Пасля серыі выпадзення дзяцей з вокнаў у Беларусі Следчы камітэт вырашыў праверыць вытворчасць маскітных сетак. Пра гэта заявіў старшыня СК Іван Наскевіч. Паводле яго слоў, следчыя будуць высветляць, «наколькі заяўленыя тэхнічныя патрабаванні да маскітных сетак на вокны адпавядаюць іх рэальнаму стану».

«Можа, варта зрабіць так, каб яны змаглі вытрымліваць вагу дзіцяці? — цытуе словы Наскевіча прэс-служба Следчага камітэта са спасылкай на БелТА. — Дзеці ж не разумеюць, што абапірацца на сетку небяспечна. Яны думаюць, што гэта шкло, абапіраюцца на яе — і ляцяць уніз разам з ёй: альбо мацаванне не адпавядае тэхнічным заданнях, альбо рвецца сама сетка».

Аднак праблема можа быць не толькі ў маскітных сетках. Іван Наскевіч адзначае, што следчыя, разглядаючы абставіны трагічных здарэнняў, прыходзяць да высновы: за пацярпелымі дзецьмі ў 90% выпадкаў ніхто не глядзеў. Ён прызнае, што 24 гадзіны ў суткі сачыць за дзіцёнкам немагчыма, але можна стварыць такія ўмовы, каб з ім нічога кепскага не адбылося.

Як паведамлялася раней, у Лоеве загінула 2-гадовая дзяўчынка, якая выпала з акна чацвёртага паверху. Перад гэтым падобны выпадак здарыўся ў Мінску, калі з акна 6-га паверха выпала чатырохгадовая дзяўчынка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0