У той момант, калі стала ясна, што Дзіма Білан зойме першае месца на конкурсе Еўравізіі, камэнтатар каналу «Расея», яшчэ не прыйшоўшы ў прытомнасьць ад захапленьня, раптам узгадаў Гватэмалу. Піша Віталь Тарас.

Менавіта адтуль, з аднайменнай сталіцы лацінаамэрыканскай рэспублікі, дзе МАК абраў Сочы месцам сталіцай Зімовай Алімпіяды 2014 году, на думку вядоўцы, пачаліся ўсе расейскія перамогі апошняга часу. Ня толькі ў галіне лядовых відаў спорту (найперш — у фігурным катаньні), але ж і ў поп‑музыцы расейцы цяпер найлепшыя калі ня ў сьвеце, дык у Эўропе.

Ад Масквы да Эквадору

У захапленьні перамогамі сваіх спартоўцаў альбо поп‑выканаўцаў, вядома, няма нічога кепскага. Можна ўспомніць, як адносна нядаўна ўся Ўкраіна радавалася за Руслану, як Славаччына тыдзень сьвяткавала першую перамогу сваёй зборнай на чэмпіянаце сьвеце па хакеі, як беларусы радаваліся за хакейную зборную РБ, калі яна аднойчы перамагла швэдаў ці калі Ксэнія Сітнік атрымала першы прыз на дзіцячай Эўравізіі.

Але ж цяжка, відаць, знайсьці іншыя прыклады, калі перамога айчынных артыстаў або спартоўцаў вылікае ў камэнтатараў параўнаньні сапраўды сусьветнага маштабу. Зразумела, не ў камэнтатарах справа. Фубтольныя заўзятары, напэўна, добра памятаюць, лёзунг прыхільнікаў маскоўскага «Спартака»: «От Москвы до Эквадора лучше нет, чем Ярцев Жора!»

У Савецкім Саюзе перамога ў любых міжнародных спаборніцтвах — у хакеі, баскэтболе, шахматах, няважна — кожны раз была справай гонару, доблесьці й геройства. А самае галоўнае, кожная перамога рабілася доказам перавагі сацыялізму над капіталізмам.

Прройгрыш пры гэтым не лічыўся доказам адваротнага — прычына яго заўсёды палягала ў варожых дывэрсіях і пакдопах, разьвязанай пэўнымі коламі на Захадзе кампаніі. Тое самае мы назіраем сёньня і ў паводзінах расейскіх (ды хіба толькі расейскіх?) «камэнтатараў». Толькі «веліч ідэяў ленінізму» замяніў цяпер веліч Расеі, «якая ўздымаецца з каленяў».

Хлопцы з нашага двара

Слова «бандэравец» памятаю зь дзяіцнства — як сымбаль чагосьці незразумелага і ад таго яшчэ больш страшнага.

Аднойчы «на бульбе», куды ўпершыню патрапіў на першым курсе, пачуў параду старэйшага студэнта, як трэба знаёміцца зь дзяўчатамі. Спытайцеся, напрыклад, як прайсьці да помніка Калчаку — і вось яна ўжо ўсьміхаецца вам у адказ на жарт. І вы можаце завязваць зь ёй кантакт… Пра помнік Сьцяпану Бандэру тады казаць нікому не прыходзіла да галавы, нават жартам. Даўно ёсьць помнік Калчаку ў Расеі. І помнік Бандэру таксама — стаіць у Львове, на аднайменнай плошчы. Але пра Бандэру гаворка ніжэй.

У сваім менскім дзяцінстве я неяк незаўважна для сябе засвоіў прынцып — хварэць за слабога. У нашым двары на вуліцы Якуба Коласа (дагэтуль не разумею, чаму імя паэта далі самай шумнай, самай загазаванай на той час вуліцы сталіцы), гуляючы ў «вайнушку», многія, калі ня большасьць з нас, выбіралі для сябе ролю «немцаў», а не «савецкіх». Гуляць у «савецкіх» неяк ня вельмі хацелася. Кожны дзень паказвалі па тэлевізіі, як савецкая армія перамагла нямецкіх захопнікаў, разграміла фашызм. Ясная справа, ўсе немцы ў фільмах былі кепскія, а «нашы», адпаведна, спрэс харошыя. І перамагалі харошыя кепскіх зь лёгкасцью надзвычайнай. Але ж гуляць у станоўчых герояў нецікава. Іншая справа — прыкінуцца ворагам, эсэсаўцам, паліцаем. І задаць перцу гэтым «савецкім»: страляць з драўлянага «шмайсэра», крычаць ім «хэндэ хох!», «капут» і «швайнэ». Вось гэта дадавала адрэналіну. Псыхолягі патлумачаць, напэўна, тыя гульні патрэбай даць выхад дзіцячай агрэсіі ці яшчэ якім псыхааналізам. Але мне падаецца, што для дзяцей 60‑х гадоў гэта быў, акрамя ўсяго, «бунт» супраць дарослага сьвету зь ягонымі правіламі, поўнымі фальшу, а галоўнае — шэрасьці афіцыйнай прапаганды.

