Выбары першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Фота Сяргея Брушко, 90s.by

10 ліпеня 1994 г. у Беларусі адбыўся другі тур прэзідэнцкіх выбараў, у выніку якіх кіраўніком краіны быў абраны Аляксандр Лукашэнка — даволі вядомы дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання і дырэктар саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. У кастрычніку 2010 г. на традыцыйнай прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў беларускі лідар шчыра прызнаўся, што і сам не разумее, як ён атрымаў перамогу: «Я да гэтага часу не магу знайсці тлумачэнне, чаму мяне абралі. У мяне не было ні грошай, ні людзей. Мы ўвязаліся ў гэтую бойку. Чаму мяне абралі? Дзесьці зоркі сышліся, ці то Гасподзь адмашку даў».

Надышоў час, каб аб’ектыўна прааналізаваць першыя прэзідэнцкія выбары: штогадовыя, амаль аднолькавыя караценькія перадрукоўкі аб кампаніі 1994 г. у прэсе і сеціве ўжо не могуць задаволіць чытача.

Як вядома, пасада прэзідэнта была ўведзена Канстытуцыяй Беларусі 15 сакавіка 1994 г. Пры распрацоўцы канстытуцыйнага праекта, які расцягнуўся амаль на чатыры гады, мелі месца вострыя дыскусіі наконт статусу і прэрагатываў будучага кіраўніка. У рэшце рэшт спыніліся на «моцным» прэзідэнце, які меў даволі істотныя паўнамоцтвы.

29 сакавіка 1994 г. Вярхоўны Савет зацвердзіў закон «Аб выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Закон агаворваў прынцыпы будучай галоўнай выбарчай кампаніі, механізм яе арганізацыі, правядзення і фінансавання, а таксама вызначаў адказнасць за парушэнне заканадаўства аб прэзідэнцкіх выбарах.

Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце лічыла, што закон недастаткова распрацаваны і змяшчае падставы для магчымых фальсіфікацыяў. Прадстаўнікі апазіцыі звярталі ўвагу на п. 4 арт. 32 закона «Правядзенне галасавання». Гэты пункт прадугледжваў права выбаршчыка, які не мог у дзень выбараў знаходіцца па месцы свайго жыхарства, у 10-дзённы тэрмін перад выбарамі прыйсці на выбарчы ўчастак і прагаласаваць. Пры гэтым нічога не гаварылася аб форме (вуснай ці пісьмовай) заявы аб немагчымасці галасаваць у дзень выбараў. Апазіцыя настойвала, што выбаршчык павінен быў пісаць выключна пісьмовую заяву. Адна такая прапанова была адхілена. Таксама не знайшла падтрымкі парламенцкай большасці ініцыятыва апазіцыі замацаваць у законе наступную норму: «Асоба, якая вылучана кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і займае пасаду старшыні альбо члена ўрада Рэспублікі Беларусь, старшыні КДБ, генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, падае ў адстаўку з гэтай пасады. Орган дзяржаўнай пасады, які прызначыў кандыдата ў прэзідэнты на дадзеную пасаду, у пяцідзённы тэрмін вызваляе яго ад выканання службовых абавязкаў».

30 сакавіка 1994 г. Вярхоўны Савет спецыяльнай пастановай вызначыў дату выбараў, якія павінны былі прайсці 23 чэрвеня 1994 г. Дзень выбараў (чацвер) абвяшчаўся непрацоўным. Пры вызначэнні даты выбараў былі варыянты. Апазіцыя БНФ, настойваючы на тым, каб спачатку абраць новы Вярхоўны Савет, прапанавала правесці прэзідэнцкую кампанію ўвосень. Так, дэпутат Лявон Баршчэўскі прапанаваў 16 кастрычніка. Аднак парламенцкая большасць выконвала волю кіраўніка ўрада Вячаслава Кебіча, які на закрытым пасяджэнні Вярхоўнага Савета па пытаніі аб’яднання грашовых сістэм Беларусі і Расіі ў сакавіку 1994 г. выказаў жаданне правесці выбары ў першай палове года. Дарэчы, дата 23 чэрвеня павінна была стаць шчаслівай для прэм’ер-міністра, які лічыўся галоўным прэтэндэнтам на высокую пасаду. Справа ў тым, што 23 чэрвеня 1990 г. Вячаслаў Кебіч быў зацверджаны старшынёй Савета Міністраў большасцю дэпутацкіх галасоў.

Безумоўна, галоўнай праблемай патэнцыйных кандыдатаў быў збор подісаў: не менш за 100 000 грамадзянаў альбо не менш за 70 — дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Было зразумела, што сабраць такую колькасць подпісаў мог кандыдат, які дастаткова вядомы грамадскасці, альбо той, каго хтосьці падтрымае матэрыяльна-тэхнічнымі рэсурсамі.

З 15 па 24 красавіка 1994 г. Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ажыццяўляла рэгістрацыю ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзідэнты. Усяго было зарэгістравана дзевятнаццаць такіх груп. Усе яны адрозніваліся па складзе, арганізацыйных і матэрыяльна-тэхнічных і фінансавых магчымасцях.

Самая буйная ініцыятыўная група была ў кіраўніка ўрада Вячаслава Кебіча, яна налічвала 3920 чалавек. Другой па колькасці была ініцыятыўная група ў аднаго з лідараў камуністаў Васіля Новікава, трэцяй — у прадстаўніка Аграрнай партыі, старшыні Савета калгасаў Беларусі Алякандра Дубко. Свае групы зарэгістравалі вядомыя беларускія палітыкі: Станіслаў Шушкевіч, Зянон Пазняк, Аляксандр Лукашэнка і Генадзь Карпенка. Склад гэтых груп быў меншым па колькасці, чым у папярэдніх кандыдатаў. Жаданне стаць кіраўніком дзяржавы выказалі прадстаўнікі навуковай інтэлігенцыі, а таксама прыватнага бізнэсу ў Беларусі. Так, свае ініцыятыўныя групы стварылі генеральны дырэктар Міжнароднага інстытуту менеджменту Уладзімір Цярэшчанка, рэктар Беларускага камерцыйнага ўніверсітэта Эдурад Ахрэм, старшыня Саюза прадпрымальнікаў Беларусі Уладзімір Карагін і інш. Самай меншай па колькасці стала група часова непрацуючага грамадзяніна С. Ліцкевіча. Яна налічвала толькі восемдзесят восем чалавек і не сабрала ні аднаго подпісу. Сваю ініцыятыўную групу спрабаваў зарэгістраваць грамадзянін Польшчы беларускага паходжання граф А. Прушынскі. Аднак 7 красавіка 1994 г. за парушэнне статусу знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі ён быў затрыманы, змешчаны ў следчы ізалятар, а затым высланы з краіны.

