Падчас Еўра-2016 у кампанію да Мікалая Хадасевіча, які вядзе «Час футбола» на «Беларусь-5», узялі расійскую мадэль Аляксандру Наваеву.
Сэксуальная дзяўчына з зайздроснымі формамі мусіла прыцягнуць да праграмы большую аўдыторыю.
Але ў Аляксандры не атрымалася — пасля стажыроўкі і некалькіх жывых эфіраў застацца на канале ёй так і не прапанавалі.
Перад ад'ездам расіянкі з ёй сустрэўся журналіст by.tribuna.com, якому тая абгрунтавала прычыну сваіх няўдач.
Аляксандра Наваева, фота: by.tribuna.com
Паводле дзяўчыны, для яе сталі шокам жывыя эфіры — у працы не пад запіс дзяўчына гублялася і таму, маўляў, кепска трымалася ў кадры.
А вось прычынай свайго сеўшага голасу Аляксандра назвала русафобію беларускіх заўзятараў і дадала, што ў хуткім часе сяброўка забараніла ёй чытаць каментары ў свой адрас у інтэрнэце.
«Яна сказала, што гэта забівае маю псіхіку. Я згодная з ёй. У заўзятараў чытаецца поўная русафобія. Мне пісалі шмат чаго крыўднага. Пры гэтым я прыехала ў Беларусь працаваць бясплатна. Сама здымала кватэру два тыдні, трацілася на жыццё. Таму, калі чытала ў каментарах «УКантакце» штосьці накшталт «Навошта прывезлі ў краіну гэтую рускую, бесталковую, тупую, страшную цёлку, а яшчэ і змарнавалі на яе беларускія бабкі», то было трохі крыўдна. У апошніх эфірах я шмат маўчала, бо на глебе нерваў праз усю гэтую русафобію ў мяне сеў голас», — сказала Аляксандра.
Свой правал у Беларусі дзяўчына назвала добрым досведам і цяпер плануе скончыць курсы журналістыкі ў Расіі і надалей спрабаваць патрапіць у кадр.