Канечне, трапляліся сярод менскіх падлеткаў і садысты, якім дастаўляла асалоду зьдзекавацца менавіта з малых. Былі, канечне, і тыя, хто бегаў за бамбізамі ўсьлед, усяляк стараючыся ім спадабацца, гатовыя зь яшчэ большай вытанчанасьцю зьдзекавацца са слабых. Але ў нашым двары жылі хлопцы (старэйшыя за нас зусім не нашмат, як я цяпер разумею) адважныя і моцныя, заўсёды гатовыя даць адпор «ворагу», безкарысьліва абараніць «малых сіх». Таму сярод нас ніхто за чужыя сьпіны не хаваўся, і — што, можа быць, кепска — не баяўся счапіцца са спаборнікам нашмат больш дарослым і мацнейшым. Што завяршалася, зразумела, разьбітымі насамі ды бацькоўскімі нараканьнямі.

«Малітва пра Бандэру»

Гэтыя дзіцячыя ўражаньні прыходзяць на ўспамін, калі бачу, як дарослыя людзі — салідныя палітыкі, журналісты, палітолягі пачынаюць разважаць пра іншыя народы, іх гісторыю, іх далейшы лёс, паглядаючы зьверху ўніз і карыстаючыся, як ім падаецца, правам старэйшага брата, мацнейшага й мудрэйшага за ўсіх астатніх.

Прадбачу тут закіды адразу з двух бакоў. Тыя, для каго Беларусь усяго толькі правінцыя, хто ня можа ўявіць яе існаваньня без Расеі, аўтара гэтых радкоў, абвінавацяць, напэўна, у русафобіі ды паклёпе на расейскі народ. З гледзішча іншых, мабыць, аўтар занадта часта піша пра Расею і расейскіх палітыкаў, часам злаўжывае цытатамі з сучасных расейскіх аўтараў і расейскіх клясыкаў. Але ж рабіць выгляд, быццам мы жывем у нейкім, цалкам адасобленым ад Расеі і расейскай палітыкі, цудоўным беларускім сьвеце — значыць, замыкаць сябе ў тым самым культурным гета, зь якога мы, нібыта, імкнемся вырвацца. Гэта нагадвае мне рэакцыю дзіцяці, які стаіць пасярод шашы і, заўважыўшы фары «ціру», што набліжаецца з шалёнай хуткасьцю, заплюшчвае вочы, каб нічога ня бачыць.

Прызнаюся, што гэты артыкул напісаны пад уражаньнем эсэ, прачытанага на расейскім сайце grani.ру. Маю на ўвазе эсэ «Малітва пра Бандэру» айца Якава Кротава. Адразу зазначу, што не лічу меркаваньне яго аўтара адзіна слушным, бо такіх меркаваньняў увогуле не бывае. У сваіх публіцыстычных тэкстах айцец Якаў бывае досыць супярэчлівым і непасьлядоўным. Напрыклад, у сваёй рэцэнзіі на «Катынь» Анджэя Вайды ён выказаў думку, што фільм польскага творцы «належыць не да традыцыі гуманізму, але да традыцыі дзяржаўніцкай, нацыянальнай, патрыятычнай», што рэжысэр, нібыта, пазьбягае пытаньня пра Бога і чалавека, пра дапушчальнасьць зла і гвалту. Для тых, хто мог пабачыць гэты фільм, ацэнка гэтая выглядае, мякка кажучы, спрэчнай. Дарэчы, і сваім новым эсэ айцец Якаў ужо не проціпастаўляе панятак веры і панятак патрыятызму.