У ходзе праверкі сапраўднасці подпісаў Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў не зарэгістравала кандыдатуру старшыні гарвыканкама г. Маладзечна, дэпутата Вярхоўнага Савета XII склікання Генадзя Карпенкі (напрыклад, у Фрунзенскім раёне г. Мінска несапраўднымі былі прызнаныя каля 4 тыс. подпісаў). Сітуацыя для Генадзя Карпенкі пагаршалася абвастрэннем адносін з дэмакратычнымі партыямі, у прыватнасці з парламенцкай фракцыяй Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады (БСДГ), якая рабіла стаўку на Станіслава Шушкевіча. 16 мая 1994 г. мела месца беспрэцэдэнтная заява старшыні БСДГ Алега Трусава аб адклiканнi подпісаў за Генадзя Карпенку. Ініцыятыўная група Генадзя Карпенкі расцаніла гэта як «спробу ліквідаваць канкурэнта Станіслава Шушкевіча, бо абодва гэтыя чалавекі разлічваюць на выбарах на адзін і той жа электарат». У выніку сам Генадзь Карпенка адмовіўся ад далейшай барацьбы за прэзідэнцкае крэсла. 31 мая 1994 года ён заявіў, што не хоча выкарыстоўваць «брудныя подпісы» і абвясціў аб зняцці сваёй кандыдатуры. 9 чэрвеня беларуская прэса зрабіла сенсацыйнае паведамленне: Генадзь Карпенка даў згоду ўвайсці ў каманду Зянона Пазняка. Больш за тое, у выпадку перамогі лідара БНФ на выбарах Генадзь Карпенка называўся ў якасці найбольш магчымага кандыдата на пасаду прэм’ер-міністра.

Такім чынам, зарэгістраванымі аказаліся шэсць асобаў, якія здолелі пераадолець 100-тысячную мяжу. Гэта Вячаслаў Кебіч (371967 подпісаў), Зянон Пазняк (216855 подпісаў), Васіль Новікаў (183836 подпісаў), Аляксандр Лукашэнка (156391 подпіс), Станіслаў Шушкевіч (123552 подпісы) і Аляксандр Дубко (116693 подпісы).

У адмысловай заяве ініцыятыўнай групы Зянона Пазняка ад 17 мая 1994 г. катэгарычна гаварылася пра тое, што ён набраў найбольшую колькасць подпісаў з усіх кандыдатаў, якія «не выкарыстоўвалі дзяржаўны апарат». Такім чынам, як сцвярджала ініцыятыўная група БНФ Зянона Пазняка, гэта адзіны законны прэтэндэнт на ўладу ў краіне.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Булахаў запэўніваў грамадскасць, што яны абапіраліся галоўным чынам на падтрымку простых людзей. Мінімальную колькасць сабраных подпісаў па г. Мінску, якая склала 22 тыс., найбліжэйшы паплечнік Аляксандра Лукашэнка тлумачыў тым, што па сталіцы не рабілася сур’ёзных спробаў збору подпісаў. Па прызнанні Дзмітрыя Булахава, асноўны электарат Аляксандра Лукашэнкі — простыя грамадзяне, якія жывуць у правінцыі, і таму галоўныя сілы ініцыятыўнай групы былі накіраваны на перыферыю.

Кожны з кандыдатаў прапанаваў сваю перадвыбарную праграму. Прэтэндэнты стараліся рознымі спосабамі данесці свае погляды да выбаршчыка, заваяваць яго давер.

Вячаслаў Кебіч

Перадвыбарны плакат В. Кебіча

Вячаслаў Кебіч заклікаў «разам пабудаваць наш утульны беларускі дом» і пазначыў галоўную ўмову перспектыўнага паспяховага развіцця рэспублікі: «Быць вельмі асцярожным і не сячы з пляча». Прэм’ер-міністр шчодра сыпаў абяцаннямі спыніць рост цэнаў і падзенне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Тыя, хто страціў уклады ў выніку мінулых рэформаў, запэўніваў Вячаслаў Кебіч, маглі разлічваць на 60-ці% кампенсацыю. Буйным козырам у перадвыбарнай барацьбе для Вячаслава Кебіча павінна была стаць Расія. Сваё галоўнае дзецішча — аб’яднанне грашовых сістэм Расіі і Беларусі — прэм’ер-міністр прапаноўваў як панацэю. На яго думку, інтэграцыя з Расеяй «здыме многія балючыя праблемы нашай рэчаіснасці, дасць магчымасць атрымліваць адлічэнні ў бюджэт».

12 красавіка 1994 года адбыўся самы моцны ход Вячаслава Кебіча на працягу ўсёй перадвыбарнай гонкі — падпісанне з урадам Расіі (Віктар Чарнамырдзін) Дагавора аб аб’яднанні грашовай сістэмы Рэспублікі Беларусь і грашовай сістэмы Расійскай Федэрацыі і ўмовах функцыянавання адзінай грашовай сістэмы. Вядучыя ўрадавыя і пракамуністычныя выданні, на розныя галасы расхвальваючы дагавор, устрымаліся, аднак, ад яго публікацыі. Тэкст дамовы надрукавала адна з незалежных газет «Белорусский рынок». Тэарэтычна дагавор прадугледжваў увядзенне на тэрыторыі абедзвюх краін адзінага плацёжнага сродку — расійскага рубля, прычым абменны курс, прапісаны ў дагаворы, быў выгадны беларусам, улічваючы няўстойлівасць беларускага рубля і высокія тэмпы інфляцыі ў Беларусі. Наяўныя грошы беларускіх грамадзян у суме да 200 тыс. разліковых білетаў, а таксама іх банкаўскія ўклады да 1 млн разліковых білетаў абменьваліся па курсе 1:1.

Палажэнні дагавора гучалі, аднак, настолькі дэкларатыўна, што ў іх ажыццяўленне амаль ніхто не верыў. Грамадскасць, эканамісты і незалежныя эксперты былі перакананыя ў тым, што дагавор прымеркаваны да надыходзячых прэзідэнцкіх выбараў і мае кан’юнктурны характар. Больш за тое, адзін з артыкулаў дагавора супярэчыў Канстытуцыі Беларусі 1994 г., дзе ў якасці адзінага эмісійнага цэнтра вызначаўся Нацыянальны банк Беларусі. Арт. 5 дагавора аддаваў права выпуску грошай для Беларусі Цэнтральнаму банку Расійскай Федэрацыі. Таму старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч падпісаў гэты дагавор з пярэчаннем па артыкуле 5.

Нягледзячы на тое, што дагавор аб аб’яднанні грашовых сістэм так і застаўся на паперы, не варта было скідаць з рахункаў падтрымку Вячаслава Кебіча Расіяй. Аж да абвяшчэння вынікаў першага тура кіраўнік беларускага ўрада разглядаўся Крамлём у якасці адзінага прымальнага кандыдата. Не хаваў гэтага і сам Вячаслаў Кебіч. 5 чэрвеня 1994 г. на нарадзе кіраўнікоў выканаўчай улады ў Полацку Вячаслаў Кебіч прызнаўся, што Віктар Чарнамырдзін даў яму «асабіста пад выбары 2 млн тон нафты па 20 даляраў», каб паспяхова правесці пасяўныя сельскагаспадарчыя работы. Па словах В.Ф. Кебіча, яму нібыта шмат разоў тэлефанавалі з Масквы і пыталіся: «Чым дапамагчы, Слава? Чым дапамагчы?»

Прыхільнікі В.Ф. Кебіча надзялялі прэм’ер-міністра ўсімі магчымымі і немагчымымі станоўчымі якасцямі. Праводзіліся паралелі паміж Вячаславам Кебічам і найбольш вядомымі кіраўнікамі рэспублікі. У гэтым плане вельмі цікавым стаў нашумелы артыкул «Беларусь цяжарная першым прэзідэнтам. Хто ім стане?» за подпісам галандскага журналіста А. Ван-Берста, апублікаваны 14 чэрвеня 1994 г. у вядучых рэспубліканскіх выданнях. У артыкуле даваліся негатыўныя характарыстыкі ўсім кандыдатам за выключэннем Вячаслава Кебіча, якога параўноўвалі з Пятром Машэравым. Аўтар артыкула сцвярджаў, што Вячаслаў Кебіч валодае здольнасцю стратэгічнага бачання праблемы, яго хады і дзеянні дакладна пралічаныя.

