Басіст гурту Red Hot Chili Peppers распавёў у сваім Instagram-акаўнце, што ў аэрапорце Гомеля беларускія мытнікі ўгаварылі музыкаў распісацца на плакаце Metallica. Але супрацоўнікі ДМК сцвярджаюць: яны да гэтай аўтограф-сесіі дачынення не маюць.

Музыкі Red Hot Chili Peppers рабілі перасадку ў Гомелі па дарозе з Кіева ў Маскву. Ва Украіне гурт выступаў на U-PARK Festival, а ў Расіі — на фестывалі Park Live.

«Нас паклікалі ў свой офіс мытнікі ў аэрапорце Беларусі, папрасілі падпісаць кучу дыскаў і фатаграфій Metallica. Мы спрабавалі растлумачыць, што мы не Metallica, але яны ўсё роўна настойвалі, каб мы падпісалі ўсе», — напісаў басіст гурту Флі.

Навіна пра беларускіх мытнікаў, якія нібыта пераблыталі дзве легендарныя групы, шырока разышлася ў СМІ. Праўда, мытнікі сцвярджаюць: яны да гэтага не маюць дачынення.

«Супрацоўнікі беларускай мытні не звярталіся да музыкаў па аўтографы і з іншымі просьбамі, — гаворыцца ў заяве для прэсы. — Паводле інфармацыі прадстаўнікоў аэрапорта з такой просьбай да музыкаў гурту Red Hot Chili Peppers звярнулася супрацоўніца службы сэрвісу аэрапорта Гомеля».

У прэс-службе ДМК дадалі, што ў пунктах пропуску на мяжы і ў аэрапорце кантроль ажыццяўляюць не толькі мытнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?