Вялікія ўкраінцы

Падставай для напісаньня эсэ сталася паведамленьне ў расейскіх СМІ пра тое, што архіяпіскап Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Ігар адслужыў паніхіду па «бандэраўцах» і іншых байцах Украінскай паўстанцкай арміі.

Паведамленьне, вытрыманае ў найлепшых традыцыях крамлёўскай прапаганды, павінна выклікаць нянавісьць да ўкраінскіх нацыяналістаў. Факт, што архіепсікап Ігар адслужыў у той самы дзень малебен і па байцах Савецкай арміі, Арміі Краёвай і ўсіх ахвярах другой сусьветнай вайны, абыйдзены ўвагай. Як і тое, што разам з архіепіскапам маліўся сьвятар каталіцкай царквы.

Дарэчы, нядаўна ва Ўкраіне адбыўся конкурс «Вялікія ўкраінцы», вынікі якога на адным з украінскіх тэлеканалаў прадстаўляў небезьвядомы Савік Шустэр. Па выніках конкурсу першае месца ў сьпісе заняў Яраслаў Мудры, другое — акадэмік Амосаў і трэцяе — Бандэра. Некаторыя мэдыі абвінавацілі арганізатараў у падтасоўцы. Паводле некаторых падлікаў, Бандэра заняў, насамрэч, першае месца, а трэцяе — Тарас Шаўчэнка. Арганізатары, нібыта, збаяліся рэакцыі Расеі, дзе ўжо рыхтаваліся назваць конкурс «правакацыяй украінскіх нацыяналістаў». Так гэта ці не, але ж вядома, што правакацыйныя заклікі мэра Масквы вярнуць Севастопаль Расеі былі са спачуваньнем успрынятыя расейскім МЗС, а рашэньне ўкраінскіх уладаў абвясьціць Лужкова пэрсонай нон грата, наадварот — як варожы выпад.

Айцец Якаў Кротаў у сваім эсэ знайшоў, як мне падалося, удалую ляканічную формулу, якая раскрывае сутнасьць справы: «Тыя расейцы, якія крыўдуюць на жаданьне ўкраінацў жыць асобнай дзяржавай, пагодзяцца на ўваходжаньне Расеі ў склад Украіны? Пры захаваньні мовы і культуры, але са сталіцай у Кіеве?» Калі не — адказвае на рытарычнае пытаньне аўтар — значыць «крыўда выклікана не імкненьнем жыць разам, безь мяжы і мытні, а імкненьне ўладарыць і распараджацца».

Якаў Кротаў задаецца далей іншым пытаньнем: «Тыя расейцы, якія асуджаюць украінцаў, што пайшлі на кампраміс з нацызмам дзеля дасягненьня ў будучым незалежнасьці Ўкраіны, асуджаюць камуністычных правадыроў за кампраміс з нацызмам у 1939 годзе, за дамову зь Гітлерам, пасьля якой сьвет атрымаў другую усясьветную вайну, а СССР атрымаў усходнія землі тагачаснай Польшчы, Літву, Латвію, Эстонію?»

…Шчэпкі ляцяць

Адказ на гэтае пытаньне відавочны. «Калі забіў «бандэравец» — гэта страшны грэх, калі забіў «чэкіст» — гэта «шчэпкі ляцяць», піша Якаў Кротаў. Ён нагадвае, што за забойства Бандэры ў пасьляваенны час супрацоўніка КГБ публічна ўзнагародзілі ордэнам. Нагадвае і пра тое, што сярод замагароў за незалежнасьць Украіны былі прыхільнікі часовага саюзу зь гітлерцамі, але Бандэра быў супраць, праз што разышоўся зь іншымі кіраўнікамі незалежніцкага руху. Больш за тое, празь некалькі дзён пасьля таго, як 30 чэрвеня 1941 году у Львове было абвешчана стварэньне Ўкраінскай дзяржавы, Бандэра быў арыштаваны на загад Гітлера. Ягоныя браты загінулі ў нямецкім канцлягеры, сёстры — сасланыя ў Сыбер, а многія паплечнікі — закатаваныя гестапа і НКВД.

Акрамя таго, што бандэраўцы змагаліся на два фронты — зь гітлерскімі захопнікамі і савецкім войскам, яны, адрозна ад іншых украінскіх узброеных фармаваньняў, не чынілі пагромаў. У дакумэнтах УПА адразу было запісана: «яўрэяў ня б’ем». Яўрэі былі ў яе шэрагах. Так што абвінавачаньні бандэраўцаў у антысэмітызьме, мякка кажучы, перабольшаныя савецкай прапагандай. Крута замяшанай, дарэчы на антысэмітызьме.