Неўзабаве высветлілася, што гэты артыкул — звычайная фальшыўка. У мемуарах Вячаслаў Кебіч прызнаўся, што скандальны артыкул быў створаны членам яго перадвыбарнага штаба, прэс-сакратаром Савета Міністраў Уладзімірам Замяталіным.

За пяць дзён да выбараў Вячалаў Кебіч надрукаваў у «Народнай газеце» праграмны артыкул «Беларусь: праблемы мадэрнізацыі (адказ апанентам)». Артыкул быў наскрозь працяты ідэяй саюза з Расіяй, які прэм’ер-міністр абвясціў уласным «маральным крэдам». Разважаючы пра перспектывы Беларусі, Вячаслаў Кебіч прапанаваў для яе адраджэння новую ідэалогію ў выглядзе трыяды, якую пасля возьме на ўзбраенне Аляксандр Лукашэнка: дзяржаўнасць, патрыятызм, духоўнасць.

Зянон Пазняк

Сутнасць праграмы Зянона Пазняка складалася ў далейшым умацаванні дзяржаўнасці і незалежнасці Беларусі, дасягненні рэспублікай нейтралітэту.

Сапраўдная незалежнасць, як лічыў Зянон Пазняк, магла існаваць толькі на аснове рынкавай эканомікі. Праграмныя тэзісы кандыдата грунтаваліся на недатыкальнасці ўласнасці, справядлівай і здаровай канкурэнцыі, стварэнні шырокага прыватнага сектара эканомікі шляхам прыватызацыі і раздзяржаўлення, увядзенні інстытута банкруцтва і нацыянальнай валюты. Вялікае значэнне ў сваёй праграме Зянон Пазняк надаваў энергетычнай бяспецы Беларусі, кардынальнаму памяншэнню яе залежнасці ад нафтагазавых паставак з-за мяжы. У якасці прыкладу лідар Фронту прыводзіў ЗША: «Напрыклад, у Амерыцы існуе заканадаўства, згодна з якім нельга з аднаго месца купляць нафты больш за 30%. Амерыка закупляе нафту з 28 месцаў. І зразумела чаму — таму што, калі прывязаны да аднаго месца, там могуць перакрыць засаўку ці здарыцца якая-небудзь бяда, які-небудзь крызіс — і ўсё, канец амерыканскай эканоміцы».

Зянон Пазняк рэзка раскрытыкаваў кебічаўскую палітыку рээкспарту нафты, г.зн. закупку «чорнага золата» па нізкіх коштах за мяжой, у прыватнасці з Расіі, перапрацоўку нафты і адпаведны продаж яе па высокіх цэнах у іншыя краіны. Такой палітыцы, лічыў З.С. Пазняк, якая дазваляе беларускай эканоміцы трымацца на плыву, усё роўна рана ці позна прыйдзе канец.

У сваёй праграме Зянон Пазняк прапановаў тое, аб чым сёння актыўна гавораць улады: рэалізацыя дзяржаўнай праграмы развіцця чорнай, каляровай і рэдказямельнай металургіі, дадатковыя выведкі тэрыторыі Беларусі на энерганосьбіты.

У цэлым эканамічныя праграмныя ўстаноўкі лідара БНФ грунтаваліся на поўным вызваленні рынкавых сувязяў, на ліквідацыі дзяржаўнага рэгулявання эканомікі, неадкладным спыненні якіх-небудзь датацый прамысловым і сельскагаспадарчым вытворцам.

Вялікая ўвага ў праграме кандыдата надавалася развіццю нацыянальнай культуры.

Увогуле, штаб Зянона Пазьняка дэманстраваў даволі высокі інтэлектуальны ўзровень, аб чым сведчыць удзел прадстаўнікоў навуковай і культурнай эліты падчас выступлення кандыдата ў жывым эфіры.

Пазіцыі Зянона Пазняка істотна аказаліся падарванымі з-за антырасейскіх выпадаў і ў пэўным сенсе з-за антыкамуністычнай рыторыкі. Гэтыя ўстаноўкі лідара Фронту ў найбольш канцэнтраваным выглядзе былі апублікаваныя ў адмысловым артыкуле «Аб рускім імперыялізме і ягонай небяспецы», у якім Зянон Пазняк канстатаваў глыбокае маральнае падзенне расійскага грамадства, а знешнюю палітыку Крамля параўнаў з гітлераўскай. Артыкул абурыў некаторых дэпутатаў парламента. Так, Мікалай Сасноўскі сцвярджаў, што мэта артыкула — «падарваць беларуска-расейскія адносіны, ускладніць рэалізацыю эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва з Расіяй». Іншыя дэпутаты запатрабавалі ад генеральнага пракурора спецыяльнага разбіральніцтва з нагоды публікацыі артыкула. Выбаршчыкаў таксама адпужвалі антыкамуністычныя погляды Зянона Пазняка, які абвясціў, што ў выпадку яго перамогі на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі будзе ўведзены закон аб люстрацыі (забарона займаць дзяржаўныя пасады для асобных катэгорый асоб). І хаця Зянон Пазняк і яго аднадумцы пераконвалі насельніцтва ў тым, што люстрацыі закрануць толькі кіруючых работнікаў КПСС-КПБ, многія выбаршчыкі — былыя члены кампартыі — успрынялі перспектыву люстрацыі як асабістую пагрозу на свой адрас. Зянон Пазняк і яго асяроддзе адчулі, што іх электарат можа значна звузіцца па прычыне радыкальнай рыторыкі. Таму напярэдадні выбараў была выпушчаная лістоўка са шматабяцальнай назвай «Чаго не будзе рабіць Зянон». У ёй гаварылася, што Зянон Пазняк не будзе нікога прымушаць размаўляць па-беларуску, пераследаваць былых камуністаў, разганяць калгасы, разрываць эканамічныя сувязі з Расеяй. Аднак у вачах большасці выбаршчыкаў Зянон Пазняк набыў імідж ворага рускага народа і заўзятага нацыяналіста, прыхільніка «крутых» захадаў, што, безумоўна, адбілася на выніках выбараў не на карысць Зянона Пазняка. У самой праграме Зянона Пазняка мелі месца відавочныя супярэчнасці. Так, лідар Фронту не мог выразна растлумачыць, чаму ён раней так заўзята выступаў супраць увядзення інстытута прэзідэнцтва ў краіне, а цяпер балатуецца на найвышэйшую дзяржаўную пасаду. Ці, напрыклад, абвясціўшы галоўнай мэтай рэспублікі нейтралітэт, Зянон Пазняк абяцаў у якасці прэзідэнта паставіць перад Расеяй, Польшчай і Літвой пытанне аб вяртанні Беларусі «дзвюх трацін спрадвечных тэрыторый з аўтахтонным беларускім насельніцтвам», у тым ліку Вільні, Беластока, Бранска, Смаленска, Дарагабужа.

Станіслаў Шушкевіч

Мэта перадвыбарчай праграмы Станіслава Шушкевіча заключалася ў ператварэнні Беларусі ў заможную краіну шляхам сумяшчэння дзяржаўнасці, дэмакратыі і рынку. Станіслаў Шушкевіч даказваў, што не рэформы прывялі да краху, а якраз іх адсутнасць з-за непрымірымай пазіцыі «кансерватыўнага ядра» Вярхоўнага Савета, якое «не здольнае працаваць па-новаму».

У праграме Станіслава Шушкевіча прысутнічаў стандартны набор дэмакратычных пераўтварэнняў, звязаных з умацаваннем шматпартыйнасці, пашырэннем правоў і свабод грамадзян, каб яны «пераважалі інтарэсы дзяржавы». Асобным радком стаяла патрабаванне правядзення дэмакратычных выбараў новага парламента. Пераўтварэнні ў эканоміцы, меркаваў Станіслаў Шушкевіч, павінны праходзіць на аснове прыватызацыі і фарміравання недзяржаўнага сектара эканомікі, адмены большасці ліцэнзій і льгот, «святога захавання бюджэту», скарачэння вайсковых выдаткаў. Закладам аздараўлення эканамічнай сістэмы, па Станіславу Шушкевічу, таксама была арганізацыя сумленнага канкурэнтнага асяроддзя і ўкараненне перадавых навукаёмістых тэхналогій. Як і Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч лічыў галоўным «працяг шляху да сапраўды незалежнай Беларусі, самастойнасці яе знешняй палітыкі». Неабходнасць адносін з Расіяй згадвалася, аднак не дэкларавалася ў якасці стратэгічнага курсу. Больш за тое, як запэўніваў Станіслаў Шушкевіч, Расія не павінна быць манапольным пастаўшчыком нафты. Значна больш карысным для Беларусі, на думку Станіслава Шушкевіча, было б фарміраванне на тэрыторыі СНД агульнага мытнага і плацежнага саюза і забеспячэнне свабоднага перамяшчэння праз межы працоўных, матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў. Якія ж былі адрозненні праграмы Станіслава Шушкевіча ад выбарчых платформаў іншых кандыдатаў? Былы кіраўнік парламента канкрэтна пазначыў этапы эканамічных рэформаў: зніжэнне да канца 1994 г. тэмпаў інфляцыі да 7—10% у месяц, стабілізацыя на працягу 1995 г. i эканамічны ўздым ад 1996 г. Іншай асаблівасцю праграмы кандыдата стала ідэя моцнай эфектыўнай дзяржавы («як пабудаваць дзяржаву для чалавека»), якая арганізуе і парадкуе адносіны ў эканоміцы, сацыяльнай сферы. Пэўнае месца адводзілася дзяржаўнай палітыцы ў духоўным жыцці. Яна быў закліканая падтрымліваць і паважаць беларускую гісторыю, унікальную беларускую культуру, абараняць нацыянальныя традыцыі, захоўваць маральныя каштоўнасці.

Публічную падтрымку Станіславу Шушкевічу выказаў былы міністр унутраных спраў Уладзімір Ягораў, які яшчэ ў студзені 1994 г. быў адпраўлены ў адстаўку Вярхоўным Саветам з-за нашумелага вывазу з Беларусі літоўскімі спецслужбамі двух былых кіраўнікоў кампартыі Літвы.

Уладзімір Ягораў сцвярджаў, што Станіслаў Шушкевіч хутка «набыў вопыт дзяржаўнага мыслення і кіравання», «вокамгненна рэагаваў у складаных сітуацыях, даваў дакладныя ацэнкі і кампетэнтныя рэкамендацыі». Аднак падобнага роду заклікі не маглі дадаць балаў Станіславу Шушкевічу, які ў вачах большасці насельніцтва стаў палітычным банкрутам.

Аляксандр Дубко

Перадвыбарная ўлётка А. Дубко

Перадвыбарная праграма кандыдата ад аграрнікаў Аляксандра Дубко ставіла сваёй мэтай кансалідацыю, стварэнне і росквіт грамадства «сацыяльнай справядлівасці, у якой самай высокай каштоўнасцю быў бы чалавек».

Праграма заклікала разбурыць «сталыя догмы аб кансерватызме і палітычнай адсталасці сялянства, яго другараднай ролі ў грамадстве». У перспектыве вызначалася «сфармаваць сялянства і іншых работнікаў аграпрамысловага комплексу ў самастойную палітычную сілу». Для дасягнення гэтай мэты аграрнікі спрабавалі злучыць як ліберальныя рынкавыя катэгорыі (падзел уладаў, шматпартыйнасць, малая прыватызацыя), так і традыцыйна-калектывісцкія каштоўнасці (неабходнасць моцнага лідара, «гаспадара», лабіраванне інтарэсаў аграрна-прамысловага комплексу, забарона прыватнай уласнасці на зямлю, абарона айчыннай сельскай гаспадаркі ад канкурэнцыі, узмацненне патрыятычнага выхавання моладзі і іншых слаёў насельніцтва на баявых і працоўных традыцыях беларускага народа, яго багатай і самабытнай гісторыі). Сумясціць гэтыя кампаненты было дастаткова цяжка, таму перадвыбарная платформа Аляксандра Дубко аказвалася вельмі эклектычнай. Але падобны эклектызм, на думку аграрнікаў, дазваляў у залежнасці ад канкрэтнай палітычнай сітуацыі і канкрэтнага адрасата сваёй прапаганды агаляць то адзін, то другі бок з надзеяй на максімальную колькасць галасоў выбаршчыкаў.

Васіль Новікаў

Перадвыбарная праграма кандыдата ад камуністаў Васіля Новікава была настолькі далёкая ад рэальнасці, што спецыялісты нават сур’ёзна не абмяркоўвалі яе.

Галоўны лозунг Васіля Новікава «вярнуць народу, тое, што ў яго адабралі» прадугледжваў такія папулісцкія метады як бясплатнае жыллё і зямля пад дачныя ўчасткі, бясплатная народная адукацыя, танныя прадукты і лекі, даступныя дзіцячыя садкі і школы і г.д. Праўда, з мэтай атрымання як мага большай колькасці галасоў камуністы ўнеслі ў сваю праграму пункты, больш-менш адпаведныя духу часу. Напрыклад, канкрэтная аплата па працы, наём рабочым калектывам адміністрацыі, шматпартыйнасць, развіццё нацыянальнай культуры, прымірэнне з царквой.

Аляксандр Лукашэнка

З усіх прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду самым актыўным і незвычайным быў Аляксандр Лукашэнка.

