнтральных менскіх кнігарнях, а таксама ў незалежных распаўсюднікаў.

У наступны аўторак, 27 траўня, у сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13) адбудзецца творчая сустрэча‑прэзэнтацыя аўдыёкнігі. Пачатак а 18.30. Уваход вольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0