Яшчэ большая мана — заявы пра тое, што бандэраўцы не карысталіся падтрымкай у народзе. Каб пазбавіць паўстанцаў падтрымкі, НКВД давялося расстраляць у Заходняй Украіне 130 тысяч чалавек і 300 тысяч дэпартаваць у Сібір.

Аб тым, як змагаліся байцы НКВД з бандэраўцамі, сьведчыць, эпізод, які здарыўся ў кастрычніку 1944 году. У вёсцы Крывенька на Тэрнопальшчыне сяляне забілі трох чэкістаў з пятнаццаці, калі тыя прыехалі высяляць сем’і паўстанцаў. Наступным днём прыехалі ўжо 60 чэкістаў. Далей Якаў Кротаў цытуе архіўны дакумент: «Банды ў сяле ня выявілі. Будучы ў нецьвярозым стане, маёр Палянскі, мал. лейтэнант Малдаванаў расстралялі ні ў чым не вінаватых грамадзянаў ва ўзросьце ад 60 да 80 гадоў у колькасьці 10 чал. і спалілі 45 дамоў». У 1946 годзе, як вынікае са справаздачы міністраў унутраных спараваў і дзяржбясьпекі, былі забітыя 110 тысяч «бандытаў». Ніхто за тыя «подзьвігі» асуджаны ніколі ня быў. Наадварот, шмат хто з герояў НКВД атрымаў узнагароды.

Катынь ад слова «кат»

Гісторыя другой сусьветнай вайны, выглядае, пакуль яшчэ не напісаная. Нельга яе вывучыць, а тым больш — зразумець на падставе савецкай гісторыяграфіі. Напрыклад, на падставе афіцыйнай гісторыі партызанскага руху ў Беларусі альбо ва Ўкраіне. Праўдзівая гісторыя вайны ня можа быць напісаная, пакуль усе факты, у тым ліку і тыя, што тычацца беларускай калябарацыі, дзеяньняў НКВД, Сьмершу, Арміі Краёвай, падпольля, карных акцыяў супраць мірнага насельніцтва як з боку нямецкіх войскаў і паліцэйскіх падразьдзяленьняў, гэтак і партызанскіх атрадаў, ня стануць прадметам абмеркаваньня, грамадзкай дыскусіі. Шчырай, адкрытай, пазбаўленай ідэалягічных шораў, перадузятасьці й жаданьня помсты. А галоўнае — ачышчанай ад палітыкі, ад расейскай інтэрпрэтацыі гісторыі, якая дагэтуль дамінуе ў школьных падручніках у Беларусі. І гэта тычыцца ня толькі гісторыі.

Вось апошняе, зусім нядаўняе паведамленьне. Яно таксама прыйшло з Расеі. Тамтэйшая пракуратура адмовіліся прадаставіць Хамоўніцкаму суду ў Маскве матэрыялы справы па Катыні. Крэўныя польскіх афіцэраў, расстраляных у Катынскім лесе, патрабуюць кампэнсацыі ў 22 мільярда даляраў — прыблізна 1 мільёне даляраў за кожнага забітага. Як нагадвае ў гэтай сувязі «Независимая газета», у верасьні 1939 году савецкімі войсками на тэрыторыі Польшчы былі захоплены 240 тысяч палонных. «У красавіку‑траўні 1940 году амаль 22 тысячы палякаў, б е л а р у с а ў (вылучана мной — В.Т.), украінцаў і яўрэяў — польскіх грамадзянаў, якіх утрымлівалі ў розных лягерах і турмах, былі расстраляныя. Катынь, адно зь месцаў масавых расстрэлаў, стала імем назоўным для абазначэньня ўсіх загіблых». Журналісты расейскай газеты, трэба аддаць ім належнае, не баяцца называць гэтыя факты.

Беларускае грамадзтва ў цэлым дагэтуль баіцца прызнаць нацыянальнай трагедыяй ня толькі Катынь, але й Курапаты, хоць з моманту выхаду артыкула Зянона Пазьняка. Яно, як той хлопчык, стаіць на шашы, заплюшчыўшы вочы і не жадаючы бачыць агромністы грузавік, што імкліва набліжаецца зь мінулага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?