Энергічны і напорысты Аляксандр Лукашэнка літаральна з першых дзён працы парламента зарэкамендаваў сябе актыўным прыхільнікам моцнай улады і ўвядзення пасады прэзідэнта, надзеленага самымі шырокімі паўнамоцтвамі. Усенародную папулярнасць Аляксандру Лукашэнку прынесла яго работа ў якасці старшыні часовай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XII склікання для вывучэння дзейнасці камерцыйных структур, якія дзейнічаюць пры рэспубліканскіх і мясцовых органах улады і кіравання, створанай у чэрвені 1993 г. Зачытаны ім 14 снежня 1993 г. у бескампрамісных і разгромныя выразах даклад па выніках працы камісіі замацаваў за Аляксандрам Лукашэнкам рэпутацыю ўзыходзячай палітычнай зоркі. Карупцыя, даказваў Аляксандр Лукашэнка, пры папушчальніцтве ўладаў на ўсіх узроўнях стала галоўным беларускім злом, а пазбаўленне дзяржавы ад гэтай заганы разглядалася ім як заклад і аснова аздараўлення, уздыму і росквіту эканомікі, сацыяльных адносін, маралі і маральнасці. На думку Аляксандра Лукашэнкі, першы прэзідэнт, хто б ён ні быў, павінен неадкладна «выгнаць» карумпаваных чыноўнікаў з вышэйшых органаў улады. Сам жа Аляксандр Лукашэнка, запэўніваў грамадскасць у тым, што ў яго ёсць касцяк каманды аднадумцаў, якія будуць «змагацца з мафіяй да канца». Адну з самых балючых праблем грамадства — рост цэнаў — кандыдат абяцаў вырашаць з дапамогай прамога адміністравання, што ў сваю чаргу прадугледжвала ўвядзенне дзяржаўнага кантролю над цэнаўтварэннем, перадачу права кантролю над цэнамі на спажывецкія тавары і паслугі грамадскім арганізацыям, выманне ўсяго прыбытку ў бюджэт за кошт неабгрунтаванага павышэння цэн і прыцягненне кіраўнікоў адпаведных прадпрыемстваў і ўстаноў да суровай адказнасці, у тым ліку і крымінальнай.

У сваіх тэзісах Аляксандр Лукашэнка выказаўся супраць ліквідацыі калгасна-саўгаснай сістэмы і выступіў за захаванне асноўнага прамысловага патэнцыялу краіны ў выглядзе буйных прамысловых прадпрыемстваў, над якімі павінен быў быць уведзены рэжым прамога кіравання, г.зн. фактычна за цэнтралізаваны характар эканомікі. Адначасова меркавалася істотнае ўзмацненне дзяржаўнага кантролю над валютнымі аперацыямі. Аднак кандыдат не выступаў супраць прыватнага прадпрымальніцтва. Больш за тое, у сваёй праграме ён вінаваціў урад Вячаслава Кебіча ў высокіх падатках і заступніцтве «дзяржаўнага рэкету». Сам Аляксандр Лукашэнка тлумачыў, што будзе падтрымліваць не гандлёва-пасрэдніцкі, «спекулятыўны», а ў першую чаргу вытворчы бізнэс.

Алякандр Лукашэнка таксама паспрабаваў выбіць галоўны козыр з рук прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча — саюз з Расіяй. У сувязі з гэтым кандыдат ажыццявіў беспрэцэдэнтны дыпламатычны дэмарш. У маі 1994 Аляксандр Лукашэнка і яго бліжэйшыя паплечнікі нанеслі візіт у Дзяржаўную думу РФ. Мэтай ваяжу, па словах самога Аляксандра Лукашэнкі, было яго жаданне высветліць, «што ж адбываецца на самай справе ў расейска-беларускіх адносінах». Адказваючы на гэта пытанне, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў падпісаны Вячаславам Кебічам дагавор аб аб’яднанні грашовых сістэм, лічачы гэта чыстым піярам, і прапанаваў вярнуцца да эканамічнай дамовы, падпісанай шэрагам краін СНД, у тым ліку Расіяй і Беларуссю 8 верасня 1993 г.

Адначасова Аляксандр Лукашэнка пачаў выдатна эксплутаваць такое балючае на той час пытанне, як распад СССР. Менавіта падас прэзідэнцкіх выбараў ён заявіў, што быў адзіным дэпутатам, хто галасаваў супраць ратыфікацыі Белавежскай дамовы ў снежні 1991 г.

У сваіх прамовах у эфіры і на сустрэчах з выбаршчыкамі Аляксандр Лукашэнка не шкадаваў крытычных выкідаў супраць апанентаў. Так, на адной з сустрэч з выбаршыкамі ў Гродне кандыдат назваў урад «шасцідзесяцігадовым хламам». Вельмі рэзка Аляксандр Лукашэнка ацаніў дзейнасць забітага ўвосень 1993 г. кіраўніка Гродненскай вобласці Дзмітрыя Арцымені, за што нават атрымаў пракурорскае папярэджанне.

Вячаслаў Кебіч на нарадзе ў Полацку 5 чэрвеня 1994 г. даў бязлістасную характарыстыку Аляксандру Лукашэнку: «Я вам, можа, новага нічога не скажу, але гэты чалавек на апошнім зруху. У гэтым чалавеку няма нічога канструктыўнага, у яго ўсё разбуральнае. Ён у вочы чалавеку паглядзіць і робіць выснову, што чалавек злодзей. У яго Казлоўскі (тагачасны міністр абароны (аўт.) — злодзей, Данько (тагачасны міністр унутраных спраў (аўт.) — злодзей, Арцыменя — злодзей, нябожчык. Ну хоць бы яго б не чапаў, ну далібог, не па-хрысціянску гэта. Ну нельга ж чапаць чалавека, які загінуў усё ж. Ты мне прабач, ты ж ідзеш да ўлады, як жа ты будзеш працаваць?!»

З імем Аляксандра Лукашэнкі аказаліся звязаныя самыя рэзанансныя падзеі падчас выбараў.

Адна з іх — затрыманне на Браслаўскай мытні грузавіка, які ішоў з Гановера транзітам праз Латвію з друкаванай прадукцыяй — каляровымі плакатамі і буклетамі з выявай кандыдата ў колькасці 316 тыс. экзэмпляраў на суму ў 123 млн 272 тыс. руб. З-за адсутнасці неабходных дакументаў груз быў затрыманы, а пракуратура пачала разбіральніцтва.

Аляксандр Лукашэнка і яго прыхільнікі рашуча адхрысціліся ад плакатаў і ад усякай фінансавай дапамогі звонку. Сітуацыя з плакатамі вырашылася на карысць кандыдата. Генеральны пракурор Васіль Шаладонаў выступіў з тлумачэннем і паінфармаваў грамадскасць, што плакаты былі вырабленыя па замове адной са сталічных фірмаў з кідкай назвай «Жоўтыя старонкі». Яе ўладальнік прызнаўся, што даў замовы на буклеты і плакаты без якой-небудзь дамоўленасці з Аляксандрам Лукашэнкам, а выключна па прычыне таго, што падзяляе праграмныя ўстаноўкі кандыдата.

Самым скандальным аказаўся «лёзненскі інцыдэнт» — стральба па машыне Аляксандра Лукашэнкі ў ноч з 16 на 17 чэрвеня 1994 г. пад г. Лёзна Віцебскай вобласці.

Гэта спарадзіла кардынальна процілеглыя версіі. Каманда Аляксандра Лукашэнкі сцвярджала, што мела месца спроба фізічнага забойства кандыдата. Толькі цуд, даказвалі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, выратаваў яго ад гібелі. Праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі абвінавацілі дэпутата ў інсцэніроўцы замаху на сябе з мэтай узняцця перадвыбарчага рэйтынгу. Прэм’ер-міністр, напрыклад, лічыў, што за гэтым стаяць Уладзімір Ганчар і Дзмітрый Булахаў, якім нібыта адмовілі ў высокіх пасадах ва ўрадзе.

На бок Вячаслава Кебіча фактычна сталі праваахоўныя органы. Следства выявіла, што стрэл быў зроблены са зброі калібра 7,65, хутчэй за ўсё, з пісталета-аўтамата Сцечкiна, у выніку чаго ў левых задніх дзверцах утварылася прабоіна. Аднак, даказвалі следчыя, размяшчэнне кулявой прабоіны казала быццам бы аб тым, што стрэл быў зраблены па машыне, якая проста стаяла. Праваахоўнікаў таксама бянтэжыла тое, што заява ў міліцыю паступіла праз восем гадзін пасля замаху, і не ад Аляксандра Лукашэнкі, а ад Івана Ціцянкова — дэпутата Вярхоўнага Савета і ўладальніка абстралянага «Мерседэса».

Каманда Аляксандра Лукашэнка ў асобе Дзмітрыя Булахава абвінаваціла праваахоўныя органы ў перадузятасці, а само следства назвала «фарсам». Нельга, заяўляў Дзмітрый Булахаў, вызначаць траекторыю кулі толькі па ўваходнай адтуліне. Асаблівасць «лёзненскай справы» была ў тым, што інцыдэнт не спрабавалі скарыстаць ні сам Аляксандр Лукашэнка, ні яго галоўны праціўнік Вячаслаў Кебіч. Нягледзячы на скандальнасць, выпадак пад Лёзна хутка адышоў на перыферыю грамадскай свядомасці. Даказаць датычнасць Аляксандра Лукашэнкі і членаў яго каманды да стральбе па машыне не ўдалося. Так, 19 чэрвеня 1996 г. пры абмеркаванні інцыдэнту ў сувязі з абстрэлам міліцэйскім патрулём машыны Уладзіміра Ганчара дэпутат Генадзь Карпенка спытаў у генеральнага пракурора: «Два гады таму стралялі ў нашага бацьку. Як ідзе справа?» Адказ Васіля Капітана быў несуцяшальным: «Справа прыпыненая, бо не знайшлі стралкоў». Напярэдадні прэзідэнкіх выбараў 2010 г. Аляксандр Лукашэнка сам даў ацэнку інцыдэнту. Паводле слоў прэзідэнта, яго ў тым далёкім 1994 г. проста хацелі «прыстрашыць»: «Калі б захацелі забіць, забілі б».

Актыўнасць Аляксандра Лукашэнкі дзівіла яго палітычных канкурэнтаў і адкрыта палохала Вячаслава Кебіча, які абрынуў на суперніка некалькі, здавалася б, магутных сілавых і інфармацыйных удараў.

Пад ціскам прэм’ер-міністра Вярхоўны Савет вясной 1994 г. скасаваў «антыкарупцыйную камісію». Верагодней за ўсё, менавіта па патрабаванні ўрадавых колаў левацэнтрысцкі Народны рух Беларусі (НДБ) Сяргея Гайдукевіча раптам адмовіўся ад падтрымкі кандыдатуры Аляксандра Лукашэнкі. Абураны кандыдат назваў Сяргея Гайдукевіча чалавекам, які «з чатырох літар робіць сем памылак».

Ганенні пачаліся і на членаў перадвыбарнай каманды Лукашэнкі. Чыноўнікі Саўміна, якія курыравалі праваахоўныя органы, нечакана пачалі расследаванне дарожна-транспартнага інцыдэнту, які адбыўся ў 1993 г. з паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі, старшынёй камісіі па заканадаўстве Вярхоўнага Савета XII склікання Дзмітрыя Булахавым, у выніку чаго загінула жанчына. У Вярхоўным Савеце Аляксандр Лукашэнка з гэтай нагоды вымушаны быў зрабіць заяву аб тым, што пераслед яго маладога паплечніка, «занясенне сякеры над ім» мае чыста палітычную мэту: дыскрэдытацыю Аляксандра Лукашэнкі як патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты.

«Анкл-Бэнс»? Не! «Анкл-Кебіч»!

У сувязі з першымі прэзідэнцкімі выбарамі нарадзілася адна легенда, аўтарам якой з’яўляецца не хто іншы, як беларускі прэзідэнт. На прэс-канферэнцыі з расійскімі журналістамі ў кастрычніку 2010 г. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што быццам бы выказаў Вячаславу Кебічу наступную прапанову: прэм’ер-міністр – кандыдат на пасаду прэзідэнта, а ён, Аляксандр Лукашэнка, — на пасаду віцэ-прэзідэнта. Гэтая легенда, не падмацаваная аніякімі крыніцам, не вытрымлівае крытыкі. Бо, каб увесці пасаду віцэ-прэзідэнта, трэба было змяняць канстытуцыю. Выступы Аляксандра Лукашэнкі сведчылі аб тым, што ён не жадаў ісці з Вячаславам Кебічам на якія-небудзь дамовы. 27 красавіка 1994 г. А. Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні ўрада, сказаў: «Вы, Кебіч, упэўненыя ў перамозе? А калі будзе наадварот, што будзеце рабіць? Улічыце, у сваіх скрадзеных палацах Вам не схавацца!» Таксама Аляксандр Лукашэнка ўжыў іранічны выраз «Анкл-Кебіч», перафразуючы рэкламу папулярнага на пачатку 1990-х харчовага прадукта «Анкл-Бэнс».

За дзень да выбараў урад Вячаслава Кебіча зрабіў апошні крок з мэтай павысіць свой рэйтынг у вачах насельніцтва.

У цэнтральных газетах была апублікавана адмысловая заява Савета Міністраў, у якой сцвярджалася, што палітыка ўрада праводзілася выключна ў інтарэсах народа, атрымалася, нягледзячы ні на што, захаваць кіравальнасць эканомікай. Ніхто з экспертаў і аналітыкаў не адважваўся з дакладнасцю назваць пераможцу на выбарах. Аднак у цэлым вымалёўваўся наступны варыянт: ні адзін з кандыдатаў не набярэ пераважнай большасці галасоў, будзе другі тур, у якім, магчыма, з невялікім адрывам пераможа Вячаслаў Кебіч. Аднак 23 чэрвеня, у дзень выбараў, адбылося тое, што пасля назавуць палітычным цудам, — упэўнены адрыў Аляксандра Лукашэнкі, які набраў 45,1% галасоў і стаў безумоўным трыумфатарам. Цікава, што ў Лёзненскім раёне, дзе абыўся стрэл па аўтамабілі, кандыдат атрымаў 81% галасоў.

На сваёй прэс-канферэнцыі ўкраінскім СМІ 23 лістапада 2006 г. Аляксандр Лукашэнка сцвярждаў, што перамог ужо ў першым туры і што выбары сфальсіфікавалі.

Яго галоўны супернік — Вячаслаў Кебіч — хоць і прайшоў у другі тур, але ўсё ж з 17,4% галасоў. Не прабіўся ў другі тур Зянон Пазняк, які набраў 12,9% галасоў. Станіслаў Шушкевіч атрымаў 9,9% галасоў. Паразу пацярпелі Васіль Новікаў і Аляксандр Дубко.

Другі тур прэзідэнцкіх выбараў быў прызначаны на 10 ліпеня. У ім канчатковую перамогу таму ці іншаму боку павінны былі прынесці арганізацыйна-палітычныя механізмы барацьбы за выбаршчыкаў.

Паміж перадвыбарчымі праграмамі Аляксандра Лукашэнка і Вячаслава Кебіча не было істотных і прынцыповых адрозненняў. Два палітыкі, якія сталі канкурэнтамі на выбарах, адлюстравалі не проціборства сацыяльных інтарэсаў, а суперніцтва розных груповак беларускай палітычнай эліты — той, якая хацела ўтрымаць вярхоўную дзяржаўную ўладу ў краіне, і той, якая прэтэндавала на авалоданне гэтай уладай.

