У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (ЕГУ) у Вільні скончыўся першы этап прыёмнай кампаніі. Папярэднія вынікі сведчаць пра стабільны рост зацікаўленасці да адукацыйных праграм ЕГУ і значнае павышэнне агульнай акадэмічнай падрыхтоўкі абітурыентаў универсітэта.

У межах прыёмнай кампаніі 2016 года ЕГУ атрымаў 251 заяўку на паступленне на бакалаўрскія праграмы. Гэта на 30% больш, чым у 2015 годзе. Найбольш прывабнымі для абітурыентаў сталі праграмы «Візуальны дызайн і медыя» (74 студэнты), «Медыя і камунікацыя» (72 студэнты) і «Міжнароднае права і права Еўрапейскага саюза» (51 студэнт). Большасць абітурыентаў – гэта грамадзяне ці сталыя рэзідэнты Беларусі. Тым не менш заўважна павелічэнне колькасці замежных абітурыентаў – каля 10% студэнтаў першага курса прыедуць на вучобу ў Вільню з Украіны, Літвы, Расіі, Казахстана і Туркменістана.

У кастрычніку студэнты бакалаўрыята пачнуць навучанне ў межах нядаўна зацверджанай капцэпцыі Агульнаўніверсітэцкай падрыхтоўкі (англ. Core Curriculum), які ўключае паглыбленае вывучэнне замежных моў і дае фундаментальныя веды па гуманітарных дысцыплінах і ў межах адукацыйнай традыці ліберальных мастацтваў (англ. Liberal Arts). У гэтым годзе ўпершыню да студэнтаў-першакурснікаў далучацца слухачы праграмы Падрыхтоўчага года, якія напрацягу двух семетраў навучання ў Вільні і ў Мінску прайшлі 800-гадзінны курс падрыхтоўкі да паступлення ў ЕГУ. Падрыхтоўчы год ЕГУ уключае заняткі па англійскай мове, вывучэнне асноў гуманітарных ведаў, а таксама падрыхтоўку да іспытаў па эсэ і кампазіцыі.

Улічваючы, што прыём анкет у межах першага тура Агульнага прыёма ў вышэйшыя школы Літвы (LAMA BPO) працягваецца па 19 ліпеня, універсітэт таксама чакае рост колькасці абітурыентаў з Літвы.

Асаблівасцю Прыёмнай кампаніі 2016 г. на магістарскія праграмы ЕГУ стаў істотны рост акадэмічнага рэйтынгу і адзнак за даследчыя праекты абітурыентаў. Рэйтынг не толькі вызначае фінансавыя ўмовы навучання студэнта, але і сведчыць пра ўзровень агульнай акадэмічнай падрыхтоўкі. Сёлета сярэдні рэйтынг абітурыентаў магістарскіх праграм склаў 8,77, а сярэдні бал за даследчыя праекты – 8,75, што сведчыць пра рост узроўня акадэмічнай падрыхтоўкі будучых магістрантаў.

Штогод ЕГУ ладзіць Конкурс навукова-даследчых праектаў. Яго пераможцы атрымліваюць дадатковыя балы і зніжкі на навучанне ў магістратуры. У гэтым годзе прызавыя месцы занялі Анастасія Радзівонава (праект «Гарадскія пляцоўкі Мінска як цэнтры трансфармацыі ўзроставых канструктаў»), Дзмітрый Глотаў (праект «Перспектывы развіцця заканадаўства Беларусі, Расіі і Украіны ў сферы прадухілення і барацьбы з дыскрымінацыяй і злачынствамі на глебе нянавісці па матывах гендарнай ідэнтычнасці і сэксуальнай арыентацыі») і Вольга Стрыкунова (праект «Problem of suicide behavior in the social group of young people (18—25 years old) in Belarus»).

Па словах Прэзідэнта ЕГУ акадэміка Анатоля Міхайлава: «Вынікі Прыёмнай кампаніі ЕГУ 2016 года сведчаць, што цікавасць да нашага праекта захоўваецца ў Беларусі і ў рэгіёне, і якасць ведаў студэнтаў, якія да нас паступаюць, расце. Мы расцэньваем гэта, як далейшае ўмацаванне місіі нашага ўніверсітэта, накіраванай на фармаванне навыкаў творчага мыслення і фармаванне грамадзянскай супольнасці Беларусі і ўсяго рэгіёна. За 10 год нашай працы ў Вільні выпускнікамі ЕГУ сталі каля 2000 чалавек. Рост колькасці абітурыентаў у гэтым годзе з’яўляецца сведчаннем актуальнасці і адкрытасці праекта нашага ўніверсітэта».

Традыцыйна ў ЕГУ усталяваны ранейшыя, за ўніверсітэты Беларусі і рэгіёна, тэрміны Прыёмнай кампаніі. На падставе ўласнай місіі, непарыўна звязанай з будучыняй Беларусі і Усходняй Еўропы, а таксама з тым фактам, што навучанне ў ЕГУ стала яшчэ больш даступным, універсітэт намагаецца быць яшчэ больш адкрытым для абітурыентаў з Беларусі. Менавіта таму з 25 ліпеня па 12 жніўня будзе адкрыты дадатковы набор на бакалаўрскія праграмы дзённай і дыстанцыйнай форм навучання «Міжнароднае права і права Еўрапейскага саюза», «Медыя і камунікацыя», «Сусветная палітыка і эканоміка», а таксама «Культурная спадчына і турызм» дыстанцыйнай формы навучання і на магістарскія праграмы «Культурныя даследванні», «Публічная палітыка», «Міжнароднае права і права Еўрапейскага саюза». Адначасова працягваецца перавод студэнтаў з іншых універсітэтаў у ЕГУ і працэс аднаўлення ў шэрагі студэнтаў ЕГУ тых асоб, хто з той ці іншай падставы быў вымушаны прыпыніць навучанне.

Заяўкі на праграму Падрыхтоўчага года ў Вільні і Мінску прымаюцца па 9 верасня.

Набор у дактарантуру па накірунку «Філасофія» праходзіць па 26 верасня.

Новы акадэмічны год у ЕГУ пачнецца 3 кастрычніка.

Кантактная асоба: Максімас Мілта, maksimas.milta @ ehu.lt, +370 602 65149

 

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт - прыватны, некамерцыйны ўніверсітэт, заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе. Пасля гвалтоўнага закрыцця беларускімі ўладамі ў 2004 годзе ЕГУ працягнуў сваю працу ў Вільні. З'яўляючыся адзіным беларускім універсітэтам, які функцыянуе ў атмасферы акадэмічных вольнасцяў, за дзесяць гадоў працы ў Вільні выпускнікамі ЕГУ сталі 1953 чалавекі, абсалютная большасць з іх – беларусы. ЕГУ прапануе магчымасці навучання на бакалаўрскіх, магістарскіх і доктарскіх праграмах, спрыяе прасоўванню навуковай дзейнасці ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0