Заклік Лукашэнкі зрабіць СНД "адной з усясьветных зонаў магутнага эканамічнага росту" прагучаў як даніна дзяжурнаму патасу. Слова "зона", калі гаворка йдзе пра пераважна недэмакратычны, алігархічна-карумпавана-рэпрэсіўны "постсавок", набывае спэцыфічную сэмантыку :) Адзіная інтрыга саміту прэм'ераў СНД у Менску 23 траўня палягала ў кантактах тэт-а-тэт.
Пуцін перад размовай сам-насам зь беларускім прэзыдэнтам у маленькім кабінэце "алмаза ведаў" палічыў неабходным падкрэсьліць, што мае намер абмеркаваць вайскова-тэхнічную супрацу. Гэта было яўнай гульнёй на публіку, прычым заходнюю, празрыстым намёкам на падрыхтоўку "нашага адказу Чэмбэрлену" (маюцца на ўвазе амэрыканскія супрацьракеты).
Маскоўскія камэнтатары іранізуюць з прагучалых на саміце заяваў наконт жаданьня Беларусі ўдзельнічаць у здабычы ды новых плянах транзыту энэргарэсурсаў. Маўляў, нават перадавыя і багатыя заходнія карпарацыі да нас ў чаргу на распрацоўку радовішчаў шыхтуюцца, а беларускі бок, бадай, як заўжды, на дурніцу хоча. Экспэрты нагадваюць: зараз стратэгія Расеі скіраваная акурат на тое, каб абагнуць трубамі (Паўночна-эўрапейскі газаправод, БТС-2) тэрыторыю непрадказальнага партнэра.
Увогуле ж умовы далейшых стасункаў напярэдадні саміту артыкулявала ў інтэрвію "Рэйтэр" неназваная прадстаўніца маскоўскага Белага дому — цяперашняй рэзыдэнцыі Пуціна. Маўляў, хочаце новы крэдыт ды трохі таннейшы газ (хаця ад эўрапейскай формулы не адступім, але ж яна як дышаль!) — жвавей дзяліцеся "блакітнымі фішкамі". У прыватнасьці, гэта тычыцца машынабудаваньня. Тут адразу згадваецца нядаўні візыт Дзерыпаскі, што паклаў вока на МАЗ. Дый "Нафтан" з "Палімірам" вось-вось могуць пайсьці з малатка.
Празрыстыя схемы застаюцца пры гэтым толькі рамантычным пажаданьнем з чарговага пасланьня апазыцыі народу :) Выглядае на тое, што ў постсаўковай зоне "вялікія людзі" дамаўляюцца найперш "па панятках".
Прычым гульня ідзе адразу на розных кірунках. Лукашэнка у дзень саміту перагутарыў з эмісарам Ашгабату і запрасіў у Менск самога пераемніка Туркмэнбашы. Сідорскі меў канфідэнцыйную гутарку зь Юліяй Цімашэнкай, перад тым зрабіўшы ёй двухсэнсоўны прэзэнт у выглядзе агромністага букету памаранчавых (!) ружаў.
І з Ашгабатам, і зь Кіевам Беларусь можа зьвязваць энэргетычны інтарэс, і магчыма ў піку Крамлю. "Думаю, што мы знойдзем пункты судакрананьня ў супрацы ня толькі ў галіне машынабудаваньня, але і ў іншых пытаньнях", — шматзначна сказаў Лукашэнка туркмэнскаму міністру Мярэдаву (заўважце розьніцу рангаў, такое грэбаваньне пратаколам можна патлумачыць хіба што важнасьцю тэмаў: нафта, газ і г.д.).
Што ж да паслугаў ў якасьці стратэгічнага пляцдарму, то яны і сапраўды застаюцца для Менску адным зь нямногіх козыраў у жорсткім торгу з Масквой. Але гэты козыр неяк ня грэе ў сэнсе бясьпекі самой Беларусі.