Гаворка ішла пра тое, наколькі той ці іншы кандыдат праявіць волю да барацьбы. Лукашэнка пачаў атаку першым. Перш за ўсё, ён катэгарычна запатрабаваў адстаўкі Вячаслава Кебіча. На думку Аляксандра Лукашэнкі, пасля вынікаў першага тура імкненне прэм’ер-міністра стаць вышэйшай службовай асобай выглядала адкрыта цынічнай знявагай грамадскай думкі: «У цывілізаванай дзяржаве пасля таго, што здарылася, урад павінен сысці ў адстаўку. На жаль, у нас гэтага не зроблена».

Ужо ўвечары 24 чэрвеня 1994 г. Аляксандр Лукашэнка даў прэс-канферэнцыю. Тлумачачы прычыны сваёй фактычнай перамогі, кандыдат заявіў, што «беднаму, абяздоленаму народу ўпершыню выпала магчымасць выбраць чалавека са свайго асяроддзя». Аляксандр Лукашэнка паабяцаў «на працягу сутак» абнавіць склад урада і запрасіць працаваць са «старога» Савета міністраў «толькі аднаго чалавека». Хутчэй за ўсё, гаворка ішла пра віцэ-прэм’ера Сяргея Лінга: менавіта пра гэтага чыноўніка яшчэ месяц таму казаў Дзмітрый Булахаў, разважаючы пра склад новага ўрада. На прэс-канферэнцыі кандыдат акрэсліў дзве галоўныя, на яго погляд, стратэгічныя задачы. Іх рэалізацыя дазволіць, даказваў прэтэндэнт, утрымаць сітуацыю ў рэспубліцы пад кантролем і не дапусціць эканамічнага краху. Першая задача тычылася запуску ўсіх прамысловых прадпрыемстваў да 1 студзеня 1995 г. У адваротным выпадку, заявіў Аляксандр Лукашэнка, дырэктары прадпрыемстваў будуць звольненыя. У якасці другой задачы Аляксандр Лукашэнка абвясціў саюз з Расіяй.

Напярэдадні другога тура прэзідэнцкіх выбараў Аляксандр Лукашэнка зрабіў два моцныя палітычныя крокі, якія істотна ўмацавалі яго становішча і пашырылі колькасць яго выбаршчыкаў. Па-першае, у пачатку ліпеня 1994 года ён сустрэўся з работнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі і паабяцаў не праводзіць ніякіх чыстак пад выглядам рэформаў. Па-другое, 3 лiпеня 1994 года, у дзень святкавання 50-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Аляксандр Лукашэнка прылюдна сустрэўся з Віктарам Чарнамырдзіным і недвухсэнсоўна заявіў СМІ, што знаёмы з расійскім прэм’ер-міністрам два гады. Такім чынам, пасля майскага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Дзярждуму быў нанесены яшчэ адзін і больш адчувальны ўдар па пазіцыях Вячаслава Кебіча, які спрабаваў выступаць манапольным натхняльнікам расійска-беларускіх адносін.

Напярэдадні другога тура крыху змянілася лінія паводзін Аляксандра Лукашэнкі і яго каманды, ядро якой складалі выхадцы з Магілёўшчыны, землякі будучага прэзідэнта і па ўзросце — 35—40 гадоў — належалі да аднаго пакалення з Аляксандрам Лукашэнкам. На слыху ў грамадскаці аказаліся імёны кіраўніка перадвыбарнага штабу Леаніда Сініцына, Уладзіміра Канаплёва, Віктара Кучынскага і інш.

Наступальная тактыка змянялася імкненнем кандыдата ўкараняць сацыяльны спакой у грамадстве. Аляксандр Лукашэнка запэўніваў, што не дапусціць «трыццаць сёмага года», абяцаў «нічога не ламаць». Галоўнай праблемай для Аляксандра Лукашэнкі стала не перамога — у тым, што гэты прэтэндэнт стане кіраўніком дзяржавы, ужо ніхто не сумняваўся, — а небяспека зрыву выбараў праз зняцце сваёй кандыдатуры Вячаславам Кебічам, які такім чынам мог сысці, як сцвярджаў Леанід Сініцын, «ад адплаты за зробленае». У гэтым выпадку па законе кіраўніком дзяржавы станавіўся кіраўнік парламента, а паўторныя выбары праводзіліся праз тры месяцы. Усе гэтыя здагадкі і паліталагічныя раскладкі не пацвердзіліся. Вячаслаў Кебіч выявіў цвёрды намер ісці да канца перадвыбарнай гонкі.

27 чэрвеня 1994 г. на спецыяльнай прэс-канферэнцыі Вячаслаў Кебіч заявіў, што не здыме сваю кандыдатуру, а пойдзе «да канца». Прэм’ер-міністр агучыў тры, на яго погляд, найважнейшыя задачы: рэалізацыя адзінай рублёвай зоны Беларусі і Расіі без змянення беларускай канстытуцыі, абнаўленне складу ўрада, барацьба з карупцыяй, злачыннасцю і спекуляцыяй.

Напярэдадні другога тура Вячаслаў Кебіч абрынуў на выбаршчыкаў серыю ўрадавых пастаноў, закліканых палепшыць сацыяльнае становішча насельніцтва. Згодна з пастановамі, павышаліся памеры мiнiмальнай заработнай платы, разрадных ставак і тарыфаў, істотна індэксаваліся сродкі ўкладчыкаў, спрашчаліся працэдуры льгатавання будаўніцтва жылля і атрымання зямельных участкаў.

3 ліпеня 1994 года, у дзень пяцідзесяцігоддзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбыўся, мабыць, самы моцны крок Вячаслава Кебіча падчас другога тура — падпісанне ў дзяржаўнай рэзідэнцыі ў Заслаўі пратакола аб рэалізацыі Дамовы аб яднанні грашовых сістэм Беларусі і Расіі.

Яе палажэнні былі настолькі папулісцкімі, што мала хто верыў у іх рэалізацыю. У прыватнасці, да канца ліпеня 1994 г. бакі павінны былі вызначыць парадак эмісіі Цэнтральнага банка на тэрыторыі Беларусі праз Нацыянальны банк, які захоўваў свой статус. Да канца ліпеня таксама было неабходна распрацаваць механізм абмену разліковых білетаў Беларусі на грашовыя знакі Расіі. Імкнучыся павысіць свой рэйтынг, Вячаслаў Кебіч зрабіў высакародны жэст у бок чарнобыльцаў. Адначасова з пратаколам было падпісанае сумеснае расійска-беларускае пагадненне аб мінімізацыі наступстваў атамнай катастрофы на ЧАЭС. Расія на гэтыя мэты вылучала 2 млрд руб.

Напярэдадні другога тура Вячаслаў Кебіч і яго атачэнне распачалі спробы дыскрэдытаваць Аляксандра Лукашэнку. Галоўная роля ў гэтым адводзілася міністрам унутраных спраў і абароны.

28 чэрвеня 1994 г. адбылося сутыкненне Аляксандра Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў, якія накіроўваліся ў рабочы кабінет апячатанай часовай камісіі з аховай Дома ўрада, у выніку чаго «кандыдату ў прэзідэнты разарвалі пінжак, запэцкалі штаны і нанеслі цялесныя пашкоджанні ў вобласці кісцей рук». У заяве Аляксандра Лукашэнкі, Леаніда Сініцына, Івана Ціцянкова і Віктара Кучынскага сцвярджалася, што інцыдэнт справакаваны Уладзімірам Данько. Сам кандыдат напісаў асобную заяву на імя генеральнага пракурора Васіля Шаладонава. У заяве гаварылася пра тое, што «чацвёра супрацоўнікаў спрабавалі адкінуць» Аляксандру Лукашэнку «ад дзвярэй», «разарвалі пінжак, ударылі нагой у левы бок».

