21-гадовы Дзяніс Тарманаў жыве ў Жлобіне. У Мінск завітаў да сяброў. І ўвечары 29 чэрвеня на сваім самакаце хлопец вырашыў завітаць у «Карону» на Кальварыйскай. 

Дзяніс Тарманаў.

«Праехаў на самакаце па гандлёвай залі так, але ўсё было нармальна. Набыў булачку. Выйшаў з крамы, ад’ехаў, зразумеў, што ці то забыўся, ці то згубіў пальчаткі. Вярнуўся. На ўваходзе мяне спыніў ахоўнік, сказаў, што на самакаце нельга. Я спытаў — чаму? Ён адказаў, што нельга і ўсё. Пальчаткі, кажа, не бачыў, — распавёў Дзяніс. — Затым я ад’ехаў на самакаце – тут выйшаў другі ахоўнік, ці то папрасіў мяне спыніцца, ці то я сам спыніўся. Затым ён схапіўся за самакат, заявіў, што зараз прыйдзе міліцыя. Адбывалася гэта ўсё ў будынку крамы».

Па словах хлопца, ён нічога не парушаў, таму спакойна чакаў. Неўзабаве з’явіўся міліцыянт, адвёў Дзяніса ў пакой аховы.

«Я спытаў: «За што мяне затрымліваюць?» Той прапаршчык сказаў, што я быў на самакаце. Я вырашыў удакладніць: і што такога? А ён пачаў крычаць на мяне».

Тады хлопец сам набраў 102, паведаміў, што ўзнікла сітуацыя, дзе супрацоўнік міліцыі абкладае яго мацюкамі. Спытаў, што рабіць.

«Там мяне таксама паслалі, праўда, далікатна», — кажа Дзяніс.

Затым, сцвярджае хлопец, двое ахоўнікаў пры ім напісалі на яго ж заяву: нібыта Дзяніс іх абражаў, паводзіў сябе неадэкватна, таму яго і «затрымаў прапаршчык».

Далей хлопца павезлі ў РАУС Фрунзенскага раёна.

«Там мяне доўгі час «марынавалі». Паведамілі, што калі я падпішу, што я мацюкаўся, то дадуць мінімальны штраф і ўсё. Я адмовіўся. Ну, тут у мяне забралі ўсе рэчы, шнуркі, пояс. Я папрасіў патэлефанаваць, міліцыянты рагочуць у адказ — кажуць, ага, мо і бабу яшчэ табе сюды? – распавядае Дзяніс. — Аніякіх дакументаў не паказалі, пратаколаў ніхто не складаў. Ну і такім чынам прыкладна а першай ночы я трапляю ў камеру».

Па словах Дзяніса, умовы ў камеры былі жудасныя: лужына мачы на падлозе, аніякай вентыляцыі, на сценах цвіль.

Ён папрасіўся, каб перавялі ў іншую камеру, бо ён астматык: «Стала цяжка дыхаць. Я кажу, што мне патрэбны лекі ці хаця б свежае паветра. Нуль рэакцыі».

Калі ўжо развіднела, хлопца нарэшце перавялі ў іншую камеру. Затым, прыкладна праз тры гадзіны, па яго прыйшоў капітан міліцыі.

«Я прачытаў пратакол, дзе было напісана, што я быў на самакаце, неадэкватна сябе паводзіў, мацюкаўся. Я падпісаў, што згодны часткова, бо на самакаце быў, а астатняе — хлусня. Папрасіў сабе копію пратакола — міліцыянт кажа, ты падпісвай, копію потым аддамо. Я не падпісаў, — кажа Дзяніс. – Я пачаў чытаць пратакол допыту, там пазначана, што допыт праводзіў нейкі старшы лейтэнант. А я з ніякім лейтэнантам не гаварыў. Спытаўся — што за ён? Тут увайшоў нейкі маёр, кажа – што ты з ім важдаешся, напішы, што не хоча падпісваць і ўсё. Ну, тут капітан забраў паперы і адвёў мяне ў камеру».

Пасля хлопца адвезлі ў суд. Гэта было каля 10 раніцы.

«Суддзя мне кажа, што ёсць сведкі і ці я прызнаю віну цалкам, ці перанясем паседжанне, паклічам сведкаў і я тады атрымаю не штраф, а 15 сутак. Я зноў прызнаў толькі тое, што быў на самакаце. Ну, мяне адпусцілі. Суд перанеслі на пятніцу, 8 ліпеня», — паведамляе Дзяніс.

Пакуль што хлопец шукае адваката. На суд прыедзе — кажа, што віны за ім няма, трэба гэта даказаць. Дзяніс настойвае, што ён паводзіў сябе абсалютна нармальна.

У краме выпадак не каментуюць.

«Мне кіраўнік не рэкамендаваў абмяркоўваць з кімсьці гэты выпадак, — паведаміў «Нашай Ніве» Анатоль Габруковіч, начальнік службы бяспекі «Кароны» на вуліцы Кальварыйскай. — Тым больш, там жа быў прадстаўнік міліцыі. Таму выбачайце, калі ласка».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру