Галоўны рэдактар і стваральнік найвялікшага ў Цэнтральнай і Усходняй Эўропе штодзёньніка «Gazety Wyborczej», легендарны апазыцыянэр Адам Міхнік, які ўжо працяглы час не дае нікому інтэрвію і не выступае публічна, пагадзіўся пракамэнтаваць беларускай «Свабодзе» падзеі ў Беларусі. Са спадаром Міхнікам размаўляў варшаўскі карэспандэнт Радыё Свабода.

Адам Міхнік даволі пільна сочыць за тым, што адбываецца ва ўсходніх суседзяў Польшчы – я запытаўся, як ён бачыць будучыню Беларусі?

(Міхнік: ) «Я бачу будучыню Беларусі добрай. Беларуская дэмакратычная апазыцыя паказала і ўсёй Беларусі, і ўсяму сьвету, што патэнцыял імкненьня да свабоды ў беларусаў вялікі і што дні дыктатуры палічаныя. Цяжка сказаць дакладна, калі і як дыктатура падзе – у розных краінах гэта адбывалася па-рознаму і заўсёды нечакана. Але адна агульная рэч заўсёды была – там былі сілы, якія імкнуліся да дэмакратыі. Гэтам разам беларусы паказалі, што ў Беларусі такія сілы ёсьць. Гэта самае важнае».

Палякі вельмі актыўна падтрымалі беларускія дэмакратычныя сілы ў часе мінулых выбараў – гэта тычыцца і ўладаў і звычайны грамадязнаў. Якая, на думку Адама Міхніка, павінна быць роля Польшчы ў дэмакратызацыі Беларусі?

(Міхнік: ) «Я спадзяюся, што разумная замежная палітыка Польшчы, якая палягае ў падтрымцы дэмакратычнных памкненьняў беларусаў, будзе працягвацца. Палякі зразумелі, што чым больш свабоды будзе ў беларускай дзяржаве, тым больш гарантыяў для дэмакратыі будзе і ў самой Польшчы».

Ці варта беларускім дэмакратам разьлічваць на ўзмацненьне дамамогі ці ўціску на афіцыйныя ўлады з Захаду?

(Міхнік: ) «Разьлічваць заўсёды лепш на самаго сябе. Але абавязак дэмакратычных заходніх дзяржаваў – дапамагчы беларускай дэмакратыі настолькі, наколькі гэта магчыма. Але няма гаворкі, каб звонку беларусаў да нечага змушаць. Пытаньне аб будучыні Беларусі павінны вырашыць самі беларусы».

«Gazeta Wyborcza» вельмі шмат піша пра Беларусь, друкуе артыкулы беларускіх журналістаў і камэнтары адмыслоўцаў зь Беларусі. Ці гэта будзе працягвацца?

(Міхнік: ) «Спадзяюся, што так!»

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0