Аляксандр Лукашэнка пасля інцыдэнту ў Доме ўрада

У сваю чаргу, МУС спрабавала падаць Аляксандра Лукашэнку ў ролі галоўнага завадатара інцыдэнту. У спецыяльнай заяве прэс-службы міністэрства сцвярджалася, што Аляксандр Лукашэнка парушыў парадак уваходу ў апячатанае памяшканне, расштурхаў міліцыянераў, у аднаго з якіх «адарваныя гузікі, надарваныя пагоны, пашкоджаная форменная куртка». У заяве абвяргалася інфармацыя аб гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі з боку міліцыянтаў. Аднак сам міністр унутраных спраў не ішоў наўпрост на супрацьстаянне з Алякандрам Лукашэнкам, не рабіў публічных заяваў. А вось міністр абароны Павел Казлоўскі выбраў іншую тактыку.

30 чэрвеня 1994 г. Павел Казлоўскі, відавочна ўзгадніўшы гэта з Вячаславам Кебічам, сабраў прэс-канферэнцыю, на якой абвінаваціў Аляксандра Лукашэнку ў нападках на войска, на генералітэт. Неўзабаве Павел Казлоўскі падаў адпаведныя заявы ў Вярхоўны Савет і Генеральную пракуратуру. На баку Паўла Казлоўскага (праўда, негалосна) быў кіраўнік Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб, бо сын міністра абароны незадоўга да першага тура заручыўся з дачкой старшыні парламента (фатаграфіі вяселля, якое нібыта ахоўвалася дэсантнікамі, выклікалі абурэнне грамадскасці).

Стаўшы прэзідэнтам, Аляксандр Лукашэнка не забыўся пра мяцежнага міністра. 5 верасня 1994 г. спецыяльным указам ён панізіў Паўла Казлоўскага ў вайсковым званні да генерал-лейтэнанта з прычыны таго, что на вяселле сына экс-міністра абароны было патрачана 27 млн рублёў дзяржаўных грошай. Праўда, пазней кантралюючыя органы заявілі, што інфармацыя аб ахове вяселля дэсантнікамі не пацвердзілася.

Па вызначэнні сапраўдным рысталішчам сутычкі павінны былі стаць тэледэбаты паміж Вячаславам Кебічам і Аляксандрам Лукашэнкам, прызначаныя на 7 ліпеня 1994 г.

У ходзе тэледэбатаў Аляксандр Лукашэнка больш арыентаваўся на эмацыйны складнік дыскусіі, між тым як Вячаслаў Кебіч спрабаваў з дапамогай статыстыкі выкласці сваю пазіцыю. Вячаслаў Кебіч прыводзіў даволі важкія аргументы. Па сцверджаннях кіраўніка ўрада, вываз капіталаў, аб чым так непакоіўся Аляксандр Лукашэнка, — нармалёвая працэдура для таго, каб гэтыя капіталы працавалі і прыносілі прыбытак. Парыруючы закіды Аляксандра Лукашэнкі аб беспрацоўі, Вячаслаў Кебіч адказваў, што яно ў рэспубліцы складае 1,8%. Такім чынам, лозунг Аляксандра Лукашэнкі пра запуск усіх прамысловых прадпрыемстваў да 1 студзеня 1995 г. не меў пад сабой, паводле слоў прэм’ер-міністра, сур’ёзных падстаў. Ацэньваючы заяву апанента пра магчымасць выдзялення пацярпелым ад інфляцыі ўкладчыкам тавараў працяглага карыстання — халадзільнікаў і тэлевізараў, — Вячаслаў Кебіч прыводзіў такія лічбы: каб вярнуць кожнаму ўкладчыку па халадзільніку і тэлевізары, іх трэба вырабляць ад 20 да 30 млн у год, а вытворчыя магутнасці разлічаны на гадавы выпуск 640 тыс. тэлевізараў і 750 тыс. халадзільнікаў. Аднак псіхалагічная ўстаноўка большасці выбаршчыкаў была накіравана супраць прэм’ер-міністра. Любы разумны довад Вячаслава Кебіча паварочваўся супраць яго.

Нават тыя выбаршчыкі, якія не сімпатызавалі Аляксандру Лукашэнку, былі гатовы прагаласаваць за яго адносна малады ўзрост. Гэтыя выбаршчыкі спадзяваліся, што ўзрост кандыдата (39 год) стане галоўнай умовай інтэлектуальнай і духоўнай эвалюцыі будучага прэзідэнта, засваення ім перадавых ідэй грамадзянскай супольнасці і дэмакратыі. Напрыклад, вядомы журналіст Анатоль Майсеня нават параўнаў Аляксандра Лукашэнку з польскім лідарам «Салідарнасці» Лехам Валенсам і выказваў надзею на тое, што дырэктар саўгаса «здольны ператрэсці сістэму, бульдозерам расчысціць дарогу для новай цывілізаванай палітыкі».

10 ліпеня 1994 г. абсалютная большасць выбаршчыкаў, нягледзячы на заклікі многіх палітычных партый і аб'яднанняў ігнараваць выбары, прыйшла на выбарчыя ўчасткі. Аляксандр Лукашэнка атрымаў 80,1% галасоў. Яго супернік істотна знізіў свой вынік у параўнанні з першым турам — 14,1%.

Вячаслаў Кебіч годна прызнаў паразу. Ні ён, ні яго каманда не рабілі ніякіх спробаў дэстабілізаваць сітуацыю, аспрэчыць якім-небудзь шляхам вынікі выбараў. У якасці псіхалагічнага заспакаення ў сваёй апошняйм заяве Вячаслаў Кебіч канстатаваў правал палітыкі БНФ, цвёрдую прыхільнасць насельніцтва да інтэграцыі з Расеяй і блізкасць сваёй праграмы з Аляксандрам Лукашэнкам, у якога з прэм’ер-міністрам толькі «розніца ў іх ажыццяўленні».

Ацэньваючы першыя прэзідэнцкія выбары, неабходна адзначыць своеасаблівы феномен Аляксандра Лукашэнкі, які з’яўляецца прыроджаным палітыкам, ён у стане тонка адчуваць настроі выбаршчыкаў. Феномен Аляксандра Лукашэнкі — яркі прыклад таго, як у чалавека могуць праявіцца якасці, гэтак неабходныя для палітычнай барацьбы і дзейнасці. Аднак, па-першае, гэтыя якасці наўрад ці маглі праявіцца ў Аляксандра Лукашэнкі ў поўнай меры і дайсці да выбаршчыкаў, каб ён не быў дэпутатам Вярхоўнага Савета XII склікання. Сам прэзідэнт 21 ліпеня 1994 г. пры разглядзе пытання аб складзе новага кабінета міністраў прызнаўся, што вырас у парламенце, «у гэтай зале». Па-другое, толькі дзякуючы свабодным сродкам масавай інфармацыі мільёны беларусаў убачылі Аляксандра Лукашэнку і паверылі яму ў якасці альтэрнатывы той грамадскай сістэме, рэсурсы якой аказаліся вычарпанымі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?