Be2gether’2008 распачнецца 14 жніўня каля Віленскай ратушы. Для ўсіх прысутных прагучыць адмысловая барабанная сюіта, якая мае стаць нечым накшталт афіцыйнага гімну фэстывалю.

15 жніўня be2gether перамесьціцца ўжо ў Нарвілішкі — вёску ля мяжы зь Беларусьсю. Менавіта там, на тэрыторыі старога замку, музыка будзе гучаць тры дні — да 17 жніўня.

Арганізатар фэсту Гедрус Клімкявічус абяцае, што сёлетні Be2gether будзе грандыёзьнейшым за леташні. На пляцоўцы фэсту зьявяцца тры сцэны, разнастайныя клюбы, дыскатэкі, пройдуць мастацкія майстар-клясы.

Цягам трох дзён у Нарвілішках заграюць каля 70 гуртоў. Па стане на 22 траўня арганізатары паведамілі журналістам наступны сьпіс удзельнікаў:

  • Groove Armada (Вялікабрытанія)
  • Fool’s Garden (Нямеччына)
  • My Baby Wants to Eat Your Pussy (Нямеччына)
  • Fishbone (ЗША)
  • Infected Mushroom (Ізраіль)
  • Bix (Літва)
  • The Dynamites (ЗША)
  • Etiennie de Crecy (Францыя)
  • Happyendless (Літва)
  • Valgeir Sigurrdson (Ісьляндыя)
  • Clan of Xymox (Нідэрлянды)
  • Communic (Нарвэгія)
  • Baka Beyond (Камэрун)
  • Doi (Данія)
  • OSIMIRA (Беларусь)
  • Mauzer (Беларусь)

Папярэдне арганізатары плянавалі запрасіць да ўдзелу ў Be2gether беларускі гурт N.R.M. Аднак, як стала вядома, у літоўцаў не атрымалася дамовіцца зь беларусамі.

«Яны ня здолелі выканаць нашыя ўмовы», — сказаў ТГ гітарыст N.R.M. Піт Паўлаў.

«Фінансавыя ўмовы?» — пацікавіліся мы.

«У тым ліку і фінансавыя», — адказаў Паўлаў. — «За тыя грошы, што нам прапанавалі мы ня граем ужо год дзесяць».

Арганізатары Be2gether зьбіраюцца пашукаць замену N.R.M. сярод гуртоў зь Беларусі.

Квіток на сёлетні Be2gether будзе каштаваць нятанна — 65 эўра. Але кожны ўладальнік такога квітка будзе мець права на бясплатную літоўскую візу, дзейсную на час фэстывалю.

Паводле: Аляксей Мінчонак, «Тузін Гітоў»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0